Вы тут

Вадзім БАРАВІК: галоўная задача парламента — эфектыўна працаваць


Ужо сёння кожнаму, хто вырашыць прыйсці на выбарчы ўчастак, належыць зрабіць выбар: за якога кандыдата ў дэпутаты аддаць голас? Калі падысці да гэтага асэнсавана, то перш за ўсё варта прааналізаваць, што станоўчага было зроблена мінулым кандыдатам не толькі для грамадзян, але, вядома ж, і ў заканадаўчым плане. Але як ацаніць эфектыўнасць такога боку дэпутацкай працы? Адказ на гэта пытанне дае Вадзім БАРАВІК, палітычны аналітык, старшыня назіральнага савета Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый.


— Якія існуюць крытэрыі эфектыўнасці заканадаўчай улады?

— З пункту гледжання абывацеля, тыя ўзровень і якасць жыцця, што пануюць у краіне, з'яўляюцца асноўным крытэрыем улады ўвогуле: і заканадаўчай, і выканаўчай, і судовай. Наколькі чалавеку зручна жыць, наколькі ён задаволены сваім побытам, узроўнем жыцця, сацыяльнай сферай ды іншым. Звычайна людзі не асабліва адрозніваюць заканадаўчую ўладу ад выканаўчай і разумеюць іх у адным рэчышчы.

Калі казаць пра беларускі парламент, то асноўная яго пазітыўная рыса ў тым, што ён эфектыўна ўзаемадзейнічае з выканаўчай уладай. Але гэта не значыць, што ў парламенце няма дыскусій. У некаторых складваецца адчуванне, што паколькі ў нас не паказваюцца вострыя дэбаты па тэлебачанні, ніхто нікому не выдзірае валасы і за выступленне з трыбуны не змагаецца, то ў беларускім парламенце ўсё ціха і спакойна. На тым узроўні, дзе гэта патрэбна (у камісіях, падчас абмеркавання законапраектаў, важных для краіны), адбываецца дыскусія і абмеркаванне. Але можна працаваць над заканадаўчым актам, каб піярыць сябе, рабіць папулісцкія заявы, лозунгі, а можна дэталёва яго прапрацоўваць, каб пасля закон больш эфектыўна выкарыстоўваўся.

Вядома, што калі чалавек праводзіць пэўную працу, то да яго ўзнікаюць заўвагі. Мы бачым, напрыклад, што часам прымаецца нейкі закон, у яго ўносяцца змены, дапаўненні, затым ён укараняецца, і пасля паступае адваротная сувязь з прапановамі па дапрацоўках. Але гэта сістэма працуе ў любой краіне свету. Часам парламент крытыкуюць, што прымаецца так шмат паправак. Так, магчыма, іх павінна быць менш, значыць, неабходна яшчэ больш пільна падыходзіць да распрацоўкі законаў. Але сістэма «прынялі закон — прааналізавалі практыкапрымяненне — унеслі папраўкі» ўсё адно застанецца нязменнай.

Напрыклад, у нашай усходняй суседкі Украіны фінансавы год пачаўся, а бюджэт усё яшчэ не быў прыняты. Калі ў свеце і краіне крызіс, калі трэба пераадольваць эканамічныя нелады, рабіць крок наперад, пажадана, каб парламент працаваў эфектыўна, гэта значыць, папулісцка-палітычная барацьба павінна быць зведзена да мінімуму, каб сілы былі накіраваны на заканатворчую дзейнасць. З улікам усіх заўваг і аб'ектыўных нюансаў можна канстатаваць, што ў гэтым ракурсе наш парламент працуе добра. Сёння для краіны гэта важна, бо мы знаходзімся ў зоне геапалітычнага трохвугольніка.

— Што вы маеце на ўвазе пад гэтым трохвугольнікам?

— Беларусь займае стратэгічнае становішча з пункту гледжання геапалітыкі. На нас роўны ціск аказваюць і Усход, і Захад, мы знаходзімся ў сферы інтарэсаў іх абодвух. Заходні бок — гэта НАТА. Беларусь, у сілу свайго месцазнаходжання, — цэнтр еўрапейскай раўніны. Ніякіх натуральных перашкод з ваеннага пункту гледжання не маем, пры гэтым мы — сувязное звяно ў эканамічным, транспартна-лагістычным, транзітным, культурным, сацыяльным плане. Для Захаду тое, хто будзе адыгрываць больш значную ролю тут, жыццёва значны інтарэс. Тое ж самае і з боку Усходу — Расіі. У апошнія гады ў нас атрымліваецца праводзіць такую тонкую знешнюю палітыку, пры якой мы не толькі не ўмешваемся ў канфлікты, але і выступаем міратворцамі, і гэта высока ацэньваецца іншымі краінамі.

Пры гэтым сёння адчуваецца пік напружанасці паміж Усходам і Захадам. А Беларусь знаходзіцца пасярэдзіне. Таму ў гэтай сітуацыі нам важна захаваць спакой, стабільнасць, бяспеку на сваёй тэрыторыі. І нам палітычныя баталіі і не ў слушным плане актыўнасць парламента была б вельмі не да месца. Калі б у парламенце былі сваркі, не была б дакладна сфармулявана пазіцыя ў знешняй палітыцы, то мы мелі б вялікія праблемы. Бо адна з функцый парламента — дыпламатычная. Лінія, па якой працуюць Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, супадаюць з асноўнай лініяй палітычнага кіраўніцтва краіны. І нам гэта на руку. Бо менавіта праз стабільнасць у парламенце і яго паступовую працу можна чакаць росту дабрабыту насельніцтва.

— Як увогуле можаце ацаніць бягучыя выбары ў парламент?

— Падчас сёлетняй кампаніі вядуцца дыскусіі, абмеркаванні, у тым ліку і ў сродках масавай інфармацыі. І гэта добра. Але не намі заўважана: чым цікавей навіны, перадачы, дыскусія ў парламенце, тым складанейшае жыццё ў краіне. Значыць, дзесьці крызіс: камусьці не выплацілі зарплату, хтосьці праз гэта выйшаў на забастоўку ці палітычныя сілы сутыкнуліся ў барацьбе. І тады трэба займацца вырашэннем не эканамічных праблем, а бягучых, набалелых.

Я прытрымліваюся таго, каб мы трансфармавалі і ажыўлялі жыццё ў парламенце па меры ўмацавання эканомікі краіны. Адной з прычын развалу Савецкага Саюза было тое, што Міхаіл Гарбачоў запусціў перш-наперш палітычныя рэформы, аслабіў цэнтральную ўладу і пры гэтым пачаў праводзіць эканамічныя рэформы, маючы дзіркі ў бюджэце і праблемы ў эканоміцы. Немагчыма гэтыя два пытанні вырашаць адначасова. Калі эканоміка не ў парадку, то залішні лібералізм у палітыцы толькі нашкодзіць. Ці будзе ў гэтым выпадку парламент працаваць сапраўды эфектыўна? Мяркую, што лібералізацыя палітычнага жыцця краіны, у тым ліку за кошт прысутнасці ў парламенце разнастайнай палітычнай публікі, павінна адбывацца паступова. Альтэрнатыўная думка павінна гучаць, але не заглушаць асноўную лінію. Бо трэба працаваць на вынік — ваенную і эканамічную бяспеку ды сацыяльную стабільнасць.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Галоўная задача парламента — эфектыўна працаваць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».