Вы тут

Фатограф Юлія Кухарэнка: мяне натхняюць мае мадэлі


Некалькі гадоў таму Юлія Кухарэнка купіла прафесійны фотаапарат. Пасля былі заняткі на курсах і пошук «свайго» напрамку ў фатаграфіі. Зараз яна з усмешкай успамінае, як яе першымі мадэлямі былі кошкі, бо ні ў яе, ні ў знаёмых дзяцей тады яшчэ не было. Сёння Юлія здымае нованароджаных — тых, каму толькі-толькі споўніўся тыдзень. Сама мама, яна адчувае, наколькі важна захаваць на памяць самыя першыя моманты жыцця малыша.


Юлія Ку­ха­рэн­ка з сям'­ёй.

— З нараджэннем старэйшага сына Міхаіла ў мяне, як і ў многіх маладых матуль, з'явілася свая «мадэль». Я пачала шукаць сябе ў прафесійнай фатаграфіі: спрабавала розныя жанры — сямейныя, дзіцячыя, рэпартажныя здымкі, але не магла вызначыць, што на самай справе для мяне цікавей. Паўтара года таму мне пашчасціла пабываць на майстар-класе ўкраінскага фатографа дзяцей і нованароджаных Наталлі Гарбачэнкі, і я проста ўлюбілася ў гэты від фотаздымкі.

— Што самае складанае ў такіх здымках?

— Я заўсёды вельмі хвалююся, калі знаёмлюся з маленькімі мадэлямі. Гэта самы трапяткі момант для мяне.

Складаней за ўсё, напэўна, супакоіць бацькоў малога і настроіць іх на пазітыўны лад. Вельмі праўдзівае выказванне «спакойная мама — спакойнае дзіця». Здымкі заўсёды праходзяць лёгка, калі мы ўсе настроены на поспех. Таму я раю будучым бацькам яшчэ на этапе цяжарнасці, раз ужо яны адважыліся захаваць гэтыя дзівосныя імгненні першых дзён жыцця іх немаўляці, выбраць «свайго» фатографа і абмеркаваць з ім усе дэталі здымкі.

5-14 дзён — най­леп­шы ўзрост для пра­вя­дзен­ня фо­та­се­сіі.

— Які ўзрост найбольш падыходзіць для такой фотасесіі?

— 5—14 дзён — найлепшы ўзрост для правядзення фотасесій з самымі маленькімі мадэлямі. Пасля трох тыдняў дзетак, бывае, непакоіць жывоцік, яны часцей плачуць або могуць адчуваць дыскамфорт, а гэта заўсёды перашкода здымкам, якія могуць доўжыцца ад трох да пяці гадзін. Акрамя гэтага, у першыя дні жыцця малыя добра спяць і іх можна пакласці ў любых дэкарацыях у тую позу, якая патрэбна. Зразумела, што дзіця павінна быць сытым і здаровым.

Часам бацькі самі просяць зрабіць некалькі фотаздымкаў з расплюшчанымі вочкамі. А бывае і так, што малы доўга адмаўляецца спаць. Я не лічу такія фота дрэннымі або няправільнымі, асабліва, калі гляджу на тое, што ў выніку атрымалася.

Абавязкова мы робім здымкі з бацькамі, старэйшымі брацікамі і сястрычкамі, а часам і з бабулямі і дзядулямі. Гэта вельмі кранальныя фота, якія будуць у далейшым цікавыя малому: якімі ж шчаслівымі былі яго блізкія, калі ён з'явіўся на свет!

Здым­кі з баць­ка­мі заў­сё­ды вель­мі кра­наль­ныя.

— Што выкарыстоўваеце ў якасці дэкарацый у кадры?

— Падрыхтоўка да здымкаў вядзецца загадзя. Разам з бацькамі мы цалкам плануем увесь працэс і абмяркоўваем дэталі. Я цікаўлюся, якія колеры ім падабаюцца, прашу паказаць любімыя карцінкі з фотаздымкамі дзяцей (не абавязкова мае), каб лепш разумець, які вынік яны хочуць убачыць. Часам нешта трохі мяняецца падчас працы, дадаюцца новыя дэталі. Я стараюся не паўтараць свае вобразы, але часам бацькам хочацца, каб было менавіта так, «як на малюнку».

Універсальных колеравых спалучэнняў няма. Я стараюся максімальна ўлічваць пажаданні бацькоў. Хтосьці любіць спакойныя пастэльныя тоны, хтосьці — яркія і насычаныя, светлыя або цёмныя. У любым колеры можна стварыць свой унікальны і прыгожы вобраз.

Зараз у мяне ўжо вялікі выбар рэквізіту. Гэта і калекцыя тканін, якімі можна аформіць кадр, розныя павязкі і шапачкі, маленькія вязаныя цацкі, прыгожыя коўдры і пледы, кошыкі і скрыначкі. Гардэроб з вязаных рэчаў пастаянна абнаўляецца дзякуючы таленавітаму майстру Ганне Трафімавай.

— Ці былі ў вас якія-небудзь здымкі, якія вельмі запомніліся?

— Гэтым летам я ажыццявіла свае два даўнія жаданні. Я здымала дзве пары двайнятак. Гэта было цудоўна! Таксама я здзейсніла яшчэ адну сваю мару — здымкі немаўля на прыродзе.

— Ведаю, што Беларускі саюз жанчын выпусціў каляндар з вашымі фота...

— У мяне з'явілася ідэя стварыць каляндар з фотаздымкамі нованароджаных, якую падтрымаў Беларускі саюз жанчын, за што я вельмі ім удзячная. Сумесна з аўтаркай тэкстаў для гэтага календара Надзеяй Падрэз мы прыдумлялі вобразы, якія б атаясамляліся з месяцамі года. Цудоўна, што каляндар выйшаў на беларускай мове. У будучыні я спадзяюся на новыя цікавыя праекты.

— Што вас як чалавека творчага натхняе?

— У першую чаргу мае мадэлі. Для кожнага дзіцяці хочацца падабраць унікальны вобраз, які падыходзіў бы менавіта яму. Ідэі для новых фотасесій заўсёды зборныя. Іх можна знайсці ў прыродных фарбах, жывапісе, музыцы, падарожжах па розных гарадах і краінах.

Ганна БАГІНО

Загаловак у газеце: «Мяне натхняюць мае мадэлі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».