Вы тут

Фатограф-анімаліст: не страшна браць жывёл з вуліцы ці прытулку


Фатограф-анімаліст і валанцёрка дабрачыннага аб'яднання «ЗААшанц» Аляксандра Пяхота дапамагла знайсці дом дзясяткам кошак і сабак і нават арганізавала ўласную выставу. «Падарожжа дадому» — гэта цыкл фотаздымкаў, прысвечаных жыццю бяздомных жывёл. «Чырвонка. Чырвоная змена» пагаварыла з чалавекам, які неабыякавы да лёсаў братоў нашых меншых.


— Чаму вырашыла займацца валанцёрствам?

— Неяк я была на вулічных здымках і ўбачыла жанчыну з сабакам. Часта гавораць пра падабенства паміж гаспадаром і гадаванцам — у гэтым выпадку яно было бясспрэчным. На асацыятыўным узроўні адчула іх знешняе і ўнутранае адзінства. Мяне адразу пацягнула да іх, захацелася пазнаёміцца бліжэй. Праз пэўны час я ўжо ведала, што мая суразмоўца вельмі любіць свойскіх жывёл і гэтага сабаку выратавала, даведаўшыся пра грубае абыходжанне з ім папярэдніх гаспадароў. Ад «парачкі» зыходзілі флюіды дабрыні, што і натхніла мяне заняцца валанцёрствам.

— Але пачала ты не адразу...

— Так, у мітусні будняў страціла долю цікавасці да гэтай праблемы. Але лёс зноў падкінуў шанц. Я шукала ката па просьбе знаёмай і наткнулася на групу «УКантакце» «Дапамога бяздомным жывёлам». І тут убачыла незлічоную колькасць коцікаў і сабачак, якія засталіся без даху і ежы, тое, у якім яны жудасным фізічным стане...

— А сама трымаеш свойскіх жывёл?

— У мяне тры кошкі. У Мілы атрафіравана задняя частка тулава, яна не ходзіць... Трапіла да мяне выпадкова. У маёй знаёмай неяк збег кот, і я вызвалася дапамагчы ў пошуках. Неўзабаве да нас падышоў мужчына і прамовіў: «Здаровага кагалам шукаеце, а ці возьмеце хворага?» Ён расказаў нам, што падабраў кошку на вуліцы і доўгі час выходжваў яе, але працягваць ужо не можа: няма ні грошай, ні часу. Крыху пазней я звязалася з ім і забрала небараку. Вазіла Мілу да найлепшых ветэрынарных лекараў, але прагноз быў адзін — усыпляць. Гэтага я зрабіць не магла, таму стала вывучаць інфармацыю ў інтэрнэце, рабіла масаж, забяспечыла спакой хворай. І ўжо назіраецца пэўны прагрэс: у яе з'явіўся апетыт, ёсць кантакт пры дотыку. Лекары гавораць, што гэта проста рэфлексы і яна па-ранейшаму ў цяжкім стане, але мне хочацца верыць у лепшае.

— Якія асаблівасці трэба ўлічваць пры здымках жывёл?

— Фатаграфаванне — апошняя прыступка на шляху да ўладкавання кацяняці ў сям'ю.

Перад тым валанцёры дэзынфіцыруюць, стэрылізуюць жывёлу і толькі потым аддаюць у рукі фатографу. Мая задача — паказаць характар «мадэлі», яе ўнікальнасць. І часам прыходзіцца вельмі цяжка, бо кошкі, у адрозненне ад тых жа сабак, ганарлівыя і свавольныя. Яны не будуць падладжвацца пад вас, калі ім гэта нецікава. Першыя некалькі хвілін назіраю. Я не стаўлю «мадэль» у пэўную позу, каб сфатаграфаваць. Толькі дапамагаю ёй раскрыцца, «паказаць» сябе.

— А як спраўляешся з эмоцыямі?

— Першы час было вельмі цяжка. Хацелася паціскаць «мадэль», пагуляць з ёй. Часта слёзы наварочваліся ад аднаго толькі позірку жывёлы. Заўсёды змагаюся з жаданнем забраць іх усіх сабе (смяецца). Але потым бярэш сябе ў рукі і здымаеш.

— Так, партфоліа ёсць, што далей?

— Шукаем гаспадароў. Гэта самы адказны момант, бо ад яго залежыць уся наша справа. Фотаздымкі выкладваюцца на сайце «ЗААшанц».

З патэнцыяльнымі гаспадарамі праводзіцца псіхалагічная гутарка. Мы аглядаем памяшканне, дзе жыве чалавек, пытаемся пра заробак, узрост дзяцей, наяўнасць працоўных камандзіровак і інш. Калі заўважаем, што кліентам рухаюць эгаістычныя мэты, то адразу адмаўляем.

— Нядаўна прайшла твая выстаўка «Падарожжа дадому». Раскажы пра яе.

— Я хацела праілюстраваць гісторыі коцікаў, якія шмат пакутавалі, але ўсё ж такі знайшлі свой дом. Ёсць і выявы тых, хто пакуль адзінокі, у іх ліку сляпы кот Моня, ласкавы, рахмяны... Сэнс выстаўкі — паказаць, што не страшна браць жывёл з вуліцы ці прытулку. У дзень адкрыцця гасцям былі прапанаваны сувенірныя паштоўкі і магніты, а атрыманыя грошы пайшлі на дапамогу прытулку. Мы запрасілі гаспадароў, якія забралі безнадзейна хворых кошак, каб яны падзяліліся сваім вопытам. Было прыемна, што людзі неабыякавыя да гэтай праблемы і нават прапаноўвалі свае паслугі. Спадзяюся, што па выніках выстаўкі людзі будуць больш адкрытыя ў дачыненні да братоў нашых меншых і кожны коцік знойдзе сям'ю.

Алена Якавенка

Загаловак у газеце: Флюіды дабрыні для тых, каго прыручылі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».