Доктар эканамічных навук, у нядаўнім мінулым дарадца Прэзідэнта па эканамічных пытаннях, кітаязнаўца, а таксама складальнік і адзін з аўтараў кнігі «Фінансавая дыета» Кірыл Руды быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у КНР 12 ліпеня гэтага года. Учора ён уручыў Старшыні КНР Сі Цзіньпіну даверчыя граматы. Мы сустрэліся з ім у беларускім пасольстве ў Пекіне 11 верасня, у дзень асноўнага галасавання за кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання. У той дзень у пасольства прыйшло шмат людзей, і кіраўнік беларускай дыпламатычнай місіі змог удзяліць увагу кожнаму, хто жадаў з ім пагутарыць. Журналіст «Звязды» таксама скарысталася шанцам, каб задаць некалькі пытанняў.
— Кірыл Валянцінавіч, вы ўжо месяц знаходзіцеся ў Кітаі ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь. Якія першыя ўражанні ад новай пасады?
— Уражанні зводзяцца цяпер да досыць напружанай працы, бо мы рыхтуем візіт кіраўніка нашай дзяржавы, які адбудзецца ў канцы верасня. Таму ўсе сілы кінуты на падрыхтоўку дакументаў па напаўненні візіту, па арганізацыі кітайскіх дэлегацый у Беларусь і беларускіх — у Кітай. Зараз адбываецца падвядзенне пэўных вынікаў мінулых сустрэч прэзідэнтаў дзвюх краін і фарміраванне планаў на будучыню.
— Якія чаканні ад гэтага візіту?
— Ёсць галоўныя сферы, якія будуць вырашаць самі прэзідэнты. Мы рыхтуем дакументы, якія будуць імі падпісаныя на падставе іх асабістай дамоўленасці.
Што да эканамічнага напаўнення, то плануецца супрацоўніцтва ў сферы вытворчых патэнцыялаў. Гэты тэрмін, які выкарыстоўваецца ў Кітаі, мае на ўвазе стварэнне сумесных прадпрыемстваў.
Напрыклад, дырэктар буйной кітайскай кампаніі Zoomlіon па вытворчасці кар'ернай і спецыялізаванай тэхнікі (аналаг нашага МАЗа) ужо быў у Беларусі, сустракаўся з Прэзідэнтам, і ўжо маюцца планы па стварэнні сумесных прадпрыемстваў.
Таксама прапрацоўваюцца дамоўленасці аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў з БелАЗам, таму ў прынцыпе нашы буйныя беларускія брэнды, калі яны паспяхова правядуць перамовы і падпішуць канкрэтныя дакументы падчас гэтага візіту, маюць добры шанц палепшыць свой фінансавы стан.
— Гэтыя дамоўленасці могуць стаць прарыўнымі?
— Усё залежыць ад таго, наколькі бакі зацікавяць адзін аднаго. Гэта могуць быць і невялікія кантракты, якія на фоне ўсяго супрацоўніцтва не акажуць прарыўнога ўплыву для нашых прадпрыемстваў. Трэба дачакацца вынікаў.
— Кітай для вас ужо вядомая краіна. Ці сутыкнуліся вы з нейкімі новымі момантамі за гэты месяц?
— З-за інтэнсіўнасці работы, якая цяпер адбываецца, цяжка прааналізаваць і зразумець, што тут змянілася. Але ў цэлым Кітай паважае кампетэнтных людзей, якія адстойваюць свае інтарэсы, заяўляюць пазіцыю; людзей падрыхтаваных, паслядоўных, якія выконваюць свае абавязацельствы. На гэтым заснаваны сапраўдны Кітай. Ён рашучы і паслядоўны. Гэта значыць, прымае рашэнні і крок за крокам ідзе да іх рэалізацыі. Калі яго партнёры нерашучыя і непаслядоўныя, то гэта выклікае недавер з боку кітайскіх партнёраў.
— Наколькі беларускі бок, на ваш погляд, бывае гатовы весці справу з Кітаем?
