Вы тут

Фільм пра беларускі фальклор перамог на кінафестывалі ў Канадзе


Дакументальны фільм «Песні старой Еўропы — старажытныя беларускія народныя песні», зняты беларускай Вольгай Дземкай, якая ўжо больш за дзесяць гадоў жыве ў ЗША, стаў пераможцам міжнароднага кінафестывалю Creatіon Internatіonal Fіlm Festіval CIFF-2016 (Канада).


Рэжысёр і прадзюсар фільма Вольга Дземка прыгадвае, што, хоць яна нарадзілася і вырасла ў Мінску, але шмат часу бавіла ў палескай вёсачцы, дзе жылі баба з дзедам, і там літаральна закахалася ў беларускія народныя песні. Некалькі гадоў дзяўчына сама спявала ў фальклорным калектыве Guda, а перабраўшыся ў 2003 годзе ў амерыканскі Сіэтл, заснавала там уласны гурт архаічных беларускіх народных спеваў Volya. У ЗША беларуска скончыла Інстытут мастацтваў па спецыяльнасці «камерцыйная фатаграфія», пэўны час працавала аператарам-пастаноўшчыкам, асістэнткай рэжысёра, рэжысёрам і прадзюсарам кароткаметражных фільмаў, музычных кліпаў і рэкламных ролікаў, а пазней прыступіла да рэалізацыі ўласнага праекта аб знікаючых культурных традыцыях Беларусі «Песні старой Еўропы». Дзеля таго, каб зняць гэты фільм, дзяўчыне спатрэбілася дапамога сяброў і аднадумцаў — праз краўдфандынгавую інтэрнэт-пляцоўку больш як паўтары сотні зацікаўленых беларусаў і амерыканцаў зрабілі свае грашовыя ўнёскі. Але іх усё адно не хапіла, і тады Вольга выдаткавала на праект усе сямейныя зберажэнні, а таксама ўзяла крэдыт у банку. «Колькі нам гадоў яшчэ засталося — 10, мо 15, пакуль адыдуць апошнія нашы бабулі, а разам з імі і песні, — тлумачыла Вольга неабходнасць прыспешыць здымкі. — Гэты фільм і праект наогул — з тых, якія робіш, бо не рабіць немагчыма, а часу застаецца ўсё меней».

У 2011 годзе дзяўчына здзейсніла этнаграфічную экспедыцыю па Гомельшчыне і Брэстчыне, дзе пераважна і адбываліся здымкі фільма. Да працы далучыліся кіраўнік этна-трыа «Троіца» Іван Кірчук, лідар гурта «Палац» Алег Хаменка, этнамузыколаг Тамара Варфаламеева, гісторык Сяргей Траццяк, шэраг беларускіх фолк-гуртоў, а таксама тэхнічныя і творчыя прадстаўнікі кінематографа з абедзвюх краін. Вынік — 60-хвілінны фільм, у якім гучаць 102 песні і музычныя кампазіцыі, а таксама з элементамі камп'ютарнай графікі і выкарыстаннем рэдкіх архіўных кадраў пачатку ХХ стагоддзя — быў прэзентаваны гэтым летам. «Нашы песні — гэта як піраміды для егіпцян, некаторыя з іх нават паходзяць з таго ж часу, але большасцю беларусаў успрымаюцца як нешта непапулярнае ці «калгас», — адзначае Вольга Дземка. — Я веру, што гэта ўсё ад недахопу ведаў, таму і здымала фільм, каб расказаць людзям усяго свету пра нашы песні». Днямі стала вядома, што праект «Песні старой Еўропы — старажытныя беларускія народныя песні» атрымаў прыз міжнароднага кінафестывалю CІFF-2016 як найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм.

Фота: belarusіan-songs.com

Далей, як плануе рэжысёр Вольга Дземка, фільм працягне падарожнічаць па фестывалях, будзе прэзентаваны шырокай аўдыторыі праз тэлебачанне, а пазней будзе распаўсюджвацца для ўсіх ахвотных праз інтэрнэт па прынцыпе «Назаві сваю цану» — гледачы змогуць паглядзець яго бясплатна, а могуць зрабіць грашовы ўнёсак любога памеру. Пакуль жа на афіцыйным сайце belarusіan-songs.com даступна ўся інфармацыя пра сам праект, здымачную групу, кадры са здымачнай пляцоўкі, трэйлер і ўрывак з фільма.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Песні старой Еўропы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.