Вы тут

Сакрэты працы інспектараў-кінолагаў і іх выхаванцаў


У адным з аддаленых раёнаў Брэста знаходзіцца ўстанова з шыкоўным забеспячэннем выхаванцаў. У кожнага тут ёсць асабісты «кабінет», для харчавання — уласная кухня, дзе насельнікам распрацоўваюць сваю дыету, а іх фізічнае здароўе дапамагае падтрымліваць уласная трэніровачная пляцоўка... Трэба толькі ведаць, што выхаванцы тыя — чатырохногія. У гадавальніку службовых сабак Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС нясуць службу каля дваццаці «барбосаў», а працуе з імі цэлы шэраг спецыялістаў, сярод іх — маладыя інспектары-кінолагі: старшына Дзмітрый ЯРАШУК і прапаршчык Мікалай ЗАБАЛАТНЕЎ.


Мі­ка­лай За­ба­лат­неў з Но­рай (зле­ва) і Дзміт­рый Яра­шук з Зеў­сам.

Энтузіязм і дзіцячая мара

— Сам я родам з Камянца, — пачынае аповед Дзмітрый. — Кінолагам, шчыра скажу, стаў нечакана для самога сябе. Пасля школы вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы прыборабудавання, але па адукацыі адпрацаваў каля месяца — прыйшла павестка з ваенкамата. Служыў у Мінску і тады ж вырашыў, што па вяртанні пайду працаваць у міліцыю. У абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы я прыйшоў на пасаду кіроўцы і часта пачаў перасякацца з кінолагамі. Гэта работа мяне зацікавіла, яна не такая манатонная, як круціць руль, ёсць творчыя моманты: кінолагі часта ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах, ездзяць у камандзіроўкі. Я папрасіў сяброў дапамагчы мне знайсці сабаку, і пачаў з ім працаваць. Лічыце, на голым энтузіязме, бо амаль нічога не ўмеў.

Пасля таго як Дзмітрый напісаў рапарт з просьбай аб пераводзе на пасаду інспектара-кінолага, яго накіравалі вучыцца. Спачатку на гадавальнік, дзе ён на працягу двух тыдняў асвойваў азы прафесіі, а потым на зборы ў вучэбны цэнтр Дэпартамента аховы ў вёсцы Гарані пад Мінскам, дзе малады чалавек правёў чатыры месяцы. Дзмітрый і нямецкая аўчарка Зеўс разам рабілі поспехі і памыляліся.

Стар­шы ін­спек­тар-кі­но­лаг Ан­тон Жалезнякоў пра­цуе з бель­гій­скай аў­чар­кай (ма­лі­нуа), якая вы­лу­ча­ец­ца хут­ка­сцю і ска­ку­час­цю.

На першым жа конкурсе прафесіянальнага майстэрства, у якім наваспечаны тандэм браў удзел, ён заняў чацвёртае месца з 14 пар. Тады ж маладога кінолага заўважыла кіраўніцтва гадавальніка і прапанавала працу. Першым часам даводзілася штодзень ездзіць з Камянца ў Брэст, але кватэрнае пытанне вырашылася: хлопцу выдзелілі жыллё ў інтэрнаце.

— Праца з сабакамі мяне пачала цікавіць гадоў у 13, — прыгадвае сваю гісторыю Мікалай. — У нас быў знаёмы, які захапляўся паляваннем. Вядома, меў гадаванца, з якім я ўвесь час вазіўся. Мы разам хадзілі ў лес, падчас гэтых прагулак гаспадар расказваў мне пра дрэсіроўку, я пачаў атрымліваць фрагментарныя веды. Калі прызываўся, у ваенкамаце, як той казаў, вынес усім мазгі: «Хачу ў кінолагі — і ўсё тут». У выніку трапіў у Мінск, у ахову войскаў паветранай абароны, дзе займаўся якраз сабакамі. Па вяртанні ў Брэст доўга не мог уладкавацца на працу, бо пра Дэпартамент аховы не ведаў. Неяк пачуў, што кінолагі патрэбны ў 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе. Уладкаваўся туды на «кантракт», але па сутнасці два гады адслужыў зусім па іншым профілі. Пасля нарэшце ў тэлерэкламе ўбачыў, што кінолагаў запрашаюць у Дэпартамент аховы. Мне адразу ж выдзелілі шчаня па мянушцы Нора. Вось ужо тры гады з ёй і працую, першы з іх яна нават жыла разам са мной на кватэры.

Са­ба­кі ра­зу­ме­юць сва­іх гас­па­да­роў без слоў.

Хто каго дрэсіруе?

