Вы тут

Паліна Каспяровіч: «Наступная Алімпіяда — дакладна мая!»


У канцы чэрвеня Еўрапейская федэрацыя фехтавання зацвердзіла каляндар спаборніцтваў на 2017 год. З 21-га па 26-га красавіка чэмпіянат кантынента U-23 пройдзе ў Мінску. Беларусы робяць стаўку на жаночую шаблю — з маладзёжных чэмпіянатаў Еўропы нашы дзяўчаты спраўна прывозяць медалі.


Фехтавальшчыкаў часта параўноўваюць з мушкецёрамі. Як адысці ад гэтага вобразу?! Вось і ў балгарскім Плоўдзіве бронзавыя медалі выйграла чацвёрка — Паліна Каспяровіч, Дар'я Андрэева, Ганна Іванішчанка і Аліса Утлік. Адказваць за прызёрак давялося... Атосу: у аднаго з герояў рамана Аляксандра Дзюма і Паліны Каспяровіч знайшлося шмат агульнага.

«Ляўшун вельмі абмяжоўвае суперніка, калі той не падрыхтаваны да гэтага», — сказаў Атос Д'Артаньяну пры сустрэчы. Самы спрактыкаваны з мушкецёраў быў універсалам, а з навічкамі распраўляўся адной левай. У гэтай руцэ трымае зброю і Паліна, дастаўляючы саперніцам вялікія нязручнасці.

— У нас ёсць прыёмы, якія сякуць ці колюць. Скажам, у шпазе ўразлівае ўсё цела цалкам — можаш трапіць і ў нагу, і ў палец. У шаблі ж залічваюцца ўдары толькі ў корпус. У які сектар меціць праўшун, адгадаць лягчэй. А вось абараніцца ад выпаду ляўшы не так і проста. Таму тут у мяне перавага.

Выйграўшы медаль на маладзёжнай «Еўропе», беларускі зрабілі бронзавы дубль. Такога ж поспеху яны дабіліся ў 2014 годзе. На гэты раз узнагароды аспрэчвалі не пяць, а дзевяць жаночых камандаў. І лёс бронзы вырашыўся ў апошні момант.

— Усе баі былі вельмі напружанымі. Па сетцы нам дасталіся моцныя саперніцы. Немак мы адолелі з розніцай у адзін удар — 45:44. Расіянкам прайгралі «на 38», але змагаліся да канца. У вырашальным паядынку сустракаліся з полькамі. Апошняй на дарожку выходзіла Даша Андрэева. Пры ліку 44:44 мы з Аняй Іванішчанкай накіраваліся да выхаду — спалілі ўсе нервы. Затым усё ж вырашылі застацца. Заплюшчылі вочы — і неўзабаве пачулі непадалёк крыкі радасці. За нас «хварэлі» і беларусы-рапірысты, і ўся мужчынская зборная Грузіі. Вядома, у гэты момант адчулі шчасце! Дзяўчаткі падтрымлівалі адна адну, былі вельмі згуртаваныя. Цяпер хочам гэтым жа складам добра выступіць у сябе дома. Памяняць бронзавыя медалі на якія-небудзь іншыя.

На закрыцці турніру чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Алена Бялова прыняла ў Плоўдзіва эстафету: у наступным годзе першынство кантынента пройдзе ў Мінску. Вядома, беларускіх гледачоў да яго трэба падрыхтаваць. На Захадзе так і робяць: у зале ўсталёўваюць вялікі экран, тлумачаць заўзятарам, што да чаго, каб тыя не глядзелі на дарожкі пустымі вачыма. З наскоку ўсе прамудрасці фехтавання не спасцігнуць, але засвоіць асновы можна. Фінты, ілжывыя ўдары, падманныя рухі — гэты від спорту належыць да разраду інтэлектуальных.

— Трэнер Рыгор Лапатнёў мяне вучыць: «Ты, як у шахматах, павінна разгадаць, які прыём задумала саперніца, і абыграць яе». Відэа баёў знаходзім у інтэрнэце, глядзім яго, разбіраем памылкі. Напрыклад, нядаўна рыхтаваліся да адной мексіканкі. Зразумелі, што яе атакі вельмі кароткія. Значыць, можна зрабіць дробную падрыхтоўку, адступіць назад. А калі саперніца «праваліцца» — біць яе па масцы. Трэба пастаянна думаць, аналізаваць, «уключаць галаву» ў
штодзённым жыцці. Даша Андрэева любіць разгадваць крыжаванкі. На «Еўропу» брала з сабой часопіс, увесь яго скрэмзала. Мы па меры сіл ёй дапамагалі, падказвалі. Ну і трэніравацца таксама трэба. Залу ў Мінску на вуліцы Фабрыцыуса дзелім з рапірыстамі, займаемся два разы на дзень. Яшчэ ёсць АФП — практыкаванні на вынослівасць, на каардынацыю. У шаблістаў бой доўжыцца ў сярэднім хвілін 9, але ўсё роўна нагрузка вялікая.

Акрамя камандных дасягненняў, у 20-гадовай Паліны Каспяровіч ёсць і асабістыя. Яна станавілася чэмпіёнкай Беларусі сярод юніёрак, была прызёркай этапаў Кубка Еўропы U-23. Сёлета спартсменцы зусім мала не хапіла, каб трапіць на Гульні ў Рыа.

— Заняла другое месца на кваліфікацыйным турніры ў Празе, а трэба было толькі першае. Вядома, расхвалявалася. Але нічога, наступная Алімпіяда дакладна мая. Адзіны, хто ўзрадаваўся такому раскладу, — мой хлопец. Андрэй начытаўся пра Бразілію розных страшылак і баяўся за маё здароўе. Наогул жа за мяне ён рады, хоць і далёкі ад спорту. Мы абое родам з Маладзечна. Так што на хатняй «Еўропе» пару электрычак балельшчыкаў забяспечым.

Аляксандр КАВАЛЁЎ

Загаловак у газеце: Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?