Вы тут

Каб жыццё на пенсіі было насычаным, знайдзіце сабе хобі


У нашай гераіні ў самых розных гарадах былога Савецкага Саюза ёсць каму патэлефанаваць і ў каго спыніцца.

Калі спытаць 65-гадовую Наталлю Хлапкову з Мінска, чым запоўнена яе жыццё, яна адкажа, не задумваючыся: «Сустрэчамі з сябрамі. У мяне іх вельмі шмат! Ну, і вучобай, вядома». Гэта зусім не значыць, што ёй няма чаго рабіць. Ёсць сям'я, муж, унучка, сад-агарод... Але яна ўжо даўно навучылася планаваць свой час — трое дзяцей, жаданне займацца любімымі справамі прымусілі.


Пра гаючую сілу мандалы

— Калі чую, што камусьці сумна, заўсёды дзіўлюся. Я вельмі люблю рукадзельнічаць. Нават у бальніцу брала з сабой ніткі і вязала, — распавядае Наталля. — Памятаю, у нас у палаце была адна жанчына — такі ныцік! Ёй усё было дрэнна. Тады я выкарыстала правераны метад. Кажу: пайшлі пагуляем (справа была летам). Недалёка ад бальніцы была прамтаварная крама. Мы пайшлі туды, купілі кручок, ніткі, я папрасіла мужа прывезці з дому некалькі часопісаў... І яна звязала круглую сурвэтку (цяпер такія называюць мандаламі). Мы яе павесілі на акно на круглым дроце (таксама муж мой прывёз)... І, ведаеце, гэтая жанчына «адышла». Яна перастала ныць! Так што рукадзелле валодае вялікай сілай! Але трэба, каб нам самім падабалася тое, што выходзіць з нашых рук.

Дарэчы, знаёмы мастак такой жа думкі. Неяк параіў, калі на душы цяжка, узяць у рукі фарбы і, калі не ўмееш маляваць, проста рабіць рознакаляровыя мазкі на паперы, выплюхваючы такім чынам свае эмоцыі. І арт-тэрапеўты ў адзін голас кажуць, што часам палёгка ад душэўных пакут ляжыць літаральна «на кончыках нашых пальцаў»...

Наталля Хлапкова ў маладосці.

«Не магу прамаўчаць, калі бачу нешта прыгожае»

Наталля Хлапкова любіць гаварыць людзям, нават незнаёмым, кампліменты.

«Мне, напрыклад, іх раней не казалі, — тлумачыць яна. — Ніколі не думала пра сябе, што харошанькая. І адзявалася вельмі сціпла: я са звычайнай сям'і, бацькам было цяжка нас, дзяцей, гадаваць. Затое цяпер адрываюся! Люблю прыгожа апранацца, пераважна ў тое, што зрабіла сваімі рукамі. Ахвотна раблю падарункі... І раздаю кампліменты: дзяўчынцы на аўтобусным прыпынку, сталай жанчыне з добрай стрыжкай... Не магу прамаўчаць, калі бачу нешта прыгожае».

У 65 гадоў ёй і самой хочацца зрабіць камплімент — такой маладжавай, падцягнутай, стыльнай, а самае галоўнае — добразычлівай і ўсмешлівай.

— Мне хочацца і падабаецца выглядаць маладзей, — смяецца Наталля. — Справа ў тым, што я трэцяе сваё дзіця — сына — нарадзіла ў 39 гадоў. І мне трэба было «выглядаць». Не хацелася, каб прымалі за яго бабулю. У нас ужо было двое дзяцей, але да ўнукаў было яшчэ далёка... А нам з мужам захацелася кагосьці маленькага. Вось і адважыліся! Цяпер сын ужо закончыў універсітэт, працуе праграмістам...

