11 верасня, у дзень парламенцкіх выбараў, наведвальнікі інтэрнэт-парталу Выдавецкага дома “Звязда” маглі ў рэжыме рэальнага часу адсочваць ход галасавання па ўсёй краіне. Нашы карэспандэнты вялі анлайн-трансляцыю з Інфармацыйнага цэнтра “Выбары-2016”. Далучайцеся!
1.58 Вынікі галасавання па Гомельскай вобласці http://www.rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-p_rez3.pdf
1.25 Вынікі галасавання па Магілёўскай вобласці http://www.rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-p_rez6.pdf
1.22 Вынікі галасавання па Мінскай вобласці http://www.rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-p_rez5.pdf
1.18 Вынікі галасавання па Віцебскай вобласці http://www.rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-p_rez2.pdf
1.02 Вынікі галасавання па Брэсцкай вобласці http://www.rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-p_rez1.pdf
0.50 Вынікі галасавання ў сталіцы http://www.rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-p_rez7.pdf
0.49 "На дадзены момант вядомы вынікі па трох рэгіёнах", -- заявіла Лідзія Ярмошына. Яны з'явяцца на сайце Цэнтрвыбаркама ў бліжэйшая часы.
22.55 Найбольш актыўна прыходзілі на выбарчыя ўчасткі жыхары Магілёўскай вобласці -- 80,9%, на другім месцы -- Віцебская вобласць (79,9%). Далей -- Брэсцкая (77,5%), Гродзенская (76,1%), Мінская (75,3%), Гомельская (75,1%). 66,1% выбаршчыкаў прыйшлі прагаласавалі за мяжой. У сталіцы самы нізкі працэнт яўкі -- 61,1%.
22.48 74% грамадзян прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Пра гэта паведамляе інфармацыйны партал vybory2016.by.
22.35 Назіральніка з Карэі ўразіла, што падлік галасоў адбываецца ў тым жа памяшканні, дзе праходзяць выбары. "Гэта надае хуткасць і празрыстасць працэсу", - падкрэсліў Чонг Хо Чын.
22.20 Міжнародны назіральнік з Рэспублікі Карэя Чонг Хо Чын расказаў пра адрозненні паміж выбарамі ў Беларусі і ў яго роднай краіне. Карэйцы не могуць галасаваць супраць усіх. Такі пункт не прадугледжаны выбарчым бюлетэнем. У выпадку, калі грамадзянін не жадае абіраць ні аднаго з кандыдатаў, ён або не ідзе на выбары, або не робіць ніякіх адзнакаў на выбарчым бюлетэне. Чонг Хо Чын наведаў выбарчы ўчастак у бальніцы і адзначыў, што "беларускі бок робіць усе, каб выбары былі транспарэнтнымі".
22.05. Ігар Бузоўскі пра тое, ці неабходна карэктаваць наша выбарчае заканадаўства: "Сёння вельмі шмат гучыць пасылаў, каб мы перагледзелі падыходы да нашага выбарчага заканадаўства. Мае адбыцца сур’ёзны аналіз – не толькі гэтай электаральнай кампаніі, а ў прынцыпе міжнародных працэсаў. Неабходна выбудоўваць, сыходзячы з сусветных тэндэнцый, свае працэсы на будучы перыяд. Але гэта будзе выключна ў рамках заканадаўчай базы Рэспублікі Беларусь".
22.00. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі у гутарцы з журналістамі пра вынікі бягучай выбарчай кампаніі заявіў: "Якія вывады, якія рашэнні былі прыняты, даведаемся ў бліжэйшы час. Спадзяюся, што гэта будзе не проста рашэнне аднаго дня, а рашэнне, якое людзі зрабілі з бачаннем на перспектыву – як мінімум, на чатыры гады. Выбранне дэпутатаў – тое, з чым людзі звязваюць сваю будучыню".
