Прайсці шляхам першадрукара... Цяпер гэта зусім не фантазія. Дзякуючы гісторыку, калекцыянеру Уладзіміру Ліхадзедаву кожны ахвотны можа трапіць у свет XVІ стагоддзя і дакрануцца да таямніцы кнігадрукавання. Зрабіць самому паперу з ільну, пакінуць на ёй водціск з дапамогай станка з прэсам — усё гэта можна было паспрабаваць у рэаліях XXІ стагоддзя. Друкарскі двор, што разгарнуўся на Дні беларускага пісьменства ў Рагачове, прымаў усіх ахвотных. Карэспандэнт «Звязды» вырашыла таксама выпрабаваць на сабе справу старажытнага кнігадрукавання.
Папера з лёну
З'яўленне кнігі на свет пачынаецца з вырабу паперы. З гэтай далікатнай справы нараджэння на свет будучых старонак пачынаецца праца і ў Друкарскім двары. Я бяру ў рукі невялікае сіта — яно дакладна такога памеру, як і будучая старонка. Зачэрпваю старонкай-сітам студзяністую масу з лёну і накрываю рамкай. Трымаю асцярожна, каб не пашкодзіць...
Калі лішкі вады сцякаюць, здымаю рамку. Кладу яе на ліст лямцу, накрываю яшчэ адным. «Бутэрброд», які атрымаўся, у адмысловым прыстасаванні змяшчаю пад прэс. Майстар, што працуе тут, тлумачыць, як правільна трымаць ручкі прэса, каб мацней пракруціць яго. Сапраўды, уладкаваўшыся больш зручна, прыкладваю яшчэ некалькі намаганняў і зноў бачу, як выцякаюць лішкі вады.
Вызваляю старонку з абдымкаў лямцу, аднак бачу, што ў яе абарваныя краі. Першы плод, як той казаў, за плот! Але таго, хто задумаў ісці да канца ў справе друкарства, гэта не спыняе. Спрабую яшчэ раз, чэрпаю лён, накрываю, адціскаю... На гэты раз усё ў парадку. Можна сказаць, што першы экзамен па вырабе кнігі я здала на задавальняючую адзнаку.
«У даўніну папера рабілася з лёну, — каментуе Уладзімір Ліхадзедаў. — І дагэтуль яна лічыцца самай лепшай. Нездарма менавіта з лёну і сёння робяцца грашовыя купюры, таму атрымліваюцца вельмі трывалымі. Каб грошы рабілі з цэлюлозы, яны вельмі хутка парваліся б.
На папяровых млынах лён калісьці малолі. Спачатку ўручную, а затым на спецыяльным апараце (галендары), які вынайшлі ў XVІІІ стагоддзі. Усё даводзілі да аднароднай кансістэнцыі. Затым разводзілі вадой.
Такая папера называецца «чэрпанай», бо лён пры яе вырабе чэрпаецца з дапамогай рамкі...»
Адзінкі ў Еўропе
Ужо сухую паперу можна выкарыстоўваць для друку. Паколькі свежаму аркушу яшчэ трэба сохнуць, я бяру такі ж самы, але выраблены раней. Паперу закладваю ў рамку, фарбую «аснову», якая знаходзіцца на супрацьлеглым баку станка, і раблю водціск.
«Па старых чарцяжах, гравюрах XVІ стагоддзя адноўлены станок. Ён акурат такі, якім карыстаўся першадрукар, — каментуе Уладзімір Ліхадзедаў. — Зроблена матрыца з пэўным наборам літар, на яе тонкім слоем наносіцца фарба. Рамка з паперай прыкладваецца да матрыцы, іх падстаўляюць пад прэс. Самае важнае — каб шруба прыціснула паперу за паўабарота. Гэтага складана было дабіцца. Але мы змаглі наладзіць абсталяванне. Атрымліваецца, шруба цісне на прэс, а ён, у сваю чаргу, — на матрыцу. У выніку мы атрымліваем гатовы раўнамерны адбітак на паперы».
