Усё проста: трэба ўважліва глядзець, прынамсі, калі на сцэне тэатр «Passe-Partout Dan Puric». Таму што ён працуе праз рухі і жэсты, нездарма ж спектакль, які можна было пабачыць у Маладзёжным тэатры ў Мінску, мае назву “Не словы”. Адзін паказ прайшоў у сталіцы – але пад крыкі “Брава!” і з абмеркаваннем зацікаўленых спецыялістаў. Ёсць пра што паразважаць: пры тым, што ў нас ёсць асобны фестываль пластычных таэтраў, але нельга сказаць, што наш глядач спешчаны вялікай колькасцю спектакляў, створаным у гэтым кірунку. Таму далей жыхарам Брэста варта сачыць за афішай тэатральнага фестывалю “Белая вежа”: гэты румынскі калектыў накіроўваецца туды.
Надзвычайны і паўнамоцны Пасол Румыніі ў Беларусі Віарэл Машану прадстаўляючы калектыў, адзначыў:
— За год, які я знаходжуся ў Беларусі, удалося пабачыць тут шмат прыгожых, знакавых мясцін, пазнаёміцца з цікавымі асобамі. Але так адбываецца, што сяброўскія адносіны, якія складваюцца, так ці інакш звязаныя з культурным жыццём у Беларусі. Гэта наш чацвёрты культурны праект, рэалізаваны ў Беларусі, і першы ў галіне тэатра. Прыватныая тэатральная кампанія «Passe-Partout Dan Puric» з Бухарэста добра вядомая ў Румыніі. Яе стваральнік і рэжысёр Адрыан Нор ужо знаёмы аматарам музыкі – ён прыязджаў у Беларусь і выступаў у складзе гітарнага трыо. Спектакль “Не-словы” – гэта спалучэнне сцэнічнага мастацтва, музыкі і танца.
Без словаў можна выказаць шмат: і гэтае “шмат” расцягваецца больш чым на паўтары гадзіны, якія доўжыцца прадстаўленне. Яно складаецца з безлічы асобных эпізодаў, падгледжаных, заўважаных, тых, што немагчыма было абысці і не запомніць: з іх складаецца жыццё. Не нейкага асобнага чалавека – тут няма сюжэту з нейкім героем, дакладным развіццём дзеяння. Як у калейдаскопе мяняюцца эпізоды, за кожным з якіх – думка ці захапленне, трапнае асэнсаванне ці рэмінісцэнцыя. І эмоцыі, якія далучае кожны глядач. А яны часам б’юць у патрэбныя кропкі, такжа дакладна, як і словы – таму іх можна прытрымаць пры сабе, раскласці на літары, якія развеяць у паветры. Сэнс складзецца ўсё адно.
Пра тое, які наш сучаснік, што існуе ў суцэльнай мітусні? Што робіць яго чалавекам, а што – супергероем? Пагадзіцеся, часам нашы сучасныя героі доўга спрачаюцца пра тое, хто будзе ратаваць чалавека ў небяспецы, ажно да той пары, калі гэты чалавек не ўратуе сябе сам. А хто думаў, як выглядае папулярны сёння фаст-фуд? Ці не значыць гэта “хуткае харчаванне”? А калі так, то такой ежы (няхай пры падачы яна выглядае смагча), лёгка не заўважыць. А ці лёгка заўважыць, калі нараджаецца каханне? Эгнергетыя гэтага пачуцця такая моцная, што нават дажджавыя хмары пачынаюць размнажацца – каб затрымаць пару пад адным парасонам даўжэй. А ёсць моманты, калі каханне можа не нараджацца, напрыклад, калі нехта з пары моцна закаханы ў самога сябе – тут няма што рабіць другому.
А ці здольныя кахаць прывіды?.. Вельмі тонка, з гумарам пададзеныя гісторыі, якія пасля спектаклю ўзнікаюць у памяці: як жа гэта зроблена – з фантазіяй і густам. На сцэне ўсяго чатыры акцёры, але за кожным – шмат вобразаў. Пластычнае вырашэнне дапамагае звязаць у адной кропцы і розныя прасторы: свет рэальных людзей перакрыжоўваецца са светам ценяў (і яшчэ не вядома, які рухае дзею) ці віртуальнай прасторай, у якую паступова сыходзяць героі і нават выканаўцы. Усё адносна. Але калі па-мастацку, з любоўю да гледача, то рассоўваюцца прасторы. Нават межы… становяцца пластычнымі.
Ларыса ЦІМОШЫК.
Фота Канстанціна ДРОБАВА.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.