Вы тут

«Сузор’і росныя планет»: 44 гады ў паэзіі


Зборнік выбранай лірыкі Генадзя Пашкова «Парад планет» (2016) выйшаў у выдавецтве «Чатыры чвэрці». Асацыятыўная сувязь названай астранамічнай з’явы і паэзіі ― у асэнсаванні паэтам сваіх лепшых здабыткаў, лірычных «планет», за апошнія сорак чатыры гады.


Побач знаходзяцца арыгінальныя тэксты і іх перастварэнні на рускую мову вядомымі перакладчыкамі ― Іванам Бурсавым, Міколам Шабовічам, Генадзем Аўласенкам, Анатолем Аўруціным, Браніславам і Вадзімам Спрынчанамі і інш. Трэба адзначыць высокае майстэрства перакладчыкаў, іх тонкае адчуванне лірычнай стыхіі. На прыкладзе верша «Любай» Г. Пашкова ў перакладзе Браніслава Спрынчана бачым высокую ступень мастацкага супадзення арыгінала і перакладу. Перастваральнік захаваў лаканізм страфы, але пры гэтым вярнуў для чытача традыцыйны выгляд чатырохрадкоўя, парушаны аўтарскай вольнасцю. Не літару, а дух данёс Б. Спрынчан, крыху адступіўшы ад першаўзору:

За мукі, за слёзы           И радость, и слёзы,

каго мне ўшчуваць?     и смутные сны,

Ці дзякаваць лёсу,        как в сердце занозы

ці лёс дакараць,           на грани весны.

 

як хмельна-салодка      Вчера и сегодня,

у зорнай цішы              преграды круша,

стыхіі паводка             как половодье

бушуе ў душы?             рокочет душа.

Вобразы нябесных цел, касмічная тэматыка з’яўляюцца ў першым жа вершы зборніка ― «Яблыня». Тут, у спелым садзе «на яблынях заружавелі / сузор’і росныя планет». На Яблычны Спас лірычны герой Г. Пашкова глядзіць на зоры ― і адчувае еднасць са светам, зямным і касмічным. Бачыць, чуць жыццё, прыроду ва ўсіх колерах, гуках, водарах ― крэда паэта. Таму і ўспрымаюцца такія вершы яскрава-панарамна. Нібы мастак-імпрэсіяніст, Г. Пашкоў шукае для няўлоўных эмоцый і станаў новыя адценні думак.

Паэт ― праваднік паміж зямлёй і небам. Яго лірычны герой цягнецца душой да зор, а сам адчувае:

Я, што дрэва, стаю,

і спацелае чую карэнне,

і на вечнае поле

рукі цяжкія кладу,

тканкай кожнай лаўлю

павучынкі вільготнай асенняй

ціхі ранішні звон і сярэбраную халаду...

(«Жураўліная пара»)

 «Братам па душы», ці, скажам, па тэмпераменце, Г. Пашкоў лічыць Акіян, які можа «ўзвіцца, / да паднябесся дыбарам устаць», а можа быць спакойным («Ціхі акіян»). Дарэчы, вобразы акіянаў зямнога і касмічнага паводле іх шырокага размаху, дынамічнасці, «тэмпераменту» можна лічыць падобнымі. Разважаючы пра непазбежнасць свайго фізічнага адыходу, максімальна аўтабіяграфічны лірычны герой верыць: «Застануся толькі у прыродзе / я пад імем вечным Шар Зямны» («На зямлі спаконвечнай»).

Думаецца, у кантэксце жыцця і творчасці Г. Пашкова ў цэлым слушна было б казаць не толькі пра біякасмічную неўміручасць, але і пра біягенетычную (кругаварот рэчываў у прыродзе, фізічны працяг у дзецях і ўнуках) і духоўна-культурную (метафізічнае «жыццё ў вершах»). Ідэю фізічнай або біялагічнай бессмяротнасці чалавека выяўляюць наступныя радкі: «Не кажы, што адпушчана мала. / Не кажы, / бо рухомай, / жывой / у нязнаных прасцягах Сусвету / будзеш вечна ты / плоццю зямной ― хоць пылінай, / хоць подыхам ветру…» («Мы наіўныя людзі Зямлі…»). Быццёвая і духоўна-эмацыянальная паўната жыцця гэтага паэта ― вынік яго светапоглядна-эстэтычнага крэда: «…не стамлюся бачыць і здзіўляцца, / захапляцца, / слухаць і любіць» («На зямлі спаконвечнай»), «мы прыйшлі на Зямлю, / каб любіць / і рассыпацца кроплямі сонца» («Не багата адмерана жыць…»).

