Падставай для таго, каб даслаць гэтае фота на конкурс, стала знаёмства з Леанідам Валахановічам. Мой новы знаёмец, архітэктар па прафесіі, пры першай жа размове выказаў шкадаванне, што ў раённай кнізе «Памяць. Дзяржынскі раён» (а гэта зямля яго продкаў) ні слова не сказана пра сямейную дынастыю, якой ён па праве ганарыцца.
Дзед Леаніда Валахановіча, Іван Вікенцьевіч, разам з жонкай выхавалі і выправілі ў самастойнае жыццё пяцёра сыноў і дачку. Ураджэнец вёскі Рудня былой Койданаўскай воласці, ён да Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў стрэлачнікам на чыгуначнай станцыі Негарэлае. Пасля смерці жонкі пераехаў у Маскву да сына Яўгена і пачаў працаваць на заводзе «Красный богатырь». Як сведчыць архіўная даведка ад 12 жніўня 1943 года, Івану Вікенцьевічу з улікам яго 70-гадовага ўзросту, а таксама той акалічнасці, што «пяцёра сыноў, якія маглі б матэрыяльна дапамагаць бацьку, знаходзяцца ў Чырвонай арміі», была прызначана льготная пенсія.
У хуткім часе пасля вызвалення Іван Вікенцьевіч вярнуўся на радзіму, да канца свайго жыцця жыў у Мінску, у дачкі Аляксандры. У дзевяцігадовым узросце яе ўзялі на выхаванне блізкія ленінградскія сваякі. У горадзе на Няве дзяўчына скончыла сярэднюю школу, паступіла ва ўніверсітэт на хімічны факультэт. Падчас блакады яна працавала санітаркай у бальніцы, а ў чэрвені 1942 года была эвакуявана ў горад Мелекес Ульянаўскай вобласці. У пасляваенныя гады вучылася ў Маскоўскім інстытуце тонкай хімічнай тэхналогіі, пасля заканчэння якога была накіравана ў Мінск. Працавала на пеніцылінавым заводзе, дзе да выхаду на пенсію была загадчыцай цэнтральнай заводскай лабараторыі.
Багатым на падзеі і працоўныя здзяйсненні склалася жыццё братоў Аляксандры. Старэйшы, Сяргей, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымаў накіраванне ў Народны камісарыят фінансаў, дзе працаваў да прызыву ў армію. Пасля дэмабілізацыі быў накіраваны на працу ў трэст металаапрацоўчай прамысловасці, адпрацаваў шэсць гадоў эканамістам. Працу сумяшчаў з вучобай на вячэрнім аддзяленні політэхнічнага інстытута. З дыпломам інжынера-механіка шчыраваў спачатку на станкабудаўнічым заводзе імя Варашылава, пасля ў наркамаце мясцовай прамысловасці на пасадзе начальніка групы заводаў трэста. Будучы прызваным у армію ў чэрвені 1941 года, Сяргей Іванавіч служыў на адказных пасадах у бранятанкавых войсках. А ўжо ў мірны пасляваенны час працаваў у Савеце Міністраў БССР, з 1960 года — у Дзяржплане рэспублікі.
Дыплом Беларускага політэхнічнага інстытута атрымаў у даваенны час Валяр'ян Валахановіч. Да прызыву ў армію паспеў папрацаваць у інстытуце «Белпрампраект». З 1941 года да апошніх дзён вайны ён служыў у радах 13-й арміі, за баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны другой ступені. Пасля перамогі працаваў у названым праектным інстытуце, затым — у Савеце Міністраў БССР.
З армейскай службай звязана ўсё жыццё Віталя Валахановіча. Пасля заканчэння ў Ваеннай акадэміі хімічнай абароны на працягу 40 гадоў займаў высокія камандныя пасады ў розных рэгіёнах краіны. Пасля выхаду ў адстаўку ў званні палкоўніка працяглы час працаваў намеснікам дырэктара навукова-даследчага інстытута ў Маскве.
Двум з пяцярых братоў Валахановічаў не суджана было вярнуцца жывымі з вайны. Быўшы дырэктарам 374-й школы горада Масквы, Яўген Валахановіч стаў байцом народнага апалчэння і загінуў у лютым 1943 года на Арлоўшчыне. Брат яго Даніла ў перадваенны час вучыўся ў Ваеннай акадэміі сувязі. Стаўшы абаронцам радзімы, з 1942 года лічыўся без вестак прапаўшым. І толькі праз шмат гадоў стала вядома, што яго імя пазначана на пліце помніка на брацкай магіле ў Сергіева-Пасадскім раёне Падмаскоўя.
Гісторыя сям'і Івана Вікенцьевіча Валахановіча з'яўляецца яскравым пацвярджэннем таго, што маладое пакаленне нашых суайчыннікаў даваенных гадоў цалкам рэалізавала прадастаўленыя ім магчымасці з тым, каб зацвердзіць сябе і заняць дастойнае месца ў жыцці.
Віктар НЕСЦЯРОВІЧ
Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Картачкі (не больш за тры) з невялічкай (!) гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfo@zvіazda.by. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.