Вы тут

Першыя здабыткі і расчараванні брэсцкага тэатральнага фестывалю


Тэатральнае свята працягваецца ў Брэсце. На яго адкрыцці старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук запэўніў прысутных, што фестываль, які стаў культурным брэндам горада, будзе жыць далей. І гэта вельмі радуе. Сёння, калі адняць не толькі ад культурнага, але і ў цэлым ад грамадскага жыцця міжнародны форум тэатраў, дык брэсцкая восень стане самай звычайнай восенню правінцыяльнага горада. А калі да нас прыязджаюць тэатралы з розных канцоў свету, то ёсць нагода адчуць сябе часткай сусветнага культурнага працэсу. Асабліва калі пашчасціць патрапіць у сапраўдны тэатр.


«Два­нац­ца­тая ноч»  На­цы­я­наль­на­га ака­дэ­міч­на­га дра­ма­тыч­на­га тэ­ат­ра імя М. Гор­ка­га.

Хоць гэтым разам, варта адзначыць, такіх узрушэнняў, якія летась, напрыклад, выклікала пастаноўка рыжскага тэатра «Фро», пакуль не здарылася. Можа, сапраўдныя адкрыцці чакаюць нас наперадзе. Але і першыя дні падарылі некалькі сустрэч з добрым тэатрам. Найперш трэба сказаць пра вулічны спектакль «Чайка» Львоўскага акадэмічнага тэатра «Уваскрэсенне».

Названы калектыў на брэсцкім форуме — не навічок, а адзін з самых надзейных сяброў. Вулічныя пастаноўкі львоўскай трупы ў папярэднія гады заваёўвалі гран-пры, адзначаліся іншымі ўзнагародамі, а галоўнае, выклікалі захапленне публікі. І на гэты раз любімы тэатр не падмануў чаканняў!

Для непадрыхтаванага гледача, які трапіў на падобную дзею ўпершыню, відаць, напачатку шмат што здалося незразумелым. Таму некаторыя з маладых людзей адкрывалі тэкст п'есы Чэхава на ўласных смартфонах і спрабавалі супаставіць яго з тым, што адбывалася на плошчы. Але ж рабілі гэта дарэмна. Тэкст тут быў зусім не галоўным, яго можна было наогул не ведаць. Рэжысёр Яраслаў Федарышын паказаў сваю інтэрпрэтацыю твора праз прыёмы вулічнага тэатра. Ды на мове жэстаў і позіркаў можна сказаць часам больш, чым словамі. Спектакль у розныя яго моманты можна было назваць філасофскай прыпавесцю, роздумам, феерыяй. Белыя крылы, якія герой «Чайкі» Косця Траплёў дорыць іншым удзельнікам дзеі, усяляюць веру, заварожваюць. Але крылы — гэта не толькі ветразі надзеі, гэта смутак істоты з надламаным крылом. Калі ўважліва сочыш за тым, што адбываецца, з'яўляецца нейкі дзіўны эфект 3D — тваёй прысутнасці сярод дзеі. У гэтым і фішка рэжысёра: ён гэта зрабіў — прымусіў здзіўляцца, здагадвацца, суперажываць і думаць... Пра каханне, мары, проста пра існасць жыцця. А калі на сцэну вывозяць велізарныя драўляныя шкілеты дыназаўраў, скурай адчуваеш, як усё праходзіць. Пройдзе і наш час разам з намі. Таму варта жыць сёння, адчуваць, радавацца, любіць! Калі нас вось на гэтай плошчы прымусілі адчуць гэта, то варта крыкнуць «брава!» і рэжысёру, і ўсёй яго камандзе.

Вельмі няпростая для асэнсавання работа Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра «Казіны востраў». І справа крытыкаў разбіраць па паліцах прафесіянальныя знаходкі ці няўдачы аўтараў пастаноўкі. Але я паставіла б вялікі плюс насупраць названай тэатральнай падзеі нашага фестывалю. Аўтары вызначылі спектакль як містычную гісторыю-прыпавесць. І менавіта як прыпавесць аб мужчынах і жанчынах, аб страсцях чалавечых яна вельмі чапляе. Піцерскі рэжысёр Іскандэр Сакаеў увасобіў на сцэне п'есу італьянскага пісьменніка Уга Бэтці «Казіны востраў», напісаную ў 1946 годзе. Казіны востраў — дзіўнае маркотнае месца, дзе ў вялікім старым доме жывуць тры жанчыны: маці, дачка і цётка, яна ж залвіца. Галава сям'і, не вельмі зразумела як, трапіў ці то ў турму, ці то ў фашысцкі канцлагер і там загінуў. Жанчыны валодаюць казіным статкам, з яго, падобна на тое, і кормяцца. Жыццё іх аднастайнае, кожная паасобку пакутуе ад адзіноты. Але ў іх доме нечакана паяўляецца мужчына, які быў у зняволенні разам з гаспадаром дома, таму і даведаўся пра іх. Анджэла — крыху дзіўны чалавек. Ён умела карыстаецца жаночай тугой па каханні і нядрэнна ўладкоўваецца. Жыве як сапраўдны дармаед за іх кошт і пры гэтым не абыходзіць увагай ніводную. А жанчыны — што з імі робіцца? Нібы д'ябал пацешыўся, калі прымусіў кожную агаліць усё сваё душэўнае чарноцце. Асабліва старэйшая з іх, Агата, здаецца, страчвае канчаткова чалавечае аблічча... Гэта павінна было дрэнна скончыцца, а сканчаецца вельмі дрэнна. Двое герояў гінуць. Не варта выракацца чалавечага ні для чога, бо любы востраў ці нават мацярык могуць стаць востравам слёз і магілай для душы — так міжволі думаецца ў фінале. І гэта толькі сціслы пераказ зместу таго, што адбывалася. Насамрэч там адбывалася нешта больш значнае. Аднымі з галоўных герояў спектакля, відаць, можна назваць і коз. Яны перыядычна выбягаюць на сцэну ў адмысловых касцюмах, іх танцы надзвычай пластычныя, і яшчэ яны выдаюць гукі на нейкіх асаблівых інструментах. Апошняе стварае дадатковае напружанне, часам гучыць як набат, папярэджанне.

Фраг­мент ад­крыц­ця.

І праўда, тут і козы закрычаць, калі людзі нясуцца напрасткі ў пекла, калі маці становіцца саперніцай дачкі, калі жанчына і маці вырашае пакараць былога палюбоўніка і аддае яго на пакутніцкую смерць. Спектакль пранікае ў душу.

Былі вялікія спадзяванні на монаспектакль тэатра «Руская сцэна» з Германіі «Рудольф Нурыеў. 48 гадзін». Па-першае, фестывальны жанр тэатра аднаго акцёра інтрыгуе. Па-другое, шмат абяцае цікавы матэрыял, за які ўзялася рэжысёрка Іна Сакалова-Гардон. Славуты савецкі балетмайстар Рудольф Нурыеў не вяртаецца пасля гастроляў з Францыі ў 1961 годзе. Ён строіць сваё жыццё на Захадзе, танцуе па ўсім свеце з трыумфам. Але на радзіме ён завочна прыгавораны да турэмнага зняволення. І ў 1988 годзе яму адкрываюць візу на 48 гадзін, каб наведаў ва Уфе маці, якая памірае. Гэтую гісторыю мы чуем з вуснаў артыста, які выконвае ролю Рудольфа Нурыева. Ёсць музыка, ёсць пластыка, ёсць маналогі, часам удалыя, трапляюцца вельмі пранікнёныя дэталі, якія яркімі штрыхамі абмалёўваюць вялікую трагедыю чалавека мастацтва — майстра, якому не хапіла размаху на радзіме, якому не даравалі... Але гісторыя не захоплівае цалкам, не прымушае глядзець ва ўсе вочы на сцэну і лавіць дзею на адным дыханні. Увесь час чакаеш, што адбудзецца нешта яшчэ, што градус напругі вырасце. Так і пакідаеш залу з чаканнем.

І ўсё ж назаўтра закарцела адкрыць «Вікіпедыю», пачытаць біяграфію Нурыева, паглядзець яго фотаздымкі, каб пасля роздуму пра вялікага мастака танца зноў пераканацца, што спектакль атрымаўся і не моцны, і не зусім слабы.

...Фестываль працягваецца. Упершыню на ім выступаў тэатр з Казахстана «Жастар тэатры». Манера іх выканання, крыху пафасная, спачатку здаецца нам даволі дзіўнай. Потым разумееш, што перад табой іншая культура, вартая таго, каб з ёй пазнаёміцца. Для гэтага ж і ладзяцца фестывалі!..

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Каб не апынуцца на востраве

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.