Вы тут

Конкурс «Кветкавыя фарбы» прайшоў у Воранава


Кветкаводы ўпрыгожылі сталіцу абласных «Дажынак».

На Гродзеншчыне ўжо традыцыя, што ў райцэнтр, дзе ў гэтым годзе ладзяць абласное свята работнікаў аграпрамысловага комплексу «Дажынкі», з'язджаюцца кветкаводы і ландшафтныя дызайнеры з усяго рэгіёна. Яны ўдзельнічаюць у конкурсе прафесійнага майстэрства і ўпрыгожваюць горад кветкавымі кампазіцыямі. Ініцыятары і арганізатары праекта — абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў і ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама.


Во­ра­наў­скі «рог да­стат­ку».

Сёлета прафесіяналы прыехалі на конкурс «Кветкавыя фарбы» ў Воранава. У іх распараджэнні былі тысячы кветак, дэкаратыўных раслін і кустоў, рознакаляровая мармуровая крошка, арыгінальныя канструкцыі і архітэктурныя формы. Па сутнасці, стаяла задача ператварыць пасёлак у вялікі кветнік, для чаго гаспадары вызначылі месца для кожнай каманды азеляняльнікаў. У выніку клумбы размясціліся і на ўездзе ў Воранава, і ўздоўж галоўных вуліц, і каля службовых будынкаў, і нават у дварах жылой забудовы.

Увогуле ў пасёлку з'явілася 15 тэматычных кветкавых кампазіцый. Сярод іх смаргонская «жар-птушка», карэліцкі «матылёк», навагрудскія «хіп-хоперы»... А, напрыклад, воранаўцы назвалі сваю кампазіцыю «рогам дастатку» — гэта вялізнае кветкава-мармуровае палатно з агляднай пляцоўкай. Шчучынцы спалучылі назву пасёлка з гербам Воранава, лідчане зрабілі рызыначкай сваёй кампазіцыі веласіпед, камунальнікі са Слоніма — разгорнутую кнігу з чарніліцай, іх калегі з Ваўкавыска — юнага гусляра... Свае «фішкі» былі і ў іншых удзельнікаў конкурсу.

Ка­рэ­ліц­кі «ма­ты­лёк».

Кожная каманда прэзентавала свой праект (з песнямі, вершамі) мясцовым жыхарам і, вядома ж, членам журы, якія ацэньвалі самыя розныя асаблівасці кветкавых твораў, у прыватнасці якасць і асартымент расады, выкарыстанне малых архітэктурных формаў, арыгінальнасць ідэі, нацыянальны каларыт. Вызначыць найлепшыя работы аказалася няпроста, бо кожная клумба не падобная да іншых.

— Усе канкурсанты падышлі да сваёй работы адказна і крэатыўна, абмяняліся з калегамі перадавым вопытам, новымі тэхналогіямі ў кветкаводстве, — зазначыў старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Барыс КАЗЯЛКОЎ. — Думаю, што многія кветкавыя шэдэўры, якія ўпрыгожылі Воранава, будуць яшчэ доўгі час радаваць мясцовых жыхароў і гасцей райцэнтра.

Пераможцаў і прызёраў конкурсу абласны прафсаюз узнагародзіў дыпломамі і грашовымі прэміямі, кожнага ўдзельніка — памятнымі падарункамі.

У наступным годзе кветкаводы і ландшафтныя дызайнеры збяруцца ў чарговай сталіцы абласных «Дажынак», прычым можна не сумнявацца, што з новымі ідэямі і праектамі. Паўтарацца ў іх не прынята.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prokopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Жар-птушка», «матылёк» і «рог дастатку» з'явіліся ў Воранава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».