Еўрапейскі вяшчальны саюз і Нацыянальная тэлекампанія Украіны нарэшце вызначыліся з горадам, які прыме конкурс «Еўрабачанне» ў 2017 годзе.
Пераможцам адбору стаў, што зусім не дзіўна, Кіеў (нагадаем, украінская сталіца ўжо прымала шоу ў 2005 годзе, а таксама дзіцячы конкурс — у 2009 і 2013 гадах). Як плануецца, удзельнікі 62-га песеннага конкурсу выступяць на сцэне Міжнароднага выставачнага цэнтра, які можа змясціць да 11 тысяч гледачоў.
Таксама былі канчаткова зацверджаны даты правядзення жывых канцэртаў «Еўрабачання»: першы паўфінал пройдзе ў аўторак, 9 мая, другі — у чацвер, 11 мая, а фінал — у суботу, 13 мая.
Акрамя таго, выканаўчы прадзюсар конкурсу Джон Ола Санд абвясціў, што ў краін, якія жадаюць налета выступіць у конкурсе, ёсць час да сярэдзіны кастрычніка, каб падаць у аргкамітэт папярэднія заяўкі. Канчаткова ж спіс краін-удзельніц будзе сфарміраваны напрыканцы 2016 года.
Расійскі прадзюсар прапанаваў Беларусі падрыхтаваць артыста для «Еўрабачання»
Ліст з такой ініцыятывай вядомы прадзюсар і музыкант Максім Фадзееў напрыканцы мінулага тыдня накіраваў на імя кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Паводле слоў прадзюсара, ён хацеў бы зрабіць падобны жэст у знак удзячнасці за ўчынак беларускага спартыўнага функцыянера, які разгарнуў расійскі сцяг на адкрыцці Параалімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра.
У сваю чаргу, як расказаў сам Фадзееў выданню Lіfe.ru, ён адчуў жаданне зрабіць «што-небудзь прыкметнае» і для Беларусі. Выявілася гэта ў лісце да Прэзідэнта Беларусі, дзе прадзюсар прапаноўвае «абсалютна бязвыплатна падрыхтаваць ад вашай краіны расійскага артыста на конкурс эстраднай песні «Еўрабачанне» ў 2017 годзе, які таксама ўздыме сцяг Рэспублікі Беларусь над сваёй галавой». Канкрэтных імёнаў кандыдатаў у лісце не названа. Фадзееў дадаў, што, незалежна ад рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі на гэты ліст, ягоная павага да кіраўніка дзяржавы і да ўсяго беларускага народа не пахіснецца ні на імгненне.
Пра рэакцыю кіраўніка Беларусі на гэту прапанову пакуль што нічога не паведамляецца, а вось у творчых колах яна не выклікала захаплення. У прыватнасці, канцэртны дырэктар гурта «J:Mopc» Руслан Старыкоўскі апублікаваў у сацыяльных сетках адкрыты ліст у адказ, дзе выказаў думку, што расійскі прадзюсар проста імкнецца раскруціць свайго новага артыста за кошт Беларусі. Шчырая дапамога прадзюсара беларусам, на думку Старыкоўскага, магла б
заключацца ў напісанні якаснай аранжыроўкі для беларускіх артыстаў. Зрэшты, ці пачуў Максім Фадзееў гэты зварот, застаецца невядомым.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
«Залатая падаплёка крылаў... »
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.