Вы тут

Пенсіянерку, якую хацелі адправіць у інтэрнат, прызналі дзеяздольнай


Амаль паўгода таму «Звязда» пісала пра гісторыю 93-гадовай Клаўдзіі Бараўковай (нумар за 15 красавіка 2016-га). Адзінокую пенсіянерку хацелі прызнаць недзеяздольнай і перасяліць з мінскай аднапакаёўкі ў псіханеўралагічны інтэрнат. Органы апекі запэўнівалі: жанчына не можа самастойна клапаціцца пра сябе і не ўсведамляе сваіх дзеянняў. Галоўным аргументам на карысць гэтага чамусьці быў непарадак у кватэры, які сама Клаўдзія Нікандраўна тлумачыла вельмі проста: ёй так зручна. Суд Савецкага раёна сталіцы тады прызначыў незалежную амбулаторна-камісійную судова-псіхіятрычную экспертызу, якая павінна была паставіць кропку ў гэтай спрэчнай сітуацыі. Нарэшце стала вядома, чым скончылася тая справа.


Суд правёў уласную экспертызу. На працягу некалькіх гадзін пенсіянерку апытвалі спецыялісты і далі сваё заключэнне. Незалежныя эксперты пацвердзілі, што ў Клаўдзіі Нікандраўна назіраецца сасудзістая дэменцыя (пагаршэнне інтэлектуальных здольнасцяў чалавека, выкліканае праблемамі з кровазваротам у галаўным мозгу). Але парушэнні мінімальныя і гэты дыягназ не з'яўляецца паказаннем для таго, каб прызнаць жанчыну недзеяздольнай. Па сваім псіхічным стане на гэты момант ветэран можа разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Сама Клаўдзія Нікандраўна рада, што гэта гісторыя нарэшце скончылася. Але прызнаецца: крыўда засталася. Калі прыходзім праведаць пенсіянерку, яна чарговы раз праводзіць нам экскурсію па сваёй кватэры, каб запэўніць, што ніякага смецця і непрыемнага паху ў жыллі няма.

— А гарнітуры я раскладаць ужо не буду, — старая акідвае позіркам каробкі. — Прыстасавалася. Мне камфортна.

На пытанне пра здароўе Клаўдзія Нікандраўна адказвае шчыра: залежыць ад надвор'я.

— Кожны дзень па-рознаму. Сёння лягчэй, нават падмесці змагла. Але час жа ідзе, не маладзею.

Два разы на тыдзень (у аўторак і пятніцу) да жанчыны прыходзіць сацыяльная работніца. Дапамагае выносіць смецце, аплачвае жыроўку. «У мяне да яе прэтэнзій няма, — кажа Клаўдзія Нікандраўна. — Калі прашу што-небудзь яшчэ, яна робіць. Нядаўна купляла мне, напрыклад, адзенне і пральны парашок. У нас з ёй добрыя адносіны».

Па-ранейшаму пенсіянерку наведваюць былы сусед Аляксей з жонкай і сястра Таццяна са Свята-Елісавецінскага манастыра.

— Я сясцёр міласэрнасці называю сучаснымі цімураўцамі, — усміхаецца ветэран. — Яны віншуюць мяне з рэлігійнымі святамі. Нават з гасцінцамі прыходзяць.

І хоць родных у Клаўдзіі Нікандраўны не засталося, яна ўпэўнена, што з асяроддзем ёй пашанцавала: «Навошта мне ісці ў інтэрнат, калі ў мяне ёсць любімыя людзі?»

Чаму 34-я паліклініка, якая выконвае функцыі органа апекі, так настойліва патрабавала перасялення старой у псіханеўралагічны інтэрнат, адказаць складана. Магчыма, хтосьці меў планы на кватэру жанчыны (яе гаспадыня толькі нядаўна прыватызавала і ўжо завяшчала маладому хлопцу Аляксею, які некалькі гадоў даглядае бабулю). Але хутчэй за ўсё прычынай стала простая фармальнасць. У Клаўдзіі Нікандраўны складаны характар, і трэба праявіць цярпенне і разуменне, каб паладзіць з ёй. Куды прасцей аформіць пенсіянерку ў спецыяльную ўстанову, чым самім несці адказнасць за жыццё старога чалавека і магчымыя нязручнасці, якая яна можа даставіць іншым жыхарам дома.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У родных сценах з любімымі людзьмі

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.