— Я заўважыў, што ў нас да Кітая полюсныя адносіны: з аднаго боку, мы яго лічым панацэяй ад усіх праблем, лічым, што кітайскі вопыт унікальны і трэба яго пераймаць без аглядкі.
Між тым у Кітаі вялізная колькасць нацыянальных меншасцяў, гэта найвялізнейшая краіна, дэ-факта федэратыўная, тут шмат правінцый. Акрамя таго, Кітай мае багатую тысячагадовую гісторыю. У Кітая вельмі шмат спецыфікі, якую мы не ўлічваем, калі спрабуем слепа капіраваць кітайскі вопыт.
З другога боку, існуе думка, што Кітай — гэта нешта зусім асаблівае, што яго вопыт ніколі нельга выкарыстоўваць у нас. Я займаю больш цэнтрысцкую пазіцыю, імкнуся згладжваць вострыя вуглы і лічу, што варта выбіраць элементы, фрагменты з кітайскага вопыту, прыглядацца, праводзіць эксперыменты. Калі атрымліваецца — укараняць, калі не атрымліваецца — значыць, гэта не наша. Мы невялікая еўрапейская краіна, і трэба глядзець на наш патэнцыял, на наш рэзерв трываласці.
— Што з кітайскага вопыту вам здаецца найбольш цікавым на сённяшні момант?
— У 2015 годзе старшыня Кітая Сі Цзіньпін асабіста аб'явіў структурную рэформу прапановы.
Ён сказаў, што праблема ў эканоміцы не ў тым, што няма попыту, а ў тым, што прапанова неадэкватная. Кітайцы купляюць шмат імпартных рэчаў, плацяць грошы замежным вытворцам, бо тое, што ім прапануецца ўнутры Кітая, горшай якасці. Таму трэба мяняць сістэму прапановы. І галоўны акцэнт рабіць на неэфектыўных прадпрыемствах. Або закрываць іх (і тады даваць людзям новыя працоўныя месцы), або аб'ядноўваць найбольш моцных з тым, каб тыя выходзілі на сусветны рынак і былі больш канкурэнтаздольнымі. У Кітаі, дарэчы, не аб'ядноўваюць моцнага са слабым, каб тым самым не аслабіць першага. Аб'яднаныя такім чынам прадпрыемствы выштурхоўваюць за мяжу, каб яны там асвойваліся і канкурыравалі.
Гэта цікавая рэформа, якая сёлета праводзіцца, яе яшчэ складана ацаніць, але дакладна відаць, што яна рашучая і паслядоўная. У такіх галінах, як металургія, сталеліцейная прамысловасць, Кітай паставіў планы па закрыцці прадпрыемстваў, скарачэнні вытворчасці і нават стымулюе кампаніі, якія закрылі свае магутнасці. Калі ў Беларусі часам ставяцца мэты павялічыць вытворчасць, то тут мэта — неэфектыўныя вытворчасці скараціць. Гэта робіцца, каб аздаравіць эканоміку і зрабіць рост яе больш устойлівым.
Думаю, гэты вопыт трэба вывучаць, прыцягваць у Беларусь кітайскіх экспертаў, каб яны расказвалі пра яго і дзяліліся. Трэба, каб сюды прыязджалі нашы дэлегацыі не толькі дзеля заключэння кантрактаў на ўзроўні прадпрыемстваў, але каб прыязджалі тыя, хто фарміруе эканамічную палітыку на ўзроўні міністэрстваў, каб яны на месцы ўбачылі, як праводзіцца такая палітыка ў Кітаі.
— Апошняе пытанне бытавога плана. Як гэты месяц прайшоў для вас і супрацоўнікаў пасольства? Наколькі ўсе ўладкаваліся?
— У жніўні было вельмі горача. Мы ўсе вельмі рады, што надвор'е нарэшце стала камфортным. Нас усе пужалі смогам, але пакуль што мы бачылі, як правіла, чыстае неба, прыгожыя аблокі. Так што жывём няблага.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, г. Пекін
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.