21.45. Журналісты, палітолагі, назіральнікі, эксперты чакаюць выніковай прэс-канферэнцыі. Тым часам у інфармацыйны цэнтр завітала дэлегацыя назіральнікаў з Паўднёвай Карэі - для іх правялі невялікую экскурсію, паказалі дзе, як, у якіх умовах тут арганізавана праца.
21.40. Сяргей Лебедзеў, старшыня Выканкама СНД, у размове з карэспандэнтам "Звязды" заявіў, што беларускі выбаршчык не верыць папулістам. Людзі давяраюць тым кандыдатам, якія даказалі, што здольныя выканаць свае абяцанні.
21.25. Лідзія Ярмошына не лічыць, што выбарчая кампанія прайшла ціха. "Людзі, якія ідуць у парламент, адрозніваюцца характарам. Я лічу, што мы яшчэ ўбачым "сюрпрызы", калі парламент пачне працаваць". У дачыненні да таго, што б хацелася змяніць у працы, Лідзія Ярмошына пажартавала, што парламент павінен расказваць пра сваю працу так жа назойліва, як Цэнтральная камісія робіць гэта ў перыяд выбарчый кампаніі.
21.10. "Нам не хапае кандыдатаў, якія вядуць сваю кампанію на ўзроўні высокіх выбарчых тэхналогій. У нас дастаткова шмат людзей, якія не адпавядаюць гэтаму высокаму статусу. У нас такі просты спосаб вылучэння, што гэта многіх грамадзян уводзіць у падман. Яны лічаць, што стаць дэпутатам вельмі проста", - адзначыла Лідзія Ярмошына.
20.45. "Для мяне самае галоўнае, што гэта кампанія была спакойнай, праходзіла талерантна. Мясцовыя ўлады сталі больш смелымі, раскаванымі". Так адказала Лідзія Ярмошына на пытанне пра тое, што больш за ўсё спадабалася падчас выбарчай кампаніі.
20.37. "Думаю, яўка на парламенцкія выбары ў цэлым складзе прыкладна 70%", - адзначыла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, адказваючы на пытанне карэспандэнта газеты "Звязда".
20.35. "Па зваротах у ЦВК можна судзіць, што выбаршчык зацікаўлены ў выбарах, - заявіла Лідзія Ярмошына. - Калі людзі скардзяцца, што ім не прыйшло запрашэнне, што да іх не прыехалі дадому са скрыняй для галасавання. Гэта значыць, людзі цікавяцца выбарамі".
20.30. "Разлічваем, што да апошняй прэс-канферэнцыі ў інфацэнтры, запланаванай на 24.00, дадзеныя пра вынікі галасавання ўжо будуць". Адпаведную заяву на прэс-канферэнцыі зрабіла старшыня Цэнтральнай камісіі.
20.25. Назіральнік ад СНД Ханлар Фаціеў, намеснік старшыні камітэта Мілі Меджыліса Азербайджана па грамадскіх аб'яднаннях і рэлігійных утварэннях, быў у Мінску, Мінскай і Гродзенскай вобласцях. Ён адзначыў, што "нічога негатыўнага знайсці не змаглі. Выбары прайшлі на найвышэйшым узроўне. Правільная арганізацыя. Людзі ішлі, як на свята".
20.05. Зараз выбарчая актыўнасць вышэй, лічыць Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы, міжнародны назіральнік ад СНД Рыгор Рапота. “Я думаю, што адна з асаблівасцей гэтых выбараў, якая павялічвае актыўнасці выбаршчыкаў, - гэта большая колькасць кандыдатаў, большая спаборнасць, большая магчымасць выбару”.
19.55. Праз 5 хвілін галасаванне скончыцца, і камісіі пяройдуць да падліку галасоў.
19.50. Ігар БузоўскіІ, выказваючыся пра тое, што не ўсе кандыдаты скарысталі магчымасць апублікаваць перадвыбарную праграму, адзначыў: "Гэта у чарговы раз сведчыць, што мы яшчэ, відаць, расцем і фарміруемся. У кожнага кандыдата былі розныя прычыны для гэтага".
