Вы тут

Ігар Катляроў: «Трэба, каб запомнілі тваё прозвішча»


Выбары — гэта «лакмусавая паперка» палітычнай актыўнасці насельніцтва. Але зацікаўленасць электарату залежыць і ад ініцыятыўнасці кандыдатаў у дэпутаты. Пра тое, чаго чакаюць беларусы ад будучых парламентарыяў і як сёння працуюць цэнтры па сацыялагічных даследаваннях, мы пагаварылі з дырэктарам Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Ігарам КАТЛЯРОВЫМ.


Перавагі і недахопы

— Якія даследаванні праводзіліся Інстытутам сацыялогіі НАН па палітычнай актыўнасці?

— Да пачатку рэгістрацыі кандыдатаў мы падвялі вынікі даследавання, згодна з якімі крыху менш за 2/3 насельніцтва ведаюць нешта пра выбары і гатовыя прымаць у іх удзел. Траціна насельніцтва практычна нічога не ведае, і гэта стварае пэўныя цяжкасці. Але ў той час, у ліпені, яшчэ не было вялікай палітычнай актыўнасці кандыдатаў, паколькі агітацыйны этап яшчэ не пачаўся. Выбары сёлета дастаткова цікавыя тым, што зарэгістравана шмат кандыдатаў у дэпутаты ў кожнай выбарчай акрузе. І ў той жа час ёсць праблемы, якія трэба вырашаць.

— У гэтым годзе 63,6% зарэгістраваных кандыдатаў вылучаліся ад палітычных партый. Ці добры гэта паказчык?

— Гэта самы просты спосаб вылучэння. З'езд вылучае людзей, якія хочуць, а можа быць, не хочуць быць кандыдатамі ў дэпутаты. Зараз ужо адмовіліся нават некаторыя кандыдаты, якія былі зарэгістраваныя. Тое, што сёння 2/3 кандыдатаў у дэпутаты вылучаны ад палітычных партый, з аднаго боку, добра, таму што партыя — гэта вельмі важны суб'ект палітычных дзеянняў. Яны павінны развівацца і вырашаць многія праблемы. Але ў той жа час аналіз нашых даследаванняў паказвае, што за час перадвыбарнай кампаніі рэйтынг палітычных партый практычна не вырас. Мы задавалі пытанне: калі будуць выбары ў найбліжэйшы час па прапарцыянальнай выбарчай сістэме, гэта значыць па партыйных спісах, за якую з палітычных партый вы будзеце галасаваць? І ў выніку вызначылі, што партыя, якая зойме першае месца, атрымае толькі 2,2% галасоў. Тут варта адзначыць, што партыі практычна не працавалі ў ліпені. Хоць гэта рэальна. Выбарчая агітацыя забароненая, але ў той жа час можа працаваць група падтрымкі, якая будзе прасоўваць ідэі палітычнай партыі. Я 13 гадоў быў дэпутатам парламента. Тройчы вылучаўся. І мая група ў Пухавіцкім раёне актыўна працавала ўсе два месяцы.

Такая сітуацыя — гэта вялікая праблема нашай выбарчай сістэмы: як правіла, тыя людзі, якія не з'яўляюцца актыўнымі палітычнымі суб'ектамі, вылучыліся ў кандыдаты ў дэпутаты ад палітычных партый. Яны не маюць ні досведу, ні нават жадання. У любым выпадку яны будуць працаваць, прасоўваць свае ідэі, павышаць рэйтынг партый. Але пасля апошніх прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах рэйтынг практычна не павысіўся. Гэта сведчыць аб тым, што, на жаль, нашы партыі не змаглі эфектыўна выкарыстаць такую магчымасць.

— Даволі часта на выбарах перамагаюць беспартыйныя кандыдаты. З чым звязана гэтая тэндэнцыя?

— З аднаго боку, гэта перавага мажарытарнай выбарчай сістэмы і яе ж буйны недахоп. Людзі галасуюць у сваёй тэрытарыяльнай акрузе за канкрэтнага чалавека, а ён павінен будзе адказаць за тое, што ён абяцаў. Я ўжо 8 гадоў не дэпутат, але ўсё роўна да мяне звяртаюцца, каб вырашыць тыя ці іншыя праблемы. І гэта галоўная перавага мажарытарнай выбарчай сістэмы: ты галасуеш за канкрэтнага чалавека. У той жа час гэта самы галоўны недахоп, таму што, як правіла, гэтыя людзі вядомыя. Напрыклад, настаўнікі, дырэктары школ, урачы, паштальёны. Яны не з'яўляюцца прафесійнымі палітыкамі і стануць імі не надта хутка. Пажадана, каб людзі былі гатовыя да выбарчай барацьбы, працы ў парламенце.