Як жа наладжана праца самога гадавальніка? За кожным кінолагам замацавана па адным выхаванцы, якіх дрэсіруюць па так званым агульнапошукавым профілі. Усё пачынаецца з племянной працы — ёсць асобіны, якія выкарыстоўваюцца для размнажэння. Акрамя таго, калі ёсць жаданне, кінолагі маюць права самі шукаць сабе гадаванцаў. Шчанюкі праходзяць адбор, бо далёка не ўсе здольныя служыць у міліцыі. Спецыяльнае тэсціраванне дапамагае вызначыць фізічны стан жывёлы, а таксама яе працоўныя якасці і тэмперамент. Калі з першым аспектам усё проста (сабакі, якія маюць фізічныя заганы і праблемы са здароўем, адбракоўваюцца), то другі патрабуе вельмі ўважлівага падыходу. Шчаня павінна праяўляць цікавасць да працы з чалавекам, хутка рэагаваць на знешнія раздражняльнікі, карацей, быць актыўным.

Акрамя нямецкай аўчаркі ў гадавальніку ёсць і бельгійскія (дакладней, іх разнавіднасць з кароткай поўсцю — малінуа). Нягледзячы на ўніверсальнасць абедзвюх парод, апошняя вылучаецца сваёй высокай энергічнасцю. «Бельгійцы» па памерах і фізічнай сіле саступаюць «немцам», але пераўзыходзяць іх па хуткасці і спрыце.

— Як бельгійскую, так і нямецкую аўчарку трэба дрэсіраваць індывідуальна, — расказвае Дзмітрый. — Сабака не аўтамабіль, няма ўніверсальных методык для ўсіх. Да кожнай трэба падыходзіць па-свойму. Але агульныя моманты, безумоўна, падобныя. Выкарыстоўваюцца гульнявы метад, смака-заахвочвальны і іншыя. Галоўны прынцып — вучыцца трэба крок за крокам, ад простага да складанага. Пачынаем мы са знаёмства — шчаня павінна адрозніваць свайго гаспадара ад іншых. Кінолаг праводзіць з гадаванцам вельмі шмат часу, пастаянна гуляе з ім, наладжвае кантакт. Калі сабака пачынае вылучаць аднаго чалавека з шэрагу іншых, здалёк распазнае яго, можна ісці далей. Гэта добры падмурак і знак, што ўсё адбываецца паводле плана.

Пе­ра­адоль­ваць пе­ра­шко­ды кі­но­ла­гам ня­рэд­ка да­во­дзіц­ца по­руч з га­да­ван­ца­мі.

Потым задачы ўскладняюць. Каманды падаюць на большай адлегласці ці ўвогуле змяняюць памяшканне для дрэсіроўкі. Трапляючы ў новыя ўмовы, гадаванец звычайна спачатку забываецца пра свайго гаспадара, але пасля разумее, што самае цікавае для яго ў навакольным свеце — менавіта кінолаг. Шматразова паўтараючы гэты працэс, спецыялісты дабіваюцца таго, што сабака спраўна выконвае любыя каманды ў любых умовах, не звяртаючы ўвагі на абставіны і знешнія раздражняльнікі. Службовых сабак ад звычайных адрознівае тое, што яны не зацікаўлены нічым, акрамя работы з гаспадаром.

Пасля праходжання агульнага курса падрыхтоўкі (таго, што павінны ўмець усе службовыя сабакі: шэрагу простых камандаў і пераадолення паласы перашкод), надыходзіць чарга спецыяльнага. Гадаванцаў вучаць «браць след», выбіраць чалавека і рэчы, праводзіць вобыск памяшкання, шукаць гільзы, затрымліваць умоўнага злачынцу. Па дасягненні пэўнага ўзросту (звычайна 14 месяцаў) сабакам дазволена заступаць на службу. Іх і кінолагаў чакаюць экзамены, падчас якіх вызначаецца здольнасць выхаванца выконваць самыя розныя загады на адлегласці 25 метраў (для гэтага існуе спецыяльная пляцоўка). Калі выпрабаванні праходзяць паспяхова, можна прыступаць да нясення службы.

— Трэба сказаць, што сама дрэсіроўка не заканчваецца ніколі, — заўважае Дзмітрый. — У кінолагаў няма мяжы дасканаласці. Кожны навык можна развіваць бясконца доўга. Калі сабака нечага не ўмее, ён не можа паўнавартасна служыць. У кожнага кінолага ёсць свой план працы, своеасаблівы дзённік, дзе кіраўніцтва прапісвае, якія аспекты трэба ўдасканаліць. Да таго ж мы ўвесь час спрабуем новыя методыкі, якія «падглядаем» у калег з іншых рэгіёнаў на спаборніцтвах.

Галоўны профіль працы сабак у Дэпартаменце аховы, натуральна, ахова аб'ектаў. Пры любым парушэнні рэжыму на месца адразу ж выпраўляецца аператыўная група, у складзе якой можа быць і кінолаг з сабакам. Калі парушальнік здолеў уцячы, яго могуць хутка знайсці па слядах. Махнатыя вартаўнікі адпраўляюцца працаваць на спецыяльна абсталяваным аўтамабілі, у багажніку якога ёсць нават кандыцыянер. З сабой бяруць і так званы кіналагічны трывожны заплечнік, у якім захоўваецца ўсё патрэбнае для догляду сабакі. Графік дзяжурства — дзень праз два.

На­вык з шэ­ра­гу аба­вяз­ко­вых: пры­крыц­цё ўзбро­е­на­га мі­лі­цы­я­не­ра, у тым лі­ку і з ты­лу.

