Вы тут

У «Белавія» з'явіўся самы танны рэйс


Нядаўна адкрыты падмаскоўны аэрапорт «Жукоўскі» прыняў першы рэгулярны пасажырскі рэйс. Ганаровае права прызямліцца ў ім атрымала «Белавія».


Летам паведамлялі, што першымі авіякампаніямі, якія прыме «Жукоўскі», могуць стаць кіргізская Аіr Kуrgуzstаn або казахская SСАT. Чорна-аранжава-шэры «танкалёт» (так называюць Bоеіng 737-300, пафарбаваны ў фірменныя колеры камп'ютарнай гульні Wоrld оf Tаnks) са 143 пасажырамі на борце праехаў праз вадзяныя вароты (такі вільготны аналаг феерверка) і тым самым паклаў пачатак новым рэйсам з Мінска ў Маскву, якія будуць адбывацца штодзённа. Па панядзелках, серадах, пятніцах і суботах з вылетам у 8.15, у астатнія дні тыдня — у 18.05.

«Мы ведаем, што маскоўскае кіраўніцтва прыкладае шмат намаганняў для развіцця рэгіёнаў, надае асаблівую ўвагу іх інфраструктуры, транспарту. Нам прыемна, што сёння і беларусы далучыліся да гэтага працэсу», — адзначыў Томас Вайшвіла, генеральны дырэктар міжнароднага авіяцыйнага холдынга «РАМПАРТ АЭРА», які займаўся будаўніцтвам «Жукоўскага».

— Адкрыццё новага рэйса для любой авіякампаніі, у тым ліку і для «Белавія», — гэта заўсёды вялікая падзея. Ужо сёння мы сумесна з расійскімі калегамі з гэтага аэрапорта абмяркоўваем, як павялічыць колькасць палётаў з Мінска ў «Жукоўскі». Для нас рэгіён Маскоўскай вобласці вельмі важны. Мы вывучалі попыт і бачым, што цяпер ёсць патрэба ў перавозках не толькі з аэрапортаў Масквы ў Мінск і наадварот, — распавёў генеральны дырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў.

Па яго словах, аэрапорт «Жукоўскі» стварыў нядрэнныя камерцыйныя ўмовы для беларускай авіякампаніі, прапанаваў спецыяльныя тарыфы на абслугоўванне. Менавіта гэта паўплывала на кошт квіткоў. Палёт новым рэйсам абыдзецца ў 34 еўра, прыблізна столькі ж каштуе квіток у плацкартны вагон з Мінска да Масквы, але розніца ў часе відавочная (самалётам — крыху больш за гадзіну, цягніком — ад 8,5 гадзіны). Што да коштаў на рэйсы «Белавіі» з Мінска ў аэрапорт Дамадзедава, то яны пачынаюцца з 55 еўра.

— Пасажыры могуць камфортна дабрацца з «Жукоўскага»да найбліжэйшай станцыі Маскоўскага метро «Кацельнікі» аўтобусамі-шатламі альбо на Казанскі вакзал з платформы «Адпачынак». Дарэчы, на ёй цяпер спыняюцца і хуткасныя цягнікі, якія дазваляюць даехаць да сталіцы ўсяго за сорак хвілін, — паведаміў міністр транспарту Маскоўскай вобласці Міхаіл Алейнік.

Намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнай карпарацыі «РасТэх» Дзмітрый Шугаеў паведаміў, што неўзабаве з «Жукоўскага» пачнуцца палёты па 23-х іншых напрамках, у тым ліку ў Еўропу. Таму для беларусаў новы аэрапорт можа стаць і перасадачным пунктам.

Першым пасажырам «Жукоўскага» стала беларуска, яна разам з дачкой ляцела да мужа, які знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Маскве. Жанчына часта карыстаецца паслугамі «Белавіі», паколькі паветраны транспарт больш камфортны і хуткі за наземны.

— Калі набывалі квіткі, не звярнулі ўвагі на тое, што гэта першы рэйс у новы аэрапорт. Толькі ў небе даведаліся, што станем першымі пасажырамі «Жукоўскага». Нават не прадумалі, як ад яго даедзем да Масквы, — расказала Аляксандра.

Пасажыры рэйса з «Жукоўскага» ў Мінск таксама не засталіся ў баку ад знакавай падзеі: ім прапанавалі паспытаць святочны торт з эмблемамі новага расійскага аэрапорта і беларускай авіякампаніі.

Ганна КУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».