Вы тут

Падчас парламенцкіх выбараў Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў


У нядзелю ўдзел у выбарах прыняў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай выбарчага ўчастка, пагутарыў з назіральнікамі. Па традыцыі Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні журналістаў. Спектр паднятых тэм аказаўся вельмі шырокі — ад функцыянальных абавязкаў будучых дэпутатаў, пытанняў палітычнага жыцця краіны, да беларуска-расійскіх перамоў па газавай праблематыцы, адносін з Захадам і шэрагу рэзанансных грамадска-палітычных тэм.


Пра функцыі парламента і выбарчы працэс

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дэпутаты павінны настройвацца на цяжкую і складаную заканатворчую работу. «Функцыя прыняцця законаў — выключна функцыя парламента. Таму галоўнае гэта, усё астатняе потым, — сказаў Прэзідэнт. — Імкненне ва ўладу — гэта нармальныя амбіцыі нармальных людзей. Але, каб яно не засталося банальным, трэба разумець, што, трапіўшы ў гэтую ўладу ў якасці, дапусцім, дэпутата, табе ўсё роўна прыйдзецца выконваць вельмі цяжкія рэчы: займацца заканатворчасцю і выконваць абяцанае, рабіць карыснае для дзяржавы і народа».

Што да выбараў у Беларусі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыкладаюцца ўсе намаганні да таго, каб па выніках выбарчай кампаніі з боку Захаду не было ніякіх прэтэнзій. Любы палітык і асабліва кіраўнік дзяржавы, лічыць Аляксандр Лукашэнка, зацікаўлены ў тым, каб у дачыненні да яго краіны не ўводзілася якіх-небудзь абмежаванняў і санкцый. Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што, калі Беларусі ставяць пэўныя ўмовы, ён перш за ўсё глядзіць на тое, ці адпавядае гэта інтарэсам краіны, ці ёсць магчымасць пайсці на той ці іншы крок. «Калі гэта магчыма, мы на гэта ідзём. Навошта залішне абвастраць абстаноўку? Таму мы рабілі ўсё, каб да нас было менш прэтэнзій», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб знешняй палітыцы і адносінах з Расіяй

Прэзідэнт зрабіў шэраг заяў, якія тычыліся знешняй палітыкі, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Беларусь імкнецца развіваць дыялог з Захадам не ва ўрон адносінам з Усходам. «Ніякай шкоды тут няма і быць не можа. Наш лёс такі — мы мост паміж Усходам і Захадам, і гэта наша роля», — падкрэсліў беларускі лідар. «У нас шматвектарная знешняя палітыка. Не думаю, што знойдзецца беларус, які будзе крытыкаваць уладу за гэтую шматвектарнасць», — дадаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, у хуткім часе ўзаемнае дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі і ЗША можа аднавіцца на ўзроўні паслоў: «Мы пра гэта ў прынцыпе дамовіліся. Калі — вы спытаеце ў амерыканскага боку. Думаю, пасля выбараў прэзідэнта ЗША мы вырашым і гэтую праблему». Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваім поглядам і на ход выбарчай кампаніі ў ЗША, яе магчымых выніках.

У адказе на адно з пытанняў прагучала заява і аб хуткім вырашэнні газавага пытання ў беларуска-расійскіх адносінах. «Учора скончыліся чарговыя перамовы на ўзроўні віцэ-прэм'ераў па гэтых пытаннях, — заявіў Прэзідэнт. — Практычна дамовіліся, стварылі нейкі дакумент». Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, калі ўзнікла гэта пытанне, ён адправіў па спецсувязі тэлеграму Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, у якой выказаў сваю думку ў некалькіх радках. «Ён адрэагаваў імгненна. І мы дамовіліся, што, раз ёсць праблема, яе трэба вырашаць», — адзначыў беларускі лідар. «Важна адно — дамовімся. Інакш быць не можа», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Без увагі не засталася і падтрымка беларусамі расійскай зборнай, адхіленай ад удзелу ў Параалімпіядзе, якая горача абмяркоўваецца ў СМІ. «Гэта салідарнасць, пратэст супраць несправядлівасці, і тут мы з расіянамі ў адной лодцы і будзем заўсёды іх падтрымліваць», — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка настойвае на неабходнасці дакладных доказаў фактаў ужывання допінгу і выступае супраць калектыўнай адказнасці. Прэзідэнт таксама падтрымаў ідэю нейкім чынам «страсянуць» Міжнародны алімпійскі камітэт і асабліва Сусветнае антыдопінгавае агенцтва.

Аб тарыфах на паслугі ЖКГ і аб моўным пытанні

Гаворачы пра пытанні ўнутранага развіцця краіны, Аляксандр Лукашэнка расказаў аб падыходах да фарміравання цэн на паслугі ЖКГ. Канцэптуальная пазіцыя заключаецца ў тым, што той, хто можа плаціць, павінен гэта рабіць у неабходным аб'ёме. Ёсць таксама вызначаны ліміт на павышэнне кошту гэтых паслуг у эквіваленце $5 у год. «У гэтым годзе ўсе вычарпана, ніякіх павышэнняў не будзе. Налета $5 будзе дакладна», — заявіў Прэзідэнт. «Мы яшчэ паглядзім, як будзе развівацца эканоміка і наколькі мы зможам падтрымаць людзей. Калі ў кішэнях нічога няма, то апошняе ніхто не мае права забраць. Бо мы атрымаем праблему, як ва Украіне — паднялі, як МВФ патрабаваў, на 100%. Велізарныя неплацяжы спарадзілі іншую праблему. Я гэтага не хачу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым лічыць правільным падыход да паступовага павелічэння працэнта кампенсацыі насельніцтвам кошту паслуг ЖКГ, але пры ўмове выпрацоўкі сістэмы, якая дазваляе падтрымаць у гэтым пытанні пэўныя слаі насельніцтва. Адпаведнае даручэнне было дадзена ўраду, і важны крок у гэтым напрамку — укараненне ў Беларусі з 1 кастрычніка гэтага года безнаяўных жыллёвых субсідый.

Прэзідэнт падчас размовы з журналістамі таксама адказаў на пытанні развіцця горадабудаўнічай палітыкі ў сталіцы, падтрымання здаровага ладу жыцця, больш шырокага выкарыстання ў зносінах беларускай мовы.

«Чаму мы імкнёмся ведаць англійскую, іспанскую, італьянскую, а рускую — не, асабліва частка нашай апазіцыі, — адзначыў Прэзідэнт. — Яна нам не чужая. Гэта не толькі маё меркаванне, але і большасці нашага народа».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што руская мова ў тым ліку важная для міжнародных стасункаў з жыхарамі краін постсавецкай прасторы, якія яе ведаюць і разумеюць. «Калі мы яшчэ тут, у моўнай праблеме, падзелімся — гэта будзе першы крок да дрэнных наступстваў, не толькі паміж Беларуссю і Расіяй», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі так склалася гістарычна, што большасць насельніцтва размаўляе менавіта на рускай мове. Разам з тым гэта не перашкаджае развіваць і сваю нацыянальную мову, падтрымліваць беларускасць.

Загаловак у газеце: У адпаведнасці з інтарэсамі краіны і народа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».