«Псіхалагічная зброя»

— Прымяняць веды на практыцы даводзіцца нярэдка, — кажа Мікалай. — У сярэднім раз на дзень нас куды-небудзь выклікаюць. Летась, калі не памыляюся, сярэдняя лічба якраз складала 1,2 выкліку за суткі. Праца бывае самай рознай, не толькі пошук па следзе. Асабіста я за апошні год раскрыў тры крымінальныя справы. Напрыклад, у гасцініцы адпачывала вялікая кампанія, каля дзесяці чалавек, і ў аднаго з іх скралі дарагі мабільны тэлефон. Па запісах камеры назірання мы ўстанавілі, што з пакоя ніхто не выходзіў, а значыць, тэлефон усё яшчэ ўнутры. Далі Норы панюхаць гаспадара тэлефона. Яна выбегла ў калідор, дзе стаяла кампанія, падышла да аднаго з яе ўдзельнікаў, пачала штурхаць носам. Правялі агляд і знайшлі ў бялізне той самы тэлефон.

Кінолагі расказваюць пра самыя розныя эпізоды са сваёй практыкі. Злодзей прайшоўся адразу па трох кватэрах у адным раёне — пакуль гаспадары вярнуліся дадому, сабака ўжо адшукаў злачынцу і ўсе зніклыя рэчы. Даводзілася шукаць пенсіянераў, якія пайшлі ў грыбы і заблудзілі ў лесе. І яшчэ дзясяткі самых розных гісторый... Кінолагі ўсміхаюцца — іх заробак залежыць ад работы гадаванцаў, бо за раскрыцці злачынстваў супрацоўнікам даюць прэміі.

...Разам з кінолагамі выходзім на экскурсію ў двор. Спачатку разглядаем «казармы»: паабапал дарожкі размяшчаецца некалькі дзясяткаў загонаў, аддзеленых сеткай (па прызнанні кінолагаў, для той жа малінуа пераскочыць такую перашкоду няцяжка, але дрэсіроўка адвучвае іх ад жадання гуляць самастойна). У кожным загоне знаходзяцца міска, паілка і зімні кабінны павільён, дзе штодзень мяняюць салому. Здзіўляе, што на прыход пабочных людзей сабакі амаль не рэагуюць, а вось калі на гарызонце з'яўляюцца кінолагі, іх выхаванцы, здаецца, гатовы выскачыць са скуры ад радасці.

Дзмітрый з Зеўсам і Мікалай з Норай дэманструюць нам свае навыкі. Узровень вывучкі сабак уражвае: усе загады яны выконваюць па камандзе як жэстамі, так і голасам. Асабліва відовішчна аўчаркі праходзяць паласу перашкод, пераадольваючы двухметровыя сценкі за долі секунды. Здаецца, што сабакі разумеюць гаспадароў на нейкім падсвядомым узроўні: прыкрываюць тыл падчас руху, прыкідваюцца мёртвымі і ў любы момант гатовы рвануць наперад, каб затрымаць злачынцу.

— Па-сапраўднаму атакаваць людзей службовым сабакам амаль не прыходзіцца, — кажа Мікалай. — Бываюць выпадкі, калі трэба прыехаць разабрацца з агрэсіўнай моладдзю дзе-небудзь на дыскатэцы. Выклікаюць кінолага, ён прыязджае на месца і загадвае сабаку падаць голас — праз секунду смеласць у хуліганаў знікае. Часам на затрыманнях трэба, каб злачынца не рухаўся, а смірна стаяў тварам да сцяны. Тады кінолаг папярэджвае, што пры любым руху аўчарка можа без папярэджання атакаваць пахвінную зону. Затрыманыя стаяць, як статуі, зрэдку паглядваючы на свайго вартаўніка. Службовы сабака — гэта яшчэ і псіхалогія, таму яны вельмі моцна дапамагаюць міліцыі. І вы не глядзіце, што бельгійскія аўчаркі выглядаюць не так пагрозліва, як «немцы» — гэты сабака з лёгкасцю збівае з ног дарослага чалавека, а сіла ўдару такая, што ён сам можа атрымаць кампрэсійную траўму.

Усім гадаванцам прызначана двухразовае сілкаванне. Адзін за суткі можа з'ядаць кілаграм фаршу, 600 грамаў круп, 200 грамаў бульбы, 100 грамаў гародніны — неблагое меню! Штодзень рацыён мяняецца — харчаванне павінна быць збалансаваным.

— Гэта не проста праца, — падводзіць вынік нашай сустрэчы Мікалай. — Нельга прызначыць на такую работу «выпадковага» чалавека, які не любіць сабак, бо ў яго нічога не атрымаецца. Мы практычна ўвесь свой час аддаём гадаванцам, разам працуем, снедаем, вячэраем. Ці люблю я сваю працу? Безумоўна, я гатовы прысвяціць гэтаму ўсё жыццё.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Брэст — Мінск

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: У страі з Зеўсам і Норай

Каментары

Дзякуй, спадабалася.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.