Шрубу, выкарыстаную ў гэтым станку, ва ўсёй Еўропе могуць зрабіць лічаныя спецыялісты. Аднак беларускі майстар Генадзь Катлінскі справіўся са складанай задачай. Ён і працаваў на гэтым станку, змешчаным у экспазіцыі. Вырабам ільняной паперы, дарэчы, займаўся сын Уладзіміра Ліхадзедава Дзмітрый. Побач, за яшчэ адным станком, шчыраваў добры сябар калекцыянера мастак Барыс Цітовіч.
192 тысячы водціскаў!
У хуткім часе гэтыя станкі, зробленыя па ўзору XVІ стагоддзя, знойдуць сталы прытулак — іх можна будзе бачыць не толькі на культурна-асветніцкіх мерапрыемствах. Уладзімір Ліхадзедаў плануе адкрыць музей друкарскай справы. Першапачаткова задумвалася, што месцам яго размяшчэння будзе старажытны Полацк — радзіма першадрукара і самога Ліхадзедава. Аднак пакуль там дамовіцца не ўдалося. Таму музей з'явіцца ў Вілейцы. Адтуль, у сваю чаргу, паходзіў рускі першадрукар Іван Фёдараў (як даказаў Невяроўскі і іншыя даследчыкі). У гэтым бачыцца пераемнасць са Скарынам, таму выбар месца не выпадковы. На аўкцыёне ўжо набыты будынак. Сімвалічна, але ў савецкі час у ім таксама размяшчалася друкарня.
«Вывучаючы друкарскую справу, я ездзіў па ўсёй Еўропе, прайшоў шляхам першадрукара, — распавядае Ліхадзедаў. — Я наведаў Майнз, радзіму Гутэнберга. Быў у музеях у Лейпцыгу, Базелі. У Чэхіі, Польшчы таксама вывучаў, якой была друкарская справа.
Калі абсталяванне, зробленае на ўзор XVІ стагоддзя, ужо наладжана і працуе, справу Скарыны разумееш па-іншаму. Хтосьці кажа, што ён усё друкаваў сам... Аднак мне робіцца відавочным, што ён, безумоўна, разумеў працэс, але сам не друкаваў усё, бо не змог бы фізічна. Толькі ў адной кнізе «Быццё» 192 старонкі. Яе наклад, як сведчаць эксперты,
быў 1000 экзэмпляраў. Таму трэба было зрабіць 192 тысячы водціскаў! А гэтаму яшчэ папярэднічала вялікая падрыхтоўка — зрабіць набор, вычытаць. Кажуць, што гэтую кнігу ён друкаваў год. Разумееш, якая гэта архіскладаная работа».
Прайшоўшы шляхам першадрукара, сваімі рукамі дакрануўшыся да вырабу паперы, да свежаадціснутых радкоў, я лепш разумею велічнасць справы Скарыны. Ужо не трэба толькі гартаць старыя дакументы і кнігі па гісторыі. Таямніца стварэння першай кнігі паўстае ўвачавідкі.
«Скарына — мой зямляк»
«Чаму я апантаны менавіта гэтай ідэяй? Магчыма, таму, што Скарына — мой зямляк. І мне самому гэта цікава, — заўважае даследчык. — Я маю ідэю зрабіць музей з дзеяннем. Аналагічныя ёсць у Еўропе, але іх па пальцах можна пералічыць. Дзесьці асобна працуе папяровы млын, дзесьці асобна — станок. А такога, каб чалавек зайшоў і адразу ўбачыў усё у комплексе, няма. Да таго ж я хачу паказаць друкарскую справу ад XVІ стагоддзя да XX».
Прадстаўленае на Дні пісьменства — толькі малая частка таго, што мае ці задумаў Уладзімір Ліхадзедаў. У яго музеі, які з'явіцца неўзабаве, можна будзе не толькі глядзець, але і самому друкаваць. Яшчэ і пакідаць на памяць водціскі — тады ўжо дакладна не выкінеш, будзеш захоўваць тое, што зроблена ўласнымі рукамі... Аднак без дапамогі дзяржавы і сур'ёзных мецэнатаў адкрыць музей будзе не так проста.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Рагачоўскі раён
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!