19.40. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, адказваючы на пытанне карэспандэнта "Звязды" пра якасць перадвыбарных дэбатаў на тэлебачанні, заявіў: "Мне спадабаліся абсалютна ўсе дэбаты, яны былі рознымі. У прынцыпе, дыскусіі, якія адбыліся ў ходзе выбарчай кампаніі, былі цікавымі".
19.30. "Мяне здзіўляе, чаму Захад крытыкуе Беларусь за практыку датэрміновага галасавання, хоць адпаведная традыцыя ёсць і ў шэрага еўрапейскіх краін, і ў Злучаных Штатах Амерыкі, дзе датэрміновае галасаванне ўвогуле вельмі расцягнутае па часе. Датэрміновае галасаванне - міжнародная практыка, яно вельмі зручнае для выбаршчыкаў", - заявіў на прэс-канферэнцыі Сяргей Лебедзеў.
19.15. Сяргей Лебедзеў, старшыня Выканкама СНД, на прэс-канферэнцыі станоўча ацаніў арганізацыю выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Ён таксама адзначыў, што з кожным годам ён, будучы назіральнікам на выбарах у нашай краіне, бачыць, як працэс галасавання становіцца ўсё больш адкрытым.
19.00 На сайце ЦВК з'явіліся дадзеныя аб яўцы выбаршчыкаў на 18.00. На гэты час прагаласавала 67,66% з іх. Самымі актыўнымі аказаліся жыхары Віцебскай вобласці - 74,64%. Самая нізкая актыўнасць традыцыйна назіраецца ў Мінску - 56,21%.
18.40 "Сённяшнія выбары паказваюць, што кандыдатам неабходна мець палітычны вопыт для прыходу на парламенцкія выбары. Магчыма, на наступных будзе больш кандыдатаў у дэпутаты, якія маюць практыку працы ў мясцовых саветах і даказалі грамадству, што прыярытэты за імі", - сказаў Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар - галоўны рэдактар РВУ "Выдвецкі дом "Звязда" падчас круглага стала "СМІ ў выбарчых працэсах: фарміраванне электаральнай культуры".
18.20 Лідзія Ярмошына расказала пра інцыдэнт, які адбыўся ў Брэсцкай вобласці. Пры міжнародным назіральніку працавала акрэдытаваная перакладчыца. Яна запрасіла назіральніка на свой выбарчы ўчастак, дзе прагаласавала. Затым яна паспрабавала прагаласаваць другі раз на іншым участку. Старшыня ЦВК назвала гэты ўчынак правакацыяй, які фарміруе негатыўнае ўяўленне ў сустветнай супольнасці пра сённяшнія выбары.
18.15 Карэспандэнт "Звязды" запытала ў старшыні ЦВК, ці стане большы працэнт жанчын у парламенце. "Усе залежыць ад асабістых якасцей чалавека, а не ад полу", - лічыць Лідзія Ярмошына. Яна ўпэўнена, што еўрапейскі паказчык у 30%, верагодна, будзе дасягнуты.
18.08 Старшыня Цэнтрвыбаркама адзначыла, што дзень выбараў праходзіць спакойна, арганізавана.
18.03 У 100 з 110 выбарчых акруг выбары адбыліся, адзначыла Лідзія Ярмошына.
17.45 Лідзія Ярмошына паведаміла, што Цэнтрвыбаркам Беларусі абмежаваў колькасць давераных асоб кандыдатаў у дэпутаты, якія змогуць прысутнічаць у акруговых камісіях пры прыёме пратаколаў ад участковых камісій. У кожнага з прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла іх можа быць да 15 чалавек.
17.28 Давід Ротман, дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследванняў БДУ: "Роля прэсы ў выбарчай кампаніі змяняецца. На наступны дзень, калі чалавек атрымае газету, ён будзе цікавіцца не ўчарашнімі навінамі, якія ўжо пачуў па радыё, пабачыў па тэлебачанні і прачытаў у інтэрнэце. Друкаваныя СМІ мусяць даваць глыбокі аналіз падзей, а не кропкавыя меркаванні".
