Вы тут

У Івацэвіцкім раёне існуе вёска асілкаў


Наш няштатны аўтар наведаў вёску Дабромысль Івацэвіцкага раёна — гэты аддалены населены пункт славіцца сваімі асілкамі, мускульная маса якіх нарошчваецца ў асноўным пад адкрытым небам. Прычым пра поспехі хлопцаў ведаюць далёка за межамі Дабромысля.


Рус­лан Ба­гі­раў  цяж­кас­цяў не баіцца.

«Прагулка фермера»

Штогод у Мінску святкуецца Дзень горада. Традыцыйна ў праграме — спаборніцтвы асілкаў: яны буксіруюць МАЗ, выконваюць практыкаванні «Прагулка фермера», «Камень атласа»... Сярод дзясятка-паўтара асілкаў выступае і 33-гадовы двухметровы гігант Руслан Багіраў.

Толькі не трэба думаць, што Багіраў — прадстаўнік сонечнага Азербайджана. Руслан нарадзіўся на Брэстчыне, у Івацэвічах, пражывае ў вёсцы Дабромысль Івацэвіцкага раёна.

— Антрапаметрыяй ды неверагоднай сілай Руслан вельмі падобны да свайго дабромысленскага дзядулі Сяргея Субоцькі, які быў не дробнага целаскладу, — расказвае настаўнік фізкультуры Дабромысленскай СШ Аляксандр Сплендэр. — Любоў да сілавых і гульнявых відаў спорту, якасная вясковая ежа і генетыка зрабілі сваю справу. Уявіце, што мы Руслана бралі некалькі разоў на спаборніцтвы выступаць за сельсавет і... «трымалі ў запасе». Ну хто мог з ім сапернічаць у армрэслінгу, калі рука звычайнага мужчыны побач з яго рукой — рука дзіцячай лялькі, якую ён адламае ў адзін момант. Ведаю, што некаторыя яго сапернікі моцна пацярпелі, калі паспрабавалі перамагчы яго ў армрэслінгу...

...Больш за год таму Руслан, які займаўся цяжкімі сілавымі практыкаваннямі «для сябе», звярнуў увагу на аб'яву, што ў адным буйным беларускім горадзе будуць праводзіцца спаборніцтвы па сілавым экстрыме. Заявіўся, прыехаў — і адразу заняў другое месца, чым моцна збянтэжыў астатніх беларускіх стронгмэнаў. Ужо з першай спробы Руслан падчас практыкавання «Прагулка фермера» ўзяў два чамаданы вагой каля 170 кг кожны і пранёс некалькі дзясяткаў метраў. Стала ясна: у невялікім коле беларускіх сілавых экстрэмалаў з'явіўся моцны канкурэнт. Апетыт прыходзіць падчас яды: за апошні год Руслан прыняў удзел у добрым дзясятку падобных спаборніцтваў у Беларусі і Украіне, не аднойчы станавіўся прызёрам.

У выхадныя — «бервяно дрывасека»

Руслан Багіраў па прафесіі электразваршчык, працуе вахтавым метадам на будоўлі ў Мінску. Два тыдні працы ў сталіцы, дзе шчыльны працоўны графік, потым два тыдні ў асноўным у Дабромыслі. У роднай вёсцы, на ўчастку за гаспадарчымі пабудовамі, ён абсталяваў спартыўную пляцоўку пад адкрытым небам. Тут асноўныя спартыўныя снарады стронгмэна — велізарнае кола, якое кантуе Руслан, «каромысел» вагой каля паўтоны (яго на сваіх магутных плячах носіць па двары герой публікацыі), металічнае «бервяно дрывасека». Мы гутарым, Руслан размінаецца. Да нас падыходзіць баба Юлія:

— Калі ты, Руслан, будзеш на працы, я ўсё гэта жалеза здам, — з гумарам у голасе «пагражае» бабуля, якая жахаецца, назіраючы, як яе ўнук выціскае «бервяно дрывасека»
ці падымае на плячах паўтонны «каромысел» і нясе па двары.

— Нічога дзіўнага! — кажа Руслан. — Калі б я п'яны спаў на лавачцы — ніхто не здзівіўся б з вяскоўцаў. А як убачаць, што кантую кола вагой у некалькі цэнтнераў, то круцяць пальцам ля скроні...

У тыя два тыдні, калі Руслан знаходзіцца на працы (на вахце), ён падтрымлівае спартыўную форму на працоўным месцы. Зварыў турнік, на ім падцягваецца. Падтрымліваць форму дапамагае яшчэ адно «асабістае» практыкаванне: ставіць свой «БМВ» на «ручнік», прывязвае канат і цягне машыну па дарозе. Але на працы ўсё ж такі галоўны «памочнік» — турнік. Дзіўна, але Руслан, вага якога каля 150 кг, падцягваецца некалькі дзясяткаў разоў. Асілкі, дарэчы, не любяць турнікоў: значную ўласную вагу вельмі няпроста падцягнуць да падбародка шмат разоў.

Алег Дан­чан­каў і яго но­ша.

«Займаю шмат месца»

— Турнік люблю з дзяцінства. Рукі моцныя менавіта дзякуючы яму. Падчас спаборніцтваў «Буксіроўка грузавіка» падцягваю «МАЗ» сілай рук, хоць шмат хто з маіх сапернікаў больш працуюць нагамі і спінай, — кажа Руслан.

— Гэта, напэўна, не вельмі зручна — быць 2-метровым гігантам вагой каля 150 кг?

— Так... Калі заходжу ў вагон цягніка, то чую, як уздыхаюць суседзі па купэ — месца мне патрабуецца вельмі шмат. А ўявіце мяне на верхняй паліцы — я ж не памяшчаюся ні ў даўжыню, ні ў шырыню... Аддаю перавагу свайму аўто, салон якога таксама прыйшлося крыху перарабіць, бо не ўлезці. Калі на рабочай вахце ўваходжу ў кабінет інжынера, то ён мне прама кажа: калі ты, Руслан, заходзіш, мне няма чым дыхаць. З гэтым трэба неяк жыць.

— Сілавы экстрым — сур'ёзная рызыка для здароўя...

— Так, але і выдатная магчымасць праявіць сябе. Дарэчы, арганізатары любых падобных спаборніцтваў з разуменнем ставяцца і плацяць нават за ўдзел (за перамогу — асобная плата). На святах гарадоў гэта можа быць сума каля 2 мільёнаў (недэнамінаваных) рублёў — толькі, паўтаруся, за ўдзел.

— А якое харчаванне ў стронгмэна?

— Я ем тое, што і ўсе. Іншы дзень нічога, акрамя супу, не ем. Ем шмат каш, найперш аўсянку і грэчку.

У людзі... з гірай

На вуліцы Міру ў Дабромыслі, у пустым доме, які калісьці належаў роднаму дзеду, арганізаваў спартыўную залу вядомы на Брэстчыне гіравік Алег Данчанкаў. Сёння ў Алега няма роўных сапернікаў не толькі на раённым, але і на абласным узроўні... Звычайная яго трэніроўка — дзясяткі і сотні штурханняў і выцісканняў
24- і 32-кілаграмовых гір. Тоны металу паднімаюць яго дужыя рукі, каб павялічыць сілу і спрыт напярэдадні новых спаборніцтваў.

Для большасці мужчын і адзін раз выціснуць 32-кілаграмоўку — подзвіг, а тут Алег бярэ ў рукі дзве такія гіры (больш за палову ўласнай вагі) і штурхае іх дзясяткі разоў ўгору. «Спартыўная зала» Алега ў доме дзеда — гэта некалькі дзясяткаў гір, брусы, перакладзіна і шмат іншых прылад, зробленых уласнымі рукамі. Спаборніцтвы ідуць за спаборніцтвамі, і гіравіку Данчанкаву працаваць прыходзіцца вельмі шмат: за тыдзень — тры інтэнсіўныя трэніроўкі, дзве з іх сілавыя ў дзядулевай «спартзале», трэцяя — бег (знайсці сярод лясоў і лугоў «бегавую дарожку» няцяжка). Алег падкрэслівае: бег (4-5 км) абавязковы, гэта дазваляе «дыхалцы» працаваць без збояў...

...Алег з дзяцінства быў актыўным хлопцам, шмат часу праводзіў на спартыўных пляцоўках, разрываючыся паміж валейболам і сілавымі відамі. Як гіравік удзельнічаў толькі ў раённых спаборніцтвах (мясцовыя дажынкі, святы вёсак), нязменна перамагаючы. Гэта была ўмоўная «планка» Данчанкава, вышэй за якую ён асабліва і не хацеў падымацца. Але гадоў 8-10 таму тагачасны кіраўнік аддзела па спорце і турызме Івацэвіцкага райвыканкама Уладзімір Доўжык параіў Алегу выязджаць на спаборніцтвы гіравікоў вобласці,
ды і краіны. Вось тады герой нашай публікацыі і задумаўся — ці не надышоў час больш прафесіянальна паставіцца да любімага занятку?

З той пары Алег прыняў удзел у некалькіх дзясятках турніраў рэспубліканскага маштабу (часцей за ўсё яны праходзяць у Мінску). Менавіта на такіх спаборніцтвах выканаў нарматывы, якія дазволілі атрымаць званне кандыдата ў майстры спорту. Верыць, што гэта не апошняя вышыня і што званне майстра спорту — не за гарамі.

— Спорт сцірае мяжу паміж вёскай і горадам, — разважае Алег. — Як гіравік я знайшоў шмат знаёмых і сяброў па ўсёй краіне. Дарэчы, дачку Алесю таксама накіраваў, так бы мовіць, у спартыўнае рэчышча: яна навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Жыццё ў вёсцы нясумнае, калі жыць нясумна. Магчымасці для развіцця тут ёсць для кожнага — было б жаданне.

Аляксандр ГОРБАЧ

Загаловак у газеце: Паўтоны на плячах

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.