Першы запіс у працоўнай кніжцы пасля інстытута — прачка

Дарэчы, у Наталлі другі муж. З першым не атрымалася, хоць з яго сваякамі яна прасябравала ўсё жыццё. А ў маладосці разам з ім адправілася ў Далёкаўсходнюю ваенную акругу, куды таго размеркавалі як ваеннага. Так яны з двухмесячным дзіцем апынуліся на Чукотцы. Пражылі там 4 гады.

Наталля смяецца, што паехала туды ў «поўным узбраенні»: яшчэ ў школе навучылася шыць, вязаць і нават сталярнай і слясарнай справе! У інстытуце (вучылася яна ў наргасе, як тады называлі цяперашні Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт) Наталля адначасова з вучобай на эканамічным факультэце скончыла двухгадовы факультэт фотажурналістыкі. Гэта вельмі ёй потым спатрэбілася. Таму што працы для жанчыны ў дывізіёне не было амаль ніякай. Яна ўмудрылася там папрацаваць прачкай (з гэтага запісу пачынаецца яе працоўная кніжка), кухарам, планшэтысткай, тэлефаністкай. А потым заняла самую высокую ў дывізіёне пасаду для жанчыны — стала пісарам сакрэтнага справаводства. І ўзялі яе туды толькі таму, што яна ўмела фатаграфаваць. Так што факультэт фотажурналістыкі вельмі нават спатрэбіўся!

Наталля працуе тэлефаністкай на Чукотцы.

«Далей, мама, вучыся сама...»

Летась Наталля пайшла вучыцца ва Універсітэт трэцяга ўзросту. «Сын навучыў мяне карыстацца планшэтам і асновам работы на камп'ютары і сказаў: далей, мама, вучыся сама. Вось я і пайшла, каб стаць «прасунутай» карыстальніцай, — кажа суразмоўца. — Калі стала разбірацца ў камп'ютары, тут жа адшукала ў сацыяльных сетках усіх былых аднакласнікаў, ранейшых таварышаў па службе ў Далёкаўсходняй ваеннай акрузе, наогул усіх знаёмых. І мы ўсе такія свае!..

Памятаеце, калісьці мы, піянеры, займаліся перапіскай з сябрамі з іншых гарадоў і нават краін? Лістоў чакалі тыднямі! А цяпер я ліст напісала, электроннай поштай яго адправіла, і ён у тую ж хвіліну дастаўлены адрасату!»

«Хіба ж гэта не выдатна?! — не стамляецца захапляцца Наталля. — А колькі існуе магчымасцяў вучыцца! Тыя ж каналы Youtube могуць навучыць чаму заўгодна. Пры гэтым нават неабавязкова ведаць мову, проста глядзі відэа і вучыся на жывым прыкладзе! Я там убачыла выдатных партугалак, якія практыкуюць шыццё з абрэзкаў, выдатных вязальшчыц з Вялікабрытаніі...»

«Для адносін лепш, каб у кожнага былі свае захапленні»

Наталля вельмі рада, што ў Мінску ёсць Універсітэт трэцяга ўзросту. «У мяне ёсць сяброўкі, у якіх надта звузілася кола інтарэсаў пасля выхаду на пенсію: толькі дом, толькі сям'я! — тлумачыць Наталля. — Але ж нават унукам, калі яны падраслі, мы ўжо не настолькі патрэбны. У іх ужо свае інтарэсы. І з мужам адносіны, калі дзеці ўжо сышлі з дому, таксама могуць мяняцца. Бывае, людзі ўсё жыццё разам пражылі, а адно аднаго па-сапраўднаму і не ведаюць. І тады жыццё побач на пенсіі можа стаць выпрабаваннем. Некаторыя нават разыходзяцца: «Гэта не той чалавек, за якога я выходзіла калісьці замуж!»

Я лічу, для адносін лепш, каб у кожнага былі нейкія свае захапленні, хобі, каб кожны быў чымсьці заняты. Інакш пачынаеш адчуваць сябе нейкім непрыкаяным. Таму трэба знайсці сабе любімы занятак. Напрыклад, успомніць, што вам калісьці падабалася, але не было часу займацца гэтым.