17.24 Уладзімір Літвіновіч, начальнік упраўлення сацыялагаічных даследванняў Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: "Асноўны трэнд у спажыванні інфармацыі беларусамі -- гэта тое, што перавага аддаецца тэлебачанню перад іншымі сродкамі масавай інфармацыі. Што тычыцца гэтай статыстыкі ў дачыненні да выбараў, то 89% насельніцтва маюць уяўленне пра выбарчую кампанію дзякуючы СМІ. 69% задаволены аб'ёмам дадзенай інфармацыі пра ход кампаніі".
17.15 Выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў сустрэнецца з журналістамі ў 18:00. Сачыце за навінамі.
17.10. Місія СНД будзе рэкамендаваць усім краінам СНД выкарыстоўваць практыку датэрміновага галасавання. Пра гэта заявіў назіральнік Нурула Акілзада.
17.05. Па стане на 16.00 яўка на ўчасткі для галасавання па краіне склала 60,87%. Пра гэта паведамляе інфармацыйны рэсурс vybory2016.by.
17.00. Назіральнік ад МПА СНД Нурула Акілзада: "Выбаршчык у Беларусі мае права на датэрміновае галасаванне. Гэта вельмі зручна. Наша місія будзе рэкамендаваць краінам - членам МПА СНД увесці такую норму, таму шта не кожны можа прыйсці галасаваць у дзень выбараў".
16.35. У канферэнц-зале Палаца Рэспублікі пачаўся круглы стол пад назвай «Сродкі масавай інфармацыі ў выбарчых працэсах фарміравання электаральнай культуры».
16.30. У Мінску сёлета ўпершыню галасуюць 16 492 маладыя выбаршчыкі. Адпаведную інфармацыю падчас прэс-канферэнцыі у інфацэнтры старшыня Мінскай гарадской выбарчай камісіі Сяргей Хільман.
16.25. У гэтыя выхадныя Лідзія Ярмошына сустрэлася з некалькімі групамі назіральнікаў ад розных міжнародных арганізацый. Адказваючы на прэс-канферэнцыі на пытанне карэспандэнта "Звязды" пра тое, які настрой у назіральнікаў, старшыня ЦВК паведаміла: "Ва ўсіх назіральнікаў настрой добры, і ўражанні ад назірання таксама добрыя".
16.20. У Мінску выбары адбыліся па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96. Па словах Лідзіі Ярмошынай, ёсць цудоўныя шанцы на тое, што дэпутатаў выберуць па кожнай з акруг краіны.
16.15 Лідзія Ярмошына паведаміла, што назіральнікі маюць права фатаграфаваць неадушаўленыя прадметы (пратаколы, якія вывешваюцца, урны для галасавання). Людзей - толькі з вуснага дазволу.
16.00 Лідзія Ярмошына: "Выбары адбыліся. 52% выбаршчыкаў ўжо аддалі свае галасы".
15.45. Палітолаг Аляксандр Шпакоўскі: "У новым складзе парламента ўзрасце роля палітычных партый, але нязначна. Партрэт беларускага дэпутата нязначна зменіцца, на маю думку, парламент некальмі памаладзее".
15.40. Назіральнік ад МПА СНД Міхаіл Шчацінін: "На выбарчых участках пануе адмасфера спакою".
15.30. Дарэчы, паведамляе ЦВК, адбылася сустрэча Лідзіі Ярмошынай і Мікалая Лазавіка з назіральнікамі ад цэнтральных выбарчых органаў замежных краін, а таксама з місіямі назіральнікаў СНД, ПАСЕ, БДІПЧ АБСЕ. Тэма сустрэч - падрыхтоўка і правядзенне выбараў у нашай краіне.
15.20. Больш за ўсё прагаласавала грамадзян у Гомельскай вобласці - 59,01%, далей ідуць Віцебская, Магілёўская, Гродненская, Мінская, Брэсцкая, беларускае замежжа і Мінск.