Ёсць яшчэ адзін момант: Саветы мясцовых узроўняў, дзе вучаць гэтай працы. Крыху менш за палову кандыдатаў сёння з'яўляюцца дэпутатамі мясцовых Саветаў розных узроўняў. Мы праводзілі вялікія даследаванні па заданнях Савета Рэспублікі і звярнулі ўвагу, што пасля таго, як Міхаіл Мясніковіч стаў старшынёй верхняй палаты і пачаў плённа працаваць, рэйтынг дэпутатаў мясцовых Саветаў вырас. Цікава потым будзе паглядзець, ці былі дэпутатамі мясцовых Саветаў тыя людзі, якія перамогуць у сённяшніх парламенцкіх выбарах. Хацелася б, каб усе кандыдаты мелі вопыт працы на гэтым узроўні.

Дастукацца да выбаршчыка

— Як уяўляюць выбаршчыкі ідэальнага кандыдата ў дэпутаты?

— Мы не праводзілі такога даследавання, таму што пры мажарытарнай выбарчай сістэме вынікі не апраўдваюцца. Калі ў акрузе ёсць цікавы нават не палітык, а гаспадарчы дзеяч, дырэктар ці старшыня калгаса, то людзі не асабліва будуць звяртаць увагу, напрыклад, пенсіянер ён ці малады. Але звычайна людзям важна, каб ён меў вышэйшую адукацыю. Адразу ўзнікаюць пытанні, чаму чалавек, які не вучыўся ў ВНУ, ідзе ў парламент, хоць у маю бытнасць былі і такія дэпутаты.

— Які спосаб палітычнай барацьбы вы параіце выкарыстоўваць дэпутатам, каб яны зацікавілі больш выбаршчыкаў?

— Самы эфектыўны метад — гэта «метад жабракоў»: ад кватэры да кватэры. Ён дае вельмі добрыя вынікі. Я заўсёды кажу: калі табе адчынілі дзверы і ты расказаў сваю праграму — гэта 50%, што за цябе прагаласуюць. Калі цябе пачаставалі кавай — гэта ўжо 70%. Калі каньяком — 99%. У раёнах так працаваць прасцей. У Мінску гэта вельмі складана, напрыклад, да мяне ніхто ніколі не дастукаўся. Табе не адчыняць дзверы яшчэ ўнізе, таму што там стаіць дамафон. Але неабходна тады ўкідваць лістоўкі ў паштовыя скрыні. У іх трэба пазначыць прозвішча, некаторыя звесткі і дадаць фотаздымак. Абавязкова — слоган. У мяне быў слоган, які і цяпер памятаюць: «Калі хочаш быць здаровым — галасуй за Катлярова». Калі ты першы раз у жыцці прыязджаеш кудысьці да выбаршчыкаў, трэба, каб хаця б запомнілі тваё прозвішча. Гэтыя маленькія ўлёткі прымушаюць чалавека звярнуць увагу на канкрэтнага кандыдата ў дэпутаты. Яшчэ адзін момант — гэта сустрэчы з выбаршчыкамі. Пажадана ў двары ля пад'езда. Як правіла, на сустрэчы ў нейкім пэўным месцы людзі не ідуць. А калі ты пачынаеш побач з імі гаварыць аб праблемах, якія хвалююць, на цябе звяртаюць увагу.

Сёння многія выкарыстоўваюць пікеты. Але гэта абсалютна нулявы варыянт, асабліва ў Мінску, дзе, можа, 3–4% тваіх выбаршчыкаў пройдуць побач і звернуць увагу. За выключэннем дробнай інфармацыі для электарата, гэта нічога не дае. Таму пікеты, думаю, неэфектыўныя, як і інтэрнэт. Першы момант: сёння ўзровень даверу да сусветнага сеціва ніжэйшы, чым да іншых сродках масавай інфармацыі, да таго ж, як правіла, тыя, хто карыстаецца інтэрнэтам, шукаюць сайты, якія не тычацца палітыкі. Зноў жа ў нас амаль 500 кандыдатаў у дэпутаты. Каб інтэрнэт-карыстальнік выйшаў на канкрэтнага дэпутата, трэба, каб ён ведаў яго прозвішча. Значыць, гэты чалавек ужо вызначыўся.

Лічу, што народ будзе выбіраць тых людзей, чыя праграма адпавядае іх асабістым патрабаванням. Яна павінна быць канкрэтнай, накіраванай на рашэнне праблем і дзяржавы ў цэлым, і выбарчай акругі.

