Вы тут

Што рабіць з птушанём?


З такім пытаннем звярнулася ў рэдакцыю чытачка з Віцебска. Яе знаёмая знайшла на трасе драпежнае птушаня.


Чаг­лок.

— З падобнымі пытаннямі мне часта тэлефануюць людзі, — кажа арнітолаг Уладзімір Іваноўскі. — Вось нядаўна гараджане знайшлі каля чыгункі на ўскраіне Віцебска вушастую саву і дамавога сыча. А адна сям'я на дарозе ў Гарадоцкім раёне ўбачыла бяспёрага сокала чаглока.

Выпадак, можна сказаць, унікальны — каб на трасе... Ён яшчэ ў пуху — зусім маленькі. Самая правільная здагадка: птушаня там апынулася пасля ўрагану, які паваліў дрэвы, дзе знаходзілася гняздо. Прывезлі яго ў горад і мне тэлефанавалі. Тлумачыў, што ўжо праз два тыдні драпежная птушка, якая пабывала ў руках чалавека, не зможа жыць на волі, як раней. І нават калі яна вонкава не будзе адрознівацца ад сабратаў (пад апярэннем не відаць, што адстае ў развіцці), фізічна будзе рахітам. Кармленне мясам з рук не заменіць паўнавартаснага збалансаванага харчавання, якое забяспечылі б ёй бацькі. Таму трэба як мага хутчэй вярнуць птушаня «на прыроду».

Ніколі не цягніце дадому нетраўмаваных птушанят. Тую ж вушастую саву можна пасадзіць назад у гняздо або проста на галінку, бо на зямлі ёй пагражаюць лісіцы ці сабакі... Залезьце на дрэва, метры на 3-4, зрабіце імправізаваны насціл з галінак. Згаладалае птушаня пачне гарлапаніць. І бацькі яго пачуюць і будуць карміць.

Ву­шас­тая са­ва.

Дарэчы, і прыродаахоўнае заканадаўства забараняе забіраць з прыроды здаровых жывёл.

— Іншая справа, калі птушачка параненая, — дадае арнітолаг. — Такую, калі ўжо прывезлі ў горад, давядзецца карміць усё жыццё. Тут актуальная думка класіка пра тое, што мы ў адказе за тых, каго прыручылі. Ведаю чуллівую сям'ю, якая «ўсынавіла» птушаня чаглока. Яшчэ ў адных жыў у кватэры асаед, а ў іншых — вераб'іны сыч. Або можна прапанаваць знаходку заапарку.

Дарэчы, у віцебскім заапарку ўжо чвэрць стагоддзя жыве арлан-белахвост. Яго перадаў туды Уладзімір Іваноўскі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Уладзіміра ІВАНОЎСКАГА

Выбар рэдакцыі

Культура

Свет кнігі без ме­жаў. Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Свет кнігі без ме­жаў. Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы.

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.