15.10. Парламенцкія выбары адбыліся. Цэнтрвыбаркам на сваім сайце абнародаваў інфармацыю, згодна з якой у краіне прагаласавала 52,49% выбаршчыкаў.
15.05. Парламенцкія выбары адбыліся ў 12 з 14 акруг Віцебскай вобласці.
14.45. Лідзія Ярмошына: "Цалкам нармальна, што ўлада імкнецца да таго, каб забяспечыць максімальны ўдзел у выбарах".
14.35. Карэспандэнт "Звязды" па Мінскай вобласці Таццяна Лазоўская разам са старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Шапірай наведала сорак трэцюю Журавінкаўскую выбарчую акругу, што ў Дзяржынскім раёне. У свой час губернатар Мінскай вобласці тут узначальваў калгас "Маяк", таму добра ведае мясцовых людзей, ды і яго тут не лічаць госцем. "Я многіх кандыдатаў ведаю асабіста, прагаласаваў за чалавека, які, па майму меркаванню, валодае дастатковым жыццёвым вопытам, мудрасцю, які будзе садзейнічаць таму, каб прымаць тыя рашэнні, якія сёння патрэбны беларускаму народу".
14.30. У канферэнц-зале Палаца Рэспублікі пачаўся круглы стол "Парламентарызм праз прызму ментальнасці беларускага грамадства».
14.15. У Мінску людзі не даражаць тым, што маюць. Гэта, па словах Лідзіі Ярмошынай, асноўная прычына таго, што ў сталіцы яўка на выбарчыя ўчасткі ніжэйшая. "Для таго, каб людзі галасавалі, робіцца ўсё", - сказала старшыня ЦВК.
14.07. Да паказчыку ў 50% блізкая Віцебская вобласць. Там у шэрагу акруг выбары, можна сказаць, ужо адбыліся, паколькі прагаласавала больш, чым палова выбаршчыкаў. Тым не менш, па словах старшыні Цэнтральнай камісіі, нельга казаць, што там ужо ёсць абраныя дэпутаты. Да вечара расстаноўка сіл можа змяніцца.
14.05. Лідзія Ярмошына паведаміла, што па стане на 12.00 у галасаванні прынялі ўдзел 42,3% выбаршчыкаў.
13.55. Паводле ацэнкі Бейбута Ісманава з Казахстана, члена Місіі міжнародных назіральнікаў ад СНД, які сёння з самай раніцы працуе ў Гродне, выбары праходзяць спакойна, арганізавана. Актыўна галасуюць людзі рознага ўзросту.
13.40. Назіральнік ад місіі СНД, член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Сцяпан Кірычук выказаў меркаванне, што выбары ў нашай краіне становяцца больш разняволеннымі. "Ніхто не хвалюецца, не імкнецца паказаць нешта асаблівае. Што глядзіш патрэбным - глядзі, што цікавіць - пытай, з кім хочаш сустрэцца - сустракайся. Я атрымаў магчымасць цалкам свабодна, без суправаджэння ездзіць па вёсках вакол Брэста і Кобрына, заходзіць на любую выбарчую акругу".
13.35. Надзвычайны і паўнамоцны Пасол Эквадора ў нашай краіне Карлас Лареа Даліла, які з'яўляецца таксама і назіральнікам на нашых парламенцкіх выбарах, назваў выбарчую кампанію ў Беларусі узорна-паказальнай.
13.30. Сацыёлагі прагназуюць да 80% яўкі на выбарах. Адпаведную інфармацыю ў эфіры тэлеканала АНТ агучыў дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Ігар Катляроў.
13.25. Факт: сёння больш за 700 валанцёраў на выбарчых участках Гродзеншчыны дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
13.15. Уласны карэспандэнт "Звязды" ў Гродне Барыс Пракопчык паведамляе: у Гродзенскай вобласці ў спісы для галасавання ўключаны каля 777 тысяч выбаршчыкаў. Па яго словах, у дзень выбараў, акрамя 642 участкаў, дзе можна было прагаласаваць датэрмінова, таксама адкрыўся 41 выбарчы ўчастак у бальніцах, прафілакторыях, санаторыях, сацыяльных установах, а таксама 3 участкі ў вайсковых частках.
13.00. Тым часам наш уласны карэспандэнт з Брэста Святлана Яскевіч паведаміла, што на трынаццатым участку для галасавання Брэсцкай-Усходняй выбарчай акругі №3 члены камісіі не сядзяць без працы. "Бліжэй да дзесяці гадзін зноў людзі пайшлі фактычна адзін за адным. Тыя, хто нікуды не паехаў, прачнуліся, паснедалі ў рытме выхаднога дня, і не спяшаючыся кіруюцца на ўчастак, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак", - цытуе Святлана Яскевіч старшыню участковай камісіі Аляксандра Леванчука.
12.50. Адказваючы на пытанне карэспандэнта "Звязды" пра тое, наколькі больш свядома сталі беларусы ставіцца да выбараў, Лідзія Ярмошына заявіла: "Ёсць такі расхожы выраз: сон розума нараджае пачвару. У нас людзі валодаюць вялікімі магчымасцямі для атрымання інфармацыі. Яны добра інфармаваны яшчэ да выбараў, таму ў іх ёсць магчымасць зрабіць асэнсаваны выбар. Я ўжо не кажу пра тое, што з'яўляюцца дадатковыя метады ўплыву на выбаршчыкаў. Сёння паступіла скарга, што адзін з кандыдатаў у дэпутаты працягвае ў дзень выбараў агітаваць ў інтэрнэце. Трэба гэта праверыць. Хутчэй за ўсё гэта ролік, які быў запушчаны раней".
12.40. Тым часам наш карэспандэнт Вольга Мядзведзева паведаміла, што на выбарчым участку, арганізаваным пры Пасольстве нашай краіны ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, выбаршчыкаў частавалі блінамі, якія прыгатавалі жонкі дыпламатаў. Як інфармуе Вольга Мядзведзева, наша пасольства ў Кітаі загадзя звязалася з грамадзянамі Беларусі, якія стаяць на консульскім уліку, правяло інфармацыйную кампанію.
12.35. Па інфармацыі, агучанай старшынёй Цэнтральнай камісіі, у Цэнтрвыбаркам з сённяшняй раніцы паступіла 20 вусных скаргаў. 15 з іх - з Мінска. "Усе яны тычацца пытанняў уключэння і неўключэння ў спісы выбаршчыкаў, неатрымання запрашэння прыйсці на выбарчы ўчастак, гэта значыць, тыповыя руцінныя пытанні. Нічога трывожнага няма", - сказала Лідзія Ярмошына.
12.30. Лідзія Ярмошына паведаміла, што выбаршчыкі сталі з большым разуменнем ставіцца да рэкламных матэрыялаў Цэнтральнай выбарчай камісіі.
12.25. У асноўным выдаткі ідуць на аплату працы членаў выбарчых камісій - гэта парадку 87% ад агульнай сумы. Што да матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, то сума выдаткаў на яго адносна невялікая.
12.20. Па словах Лідзіі Ярмошынай, на сёлетнія выбары было выдаткавана 197 млрд недэмінаваных рублёў - гэта прыкладна 10 мільёнаў долараў. Па яе словах, фіксаваная сума выдаткаў на выбары не змяняецца.
12.15. Лілія Ананіч: "Міністэрства інфармацыі не ведае ніводнага выпадку адмовы замежнаму журналісту ў акрэдытацыі на парламенцкія выбары".
12.10. Лідзія Ярмошына нагадала, што 63% кандыдатаў у дэпутаты вылучаны ад партый.
12.00. "Назіральніка могуць пазбавіць адпаведнага статуса за тое, што ён здзяйсняе ўчынкі, несумяшчальныя са статусам назіральніка, - адзначыла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў на чарговай прэс-канферэнцыі. - Быў выпадак, калі назіральнік займаўся правядзеннем апытанняў на выхадзе з выбарчага ўчастка - гэта недапушчальна".
11.50. Наталля Кануннікава, назіральнік ад місіі СНД, наведала участак №29 у Гомелі. Ён размяшчаецца ў Палацы чыгуначнікаў. У гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" Ірынай Асташкевіч яна паведаміла, што звяртае ўвагу ў першую чаргу на тое, каб назіранне за выбарамі праходзіла празрыста. Наталля Кануннікава наведала каля 10 выбарчых участкаў, і ўсім задаволеная. Увогуле, яна ўжо не першы раз назірае за выбарамі ў нашай краіне, па яе словах, "сістэма правядзення выбараў адладжана добра".
11.40. Уласны карэспандэнт у сталіцы Дар'я Каско пабывала на выбарчых участках №№ 344 і 345, якія месцяцца ў адным будынку ў школе ў мікрараёне Сухарава. Па яе словах, выбаршчыкі масава пачалі прыходзіць з самай раніцы, прычым, што цікава, спачатку ішлі амаль адны мужчыны. Зараз жа на ўчасткі прыходзіць шмат сем'яў з дзецьмі, а таксама маладых людзей, якія галасуюць упершыню. Як паведамяляе Дар'я, выбаршчыкі, як правіла, уважліва вывучаюць выбарчыя праграмы кандыдатаў. У школе працуе буфет, праходзіць канцэртная праграма, падрыхтаваная вучнямі, у спартзале ладзяцца эстафеты, у якіх можна удзельнічаць усёй сям'ёй.
11.30. Уладзімір Дворнік, адказваючы на пытанне пра якасці кандыдатаў у дэпутаты, на падставе якіх ён зрабіў свой выбар, сказаў, што вельмі важна, каб кандыдаты ведалі, адкуль бярэцца кожны рубель.
11.20. Уласны карэспандэнт "Звязды" ў Гомелі Ірына Асташкевіч пабывала на выбарчым участку №25, які знаходзіцца у другім корпусе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Яна паведамляе, што толькі што там прагаласаваў старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Дворнік. Пасля ён павіншаваў студэнтаў, што прыйшлі на выбары ўпершыню.
11.10. Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік ў эфіра тэлеканала "Беларусь 1" адзначыў, што ход галасавання мае добрыя тэмпы. "За першыя дзве гадзіны дня выбараў прагаласавала столькі, колькі ў сярэднім галасавала на працягу кожнага дня датэрміновага галасавання", - праінфармаваў ён. Мікалай Лазавік паведаміў, што па стане на 10 раніцы прагаласавала 34% выбаршчыкаў.
11.00. Больш за 800 міжнародных назіральнікаў сочаць за ходам выбарчай кампаніі ў Беларусі. Уладзімір Бажко, каардынатар групы назіральнікаў ад Міжпарламенцкай асамблеі Садружнасці Незалежных Дзяржаў на парламенцкіх выбарах у нашай краіне, намеснік старшыні Мажыліса парламента Казахстана, сёння раніцай наведаў участак для галасавання Старавіленскай выбарчай акругі №476. Ён станоўча ацаніў той факт, што ў Беларусі магчыма атрымаць бюлетэнь для галасавання не толькі па пашпарце, але і па іншых дакументах.
10.50. Адказваючы на пытанне карэспандэнта "Звязды", Лідзія Ярмошына паведаміла: "Па-першае, змяненне выбарчага заканадаўства, па-другое, масавы ўдзел прадстаўнікоў палітычных партый - да канца, па-трэцяе, больш актыўныя тэледэбаты і тэлевыступленні. Увогуле кампанія гэта больш медыйная і больш актыўная чым тая, якая праходзіла 4 гады назад".
10.45. Міністр інфармацыі Лілія Ананіч паведаміла, што для працы ў Інфацэнтры і на выбарах акрэдытавана 698 прадстаўнікоў СМІ з Беларусі і з 25 дзяржаў свету.
10.40. Міністр інфармацыі нашай краіны, кіраўнік Інфармацыйнага цэнтра "Выбары-2016" Лілія Ананіч паведаміла, што інфацэнтр будзе працаваць да 24.00. "Або столькі, сколькі спатрэбіцца Цэнтральнай камісіі ", - паведаміла міністр.
10.35. За мінулую ноч інцыдэнтаў, звязаных з выбарамі, не было. Абстаноўка на выбарчых участках добразычлівая, працуюць буфеты. "Зроблена ўсё, каб на працягу дня галасавання выбаршчыкі адчувалі свята", - сказала падчас прэс-канферэнцыі старшыня Цэнтральнай камісіі.
10.30. Сёлета падчас датэрміновага галасавання бюлетэні атрымала на 300 тысяч выбаршчыкаў больш. Адпаведную статыстыку падчас прэс-канферэнцыі прывяла Лідзія Ярмошына.
10.25. Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў праінфармавала, што інфармацыйныя цэнтры па асвятленні выбараў існуюць ў Беларусі з 2001 года. "Практыка паказала, што гэта асабліва зручна для замежных журналістаў", - заявіла старшыня ЦВК.
09.55. Праз пяць хвілін адбудзецца адкрыццё Інфармацыйнага цэнтра Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарам і правядзенню рэспубліканскіх рэфереэндумаў"Выбары-2016".
09.50. Участковыя камісіі клапоцяцца, каб на ўчастках працавалі не толькі буфеты, але і была магчымасць для выбаршчыкаў паглядзець нешта цікавае. Так, со спартыўнымі дасягненнямі гродзенцаў прапануюць пазнаёміцца на выбарчым участку №6 у вучылішчы алімпійскага рэзерву. Там у фае з 10 да 15 гадзін будзе размешчана выстава "Гродзеншчына спартыўная".
09.40. Падчас галасавання не было зафіксавана сур'ёзных парушэнняў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў. Тым не менш, пачынаючы з 6 верасня, першага дня датэрміновага галасавання, на выбарчых участках дзейнічаюць узмоцненыя правілы бяспекі.
09.30. Карэспандэнт "Звязды" Барыс Пракопчык паведамляе з Гродна: на выбарчых участках №№ 28, 29 у Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў №1 з 8 да 8.10 раніцы віншавалі самых "ранніх" выбаршчыкаў - тых, хто не паляніўся ўстаць у нядзелю так рана і прыйсці прагаласаваць. Далучаемся да віншаванняў!.
09.25. У рэальным часе вы даведаецеся пра тое, як галасуюць не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах.
09.20. За межамі краіны датэрмінова прагаласавалі 1 400 грамадзян. Дарэчы наш карэспандэнт Вольга Мядзведзева збіраецца сёння прагаласаваць у Кітаі, там яна знаходзіцца ў службовай камандзіроўцы.
09.15. Больш за ўсё грамадзян (у працэнтным суаднясенні ад агульнай колькасці выбаршчыкаў у рэгіёне) датэрмінова прагаласавала ў Гомельскай вобласці - 35,23% (больш за 387 800 чалавек). Менш за ўсё - у сталіцы (25,89%).
09.10. На сайце Цэнтрвыбаркама апублікавана інфармацыя пра хаду датэрміновага галасавання - па стане на 9 раніцы 11 верасня прагаласавала больш за 30% нашых грамадзян.
08.55. Дарэчы, пра Інфацэнтр. Традыцыйна тут для працы журналістаў, назіральнікаў, экспертаў створаны ўсе ўмовы. Устаноўлены новыя ноутбукі, наладжана трансляцыя ў прэс-цэнтр з малой залы Палаца Рэспублікі, дзе будуць праходзіць кожныя дзве гадзіны прэс-канферэнцыі з удзелам кіраўніцтва Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
08.45. Добрай раніцы! Пачынаем нашу трансляцыю з Інфармацыйнага цэнтра "Выбары-2016"
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
У карабля «Рудакова» малады капітан.
На пяты набор прыйшлі 142 заяўкі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.