Слова народа

— Не так даўно адбылося рэзананснае расследаванне журналістаў наконт існавання НІСЭПД. Што вы аб гэтым думаеце?

— У нас ёсць Камісія па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук. Яна акрэдытоўвае тыя сацыялагічныя структуры, якія займаюцца вывучэннем выбараў, рэферэндуму і сацыяльна-палітычнай сітуацыі. У гэтую камісію ўваходзяць самыя вядомыя сацыёлагі ў краіне, а я з'яўляюся старшынёй. Мы некалькі разоў афіцыйна папярэдзілі НІСЭПД, што яны павінны правесці акрэдытацыю свайго інстытута. Прычым, паколькі ён знаходзіцца, як сцвярджаецца, у Літве, мы накіравалі гэтыя дакументы ў Вільнюс. Некалькі разоў яны вярталіся, таму што па гэтым адрасе такі інстытут не існуе, а некалькі разоў засталіся без адказу. Потым мы ўжо перасталі гэта рабіць, таму што ніякай сувязі не было. Акрамя гэтага, заўсёды, калі праводзяцца даследаванні, наша сацыялагічная служба сустракаецца з сеткамі іншых сацыялагічных структур, якія працуюць у гэтым рэгіёне. У дадзеным выпадку ніколі ў жыцці мы з імі не бачыліся. Члены камісіі і мы, супрацоўнікі Інстытута сацыялогіі, прыйшлі да высновы, што гэты інстытут — фантом. Ён выконвае пэўныя палітычныя заказы. Верыць гэтым даследаванням практычна немагчыма.

— НІСЭПД выкладваюць усе вынікі даследаванняў на свой сайт. А даследаванні зарэгістраваных сацыялагічных службаў часам даволі складана знайсці. У чым справа?

— У нашага Інстытута сацыялогіі ёсць свой сайт, мы на яго выкладваем звесткі. Робім гэта з пэўным спазненнем, таму што вынікі даследаванняў — інтэлектуальная ўласнасць нашага інстытута. Раз на год мы выпускаем сацыялагічны альманах. Мы робім яго галоўным навуковым зборнікам. Плюс, як правіла, мы публікуем свае звесткі, за выключэннем тых, якія нам не належаць, ва ўсіх часопісах. Напрыклад, цяпер мы правялі вялікае даследаванне аб фінансавай культуры. Гэтыя вынікі належаць Нацыянальнаму банку. Мы ўжо не маем права іх публікаваць.

У пазамінулым годзе мы правялі велізарнае даследаванне. Першае на постсавецкай прасторы, а можа, нават адзінае ў свеце. Яно называецца «Беларусь-2030». Мы адразу выдалі манаграфію. У ёй усё, што тычыцца гэтага вялікага даследавання. Мы паставілі задачу вывучыць, якой будзе Беларусь праз 15—20 гадоў. Прычым сацыялогія не займаецца прагнозамі. Гэта першая методыка такога кшталту.

Нядаўна мы скончылі даследаванне пра цывілізацыйны код беларускага грамадства. Яно зноў жа адзінае ў свеце. Ёсць тэарэтычныя, філасофскія даследаванні на гэты конт. А гэта будзе першае даследаванне, калі пры дапамозе сацыялагічных даных мы пастараемся вызначыць цывілізацыйны код беларускага грамадства. Пэўныя звесткі мы выкладзем на сайт Інстытута. А потым да канца гэтага года будзе выдадзена кніга.

Вялікая праблема ў тым, што ўсё залежыць ад таго, каму належаць гэтыя сацыялагічныя даныя. Плюс да гэтага, пакуль іх не апублікуюць дзесьці ў артыкуле, мы на сайт не выкладваем, таму што гэта інтэлектуальная ўласнаць. НІСЭПД усё публікуюць, прычым зусім не зразумела, адкуль яны іх бяруць.

— Сучасныя тэхналогіі дазваляюць рабіць даследаванні анлайн, праз інтэрнэт?

— Рэпрэзентатыўныя даследаванні зрабіць такім чынам практычна немагчыма. У інтэрнэце знаходзіцца толькі пэўны сегмент беларускага грамадства. Але мы паставілі задачу распрацаваць такую методыку. Прынамсі, такая праца ў Інстытуце вядзецца. Мы ўжо некалькі разоў паспрабавалі — нас гэта не задаволіла. У прынцыпе, з інтэрнэтам можна працаваць, асабліва па нейкіх вузкіх пытаннях. Але пакуль дакладную інфармацыю атрымаць практычна немагчыма.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.