Г. Пашкову дарагая яго Айчына, якую «спасціг…, як шчасце, непрыкметна», якая «…увайшла, як радасць і як боль, / легендамі дарогаў пракаветных», «…святлом, / вялікім, / бессмяротным / запаветам» («Жыву адзіным запаветам»). З асаблівай цеплынёй паэт успамінае падарунак Браніслава Спрынчана ― кашулю, вышытую яго мамай, якую імяніннік успрымае як славянскі абярэг («Кашуля ад Браніслава»). Аўтар высноўвае рысы беларускага нацыянальнага характару: «Цярплівы, / мудры, адмысловы, / Вялікамучанік Народ! / Яшчэ заявіць: / ― Гонар маю! ― / Хай перамучыцца спярша. / Бо ёсць бунтарная, / жывая, / ёсць чалавечая душа!» («Праз гэты час…»).

Пейзажныя вобразы малой радзімы паэта ― грыбны барок, рэчка ў чаратах, вогнішча, што падтрымлівае каханая жанчына, курганок з бяссмертнікамі на ім ― аб’ядноўваюцца ў творчай свядомасці Г. Пашкова ў «адну навек / Радзіму». «Налітае зарою» возера прасвятляе душу аўтара, нагадвае яму пра маладосць і пра вечнасць. Беларуская прырода набывае ў Г. Пашкова касмічныя ўласцівасці і асацыяцыі: «Зоры цярушыць на плечы / веча радзімых бяроз» («Згодна зімовае квоты…»). Нават балота ў паэта «зорнае». Як вядома, уменне бачыць незвычайнае ў звычайным уласцівае эстэтыцы рамантызму. Вобразы Айчыны ў Г. Пашкова ― гэта не проста родныя краявіды. Гэта мясціны, асветленыя талентам і духам славутых людзей (Кірыла Тураўскі, Янка Купала, Пятрусь Броўка), якія нарадзіліся і жылі там («У далонях свету гарадок», «Купалаўскія гаі», «Пуцілкавічы»).

Лірычны герой Г. Пашкова апявае «ветрам спавітую» дзявочую прыгажосць, згадвае маладосць і рамантыку начных спатканняў. «І ўся зямля ― / як сон, / як дзіва, / як слоў / расяны запавет, / дзе ўсё зліваецца / ў адзіна ― / і ты, / і я, / і ўвесь Сусвет». Так, і ў спатканнях з дзяўчынай для паэта ёсць штосьці касмічнае, асабліва калі ў яе такія вочы, «…дзе ўсе сузор’і змесціліся ледзь». Прываблівае, з якой чысцінёй, пяшчотай лірычны герой моліцца за жанчын:

Як птушка ў прасцягах развесненых,

вольная;

нібы чарацінка ў вадзе,

трапяткая;

падобна крыніцы ў каменьчыках,

звонкая;

як зорная далеч,

неразгаданая;

што жытняе поле,

адвечна цярплівая;

нібыта зара на світанку,

цнатлівая;

як слёзы з бялюткай бяросты,

п’янкая;

бы возера ў хвалях ракотных,

бяздонная.

Уся са святла,

з таямніцы

і песні,

Жанчына, для Вечнасці будзь

бласлаўлёная…

(«Вясновая малітва»)

Гэты верш, як мне здаецца, можна лічыць партрэтам Музы паэта.

Генадзь Пашкоў спалучае рэалістычнае светаадчуванне з рысамі рамантызму і імпрэсіянізму. Самыя частыя для асэнсавання, дамінантныя ў гэтай кнізе вобразы радзімы і каханай. А галоўнай філасофскай ідэяй зборніка выбранай лірыкі «Парад планет» з’яўляецца ідэя лучнасці ўсяго з усім: зