Вы тут

«Скарынаўскія чытанні» праходзяць у сталіцы


Каб абмеркаваць актуальныя пытанні кнігавыдання, кнігагандлю, падзяліцца вынікамі даследаванняў у галіне вывучэння кніжнай культуры і літаратуры, у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універстэце сабраліся вядучыя спецыялісты галіны з Беларусі і Украіны. Адметна, што ўдзел у форуме поруч з вядомымі навукоўцамі бяруць таксама вучні, настаўнікі, таму можам быць упэўненымі, што айчынная кніжная справа ў будучыні не застанецца ў забыцці.


БДТУ невыпадкова стаў установай, якая вось ужо другі год запар ладзіць «Скарынаўскія чытанні». Гэты ўніверсітэт — адзін з вядучых цэнтраў падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне рэдакцыйна-выдавецкіх і паліграфічных тэхналогій у СНД. Яго паважаюць, на навуковыя здабыткі яго супрацоўнікаў арыентуюцца спецыялісты з многіх краін.

Падчас пленарнага пасяджэння рэктар БДТУ Ігар ВОЙТАЎ зазначыў:

— Гісторыя кнігадрукавання арганічна ўключана ў агульны культурна-гістарычны працэс. Кожная эпоха знаходзіць дакладнае адлюстраванне ў мастацтве стварэння кнігі, але і кніга ў пэўныя часы адыгрывала вядучую ролю ў фарміраванні новага стылю ў мастацтве. Развіццё кнігавыдання, клопат пра яго стан мае не толькі маральны сэнс, але і вялікае практычнае значэнне. Спадзяюся, што форум «Скарынаўскія чытанні», які ўжо становіцца штогадовым, зробіць свой важкі ўнёсак у пошук адказаў на пытанні пра шляхі развіцця сучаснай кнігі як феномена культуры, мастацтва і тэхналогіі.

Пра важнасць правядзення «Скарынаўскіх чытанняў» у сваім выступленні гаварыў і першы намеснік міністра інфармацыі Ігар ЛУЦКІ:

— Кнігавыданне — адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай дзяржавы ў галіне культуры. Леташнія «Скарынаўскія чытанні» сталі прыкметнай з'явай у навуковым і культурным жыцці не толькі нашай сталіцы, але і далёка за яе межамі. Значнасць падобных мерапрыемстваў вызначаецца многімі фактарамі. Кніга — сапраўдны феномен у жыцці грамадства і кожнага чалавека. І вельмі важна, што падчас форуму закранаюцца розныя аспекты галіны, мы абмяркоўваем не толькі пытанні, звязаныя з мовай твораў, аўтарскім стылем, афармленнем, тыражамі, але і маркетынг, сістэму распаўсюджвання, сучасныя тэхналогіі і вытворчую базу кнігавыдання.

І сапраўды, падчас форуму яго ўдзельнікамі закранаюцца самыя разнастайныя пытанні, звязаныя з кнігай. Гэта і рукапісныя аўтарскія кнігі, і дзіцячая літаратура, і творчасць класікаў, і вузкатэхнічныя адметнасці паліграфічнай вытворчасці. Натуральна, не засталася без увагі і постаць нашага першадрукара. Аўтары дакладаў пра яго звярнулі ўвагу на вечныя каштоўнасці, якія паўстаюць у сувязі са згадкай пра Скарыну, а таксама паспрабавалі разгледзець яго асобу як пэўнага кшталту міф. Разважаюць удзельнікі форуму і пра адметнасці фарміравання культуры чытання, пра хатнія бібліятэкі і дзіцячую літаратуру як першую прыступку ў вялікі свет кнігі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пад зоркай першадрукара

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.