Вы тут

Прысмакі са слоічкаў: за і супраць


Найлепшая рэкамендацыя, каб перажыць эканамічна няпросты час, — скараціць выдаткі. Але калі ў адносінах да сябе гэта можна зрабіць даволі лёгка, то ёсць катэгорыя «спажыўцоў», на якіх эканоміць зусім не рэкамендуецца, — гэта дзеці, асабліва маленькія. І ўсё ж, калі падысці разумна, дык і тут можна знайсці магчымасці для беражлівасці.


Калі прыйшла пара ўводзіць прыкорм сыночку, я зразумела, што надыходзяць часы куды большых выдаткаў, чым у «чыста малочны» перыяд. Цэны на пюрэ з садавіны (100 г) пачыналіся ад 7 тысяч рублёў (на старыя грошы), на мяса-гароднінныя кансервы (200 г — дзённая норма) — ад 20 тысяч. А яшчэ ж былі патрэбны кашкі, сокі, тваражкі...

Як і належыць, прыкорм распачалі з гіпаалергеннай агародніны. Слоічак з брокалі малога не ўзрадаваў. Пюрэ мае такі спецыфічны смак, што паспытаць яго пагодзіцца не кожны дарослы. Не спадабаліся дзіцяці і квяцістая капуста, і іншыя кансервы са слоічкаў. Працэс прыкорму пайшоў толькі тады, калі я прыгатавала пюрэ сама з варанага гарбуза. Вось ён, саладкаваты і з прыемным водарам, якраз прыйшоўся сыну даспадобы. Затым да гарбуза далучыліся бульба, кабачок і мяса — трусяціна і нятлустая свініна. У выніку самы дарагі пункт праграмы прыкорму (мяса + гародніна) стаў для нас практычна бясплатным, паколькі гародніну і мяса перадавалі бабулі з вёскі.

Магчыма, і іншыя мамы эканомяць падобным чынам? Я пацікавілася і высветліла, што гэта так.

— Для малога я амаль усё гатую сама. Нават не з мэтай эканоміі, а па рэкамендацыі свайго педыятра, якая прынцыпова супраць слоічкаў. Які б натуральны састаў ні быў заяўлены на этыкетцы, усё роўна ў кансерваваным пюрэ будзе шмат розных бескарысных інгрэдыентаў, — гаворыць гамяльчанка Вольга Марозава.

Са «слоічкавых» прадуктаў Воля дае дзіцяці толькі пюрэ з садавіны, таму што свае — з яблыкаў, груш — яму не падабаюцца з-за кіслінкі. Агародніна для пюрэ — з лецішча: кабачок, гарбуз, бульба, зяленіва і г.д. У маразільніку пад «малышовыя нарыхтоўкі» адведзены спецыяльныя адсекі.

Сокі з пачкаў маладой мамай таксама не вітаюцца.

— У іх зашмат цукру, і наш стаматолаг гаворыць, што менавіта праз гэта «ляцяць» першыя зубкі, — тлумачыць Вольга. — Яшчэ здараюцца сітуацыі, калі дзіцяці неабходна піць шмат вады, напрыклад пры павышанай тэмпературы, а калі малы прывык да сокаў, ваду ён піць не стане.

Менавіта таму свайму сыночку мама дае морсы і кампоты, звараныя без цукру з яблыкаў, вішань, іншай садавіны і ягад.

Дыетычнае мяса — прадукт вельмі дарагі. Напрыклад, кілаграм індычкі каштуе ад 14 дэнамінаваных тысяч рублёў за кілаграм. І гандляры-гаспадары наўрад ці пагодзяцца прадаваць вам яе часткамі. А аддаць за індычку больш як 100 рублёў за адзін раз — такое не кожны сямейны бюджэт вытрымае. Але мамы знайшлі выйсце: яны купляюць мяса ў складчыну.

— У нас ёсць кампанія з трох мамачак. Мы «кааперыруемся» і разам купляем труса або індычку, потым дзелім. Прыгатаванае дома мясное пюрэ ў два разы танней, чым купленае ў краме, і, думаю, нашмат карысней, — дзеліцца вопытам Вольга Марозава.

Галіна Нітчанка з аграгарадка Урыцкае Гомельскага раёна таксама аддавала перавагу пюрэ, прыгатаваным уласнымі рукамі, пакуль дачка была зусім маленькай. Уся гародніна для дзіцяці бралася са сваіх градак; тое, што доўга не захоўваецца, клалі на замарозку.

— Карміць дзіця са слоічка, зразумела, зручней, але па грашах гэта даволі дорага. Да таго ж, калі гатуеш сама, дакладна ведаеш, якія прадукты выкарыстаны і што дзіцяці дастанецца самае найлепшае. «Слоічкавыя» кансервы мая дачка паспытала толькі ў дарозе, калі мы кудысьці ехалі. Увесь астатні час — хатняя ежа, — расказвае Галя.

Дарэчы, для сваёй дзяўчынкі яна гатавала яшчэ і самаробныя тваражкі — спачатку простыя, а потым з садавіной. І тут ужо фактар эканоміі ролі не іграў — проста хацелася, каб дачушка ела самы свежы прадукт, без кансервантаў.

І яшчэ. Прыкорм «па-хатняму», у адрозненне ад «слоічкавага», трэба пастаянна гатаваць. Магчыма, не ва ўсіх мам хапае на гэта часу? Зусім не, мае знаёмыя «дэкрэтніцы» дружна заявілі, што прыгатаванне ежы для дзіцяці займае не больш за 40 хвілін. Пры гэтым паралельна можна рабіць іншыя справы...

Зрэшты, існуе і крыху іншы погляд на хатні прыкорм. Намеснік галоўнага ўрача Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклінікі, педыятр з 25-гадовым стажам Лілія Парфененка раіць ставіцца да яго з асцярожнасцю.

— Дзіцячая дыеталогія пастаянна развіваецца, і гэта прымушае пераглядаць старыя схемы па арганізацыі харчавання дзяцей, асабліва першага года жыцця. Навуковыя даныя апошніх гадоў даказваюць перавагу якраз прыкормаў прамысловай вытворчасці, а не хатніх, — адзначае Лілія Анатолеўна. — Жадаем мы таго ці не, але пражываем мы з вамі ў зоне перыядычнага радыяцыйнага кантролю. Ягады, садавіна, агародніна вырошчваюцца на глебе, забруджанай радыенуклідамі, жывёла пасвіцца на такіх жа лугах. Не думаю, што кожны прадукт хатняй гаспадаркі праходзіць санітарную праверку. А дзіцячае харчаванне прамысловай вытворчасці вырабляюць з бяспечнай сыравіны, дзе адсутнічаюць цяжкія металы, пестыцыды, афлатаксіны, радыенукліды. Таксама думаю, не кожная мама дасканала ведае тэхналогію прыгатавання страў, а часта менавіта ад гэтага залежыць карыснасць і збалансаванасць прыгатаванай ежы для малыша. Даўно даказана, што недахоп або лішак тых або іншых харчовых рэчываў можа выклікаць парушэнне ДНК, прывесці да неспрыяльных змен у росце. Лічу, калі ёсць такая магчымасць, дзіця да 9-10 месяцаў жыцця лепш карміць харчаваннем прамысловай вытворчасці. А потым пашыраць меню малога хатнімі прадуктамі, і тут я цалкам згодна з вамі: гэта нашмат смачней і танней. Усім здароўя!

Ірына ТРЫПУЗАВА, г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.