У мяне адзін сябар пачаў на пенсіі фатаграфаваць. Ва Універсітэце трэцяга ўзросту я сустрэлася з 70-гадовай жанчынай, якая стала вывучаць англійскую мову. Здавалася б, навошта яна ёй? Але ў яе ёсць сваякі ў Польшчы, яна да іх ездзіць у госці. Польскую мову ведае, але хоча пачаць размаўляць з моладдзю па-англійску! А які выдатны 85-гадовы мужчына быў у нашай групе, дзе мы вучыліся карыстацца камп'ютарам! Доктар навук, светлая галава. Ужо дрэнна бачыць, дрэнна чуе, але не здаецца! Ён са мной побач на занятках сядзеў...»

Карысная парада... ад Наталлі Хлапковай

Гэта тычыцца ўсіх людзей ва ўзросце і тых, хто мае хранічныя захворванні. Няхай у вашым пашпарце заўсёды ляжыць спіс лекаў, якія вы прымаеце, калі вам становіцца дрэнна, а таксама — спіс рэчаў, на якія ў вас алергія. У выпадку непрадбачаных сітуацый гэтыя звесткі дазволяць граматна аказаць вам неабходную дапамогу.

Валанцёрства — гэта выдатна!

Ва Універсітэце трэцяга ўзросту Наталля, апроч іншага, узначаліла групу валанцёраў, якія працуюць у некамерцыйным праекце «Кнізе — другое жыццё». Яны заклікаюць мінчан апускаць кнігі, якія калісьці былі набытыя, прачытаныя і цяпер без карысці пыляцца на паліцах, у спецыяльныя зялёныя кантэйнеры, расстаўленыя па ўсім Мінску. Затым валанцёры гэтыя кнігі разбіраюць, сартуюць па тэматыцы і перадаюць у розныя сацыяльныя арганізацыі: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, прытулкі, дамы састарэлых, бальніцы.

— Я заўсёды шмат чытала, але дзякуючы валанцёрству столькі новых аўтараў адкрыла для сябе! — захапляецца Наталля. — Валанцёрства — гэта выдатна. Мы займаемся важнай працай, і я адчуваю сябе патрэбным чалавекам. І сама многа атрымліваю, шмат чытаю — да бібліятэкі ж не заўсёды дойдзеш. А з якімі цікавымі людзьмі даводзіцца сустракацца!...»

P.S. Вось такое насычанае жыццё ў нашай суразмоўцы. Сумаваць сапраўды не даводзіцца! А для таго каб быць у гушчы сяброў і падзей, у яе ёсць некалькі сакрэцікаў, якія на самой справе зусім і не сакрэты. Яны простыя, і, у прынцыпе, мы ўсе іх ведаем, але не ва ўсіх атрымліваецца так жыць. А трэба ўсяго толькі цікавіцца чымсьці і кімсьці. І яшчэ — шмат аддаваць. Не шкадаваць часу, каб навучыць нечаму карыснаму або цікаваму іншых. І аддача гарантавана!


Для чаго патрэбен камп'ютар пенсіянеру?

  • для аплаты камунальных паслуг анлайн (замест стаяння ў чэргах на пошце);
  • для анлайн-пакупак (не трэба насіць цяжкія сумкі прадуктаў);
  • для перапіскі (замест папяровых лістоў);
  • для чытання газет і часопісаў у электронным варыянце;
  • для стварэння фотаальбома, апрацоўкі і друку фотаздымкаў;
  • для праслухоўвання музыкі і прагляду фільмаў;
  • для прагляду тэлевізійных перадач без рэкламы (замест тэлевізара);
  • для дадатковага заробку да пенсіі з дапамогай інтэрнэту;
  • для займальных гульняў у хвіліны адпачынку;
  • для больш таннай сувязі са сваякамі і сябрамі (замест тэлефона).

Святлана БУСЬКО

busko@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА і з архіва гераіні

Загаловак у газеце: «І мы ўсе такія свае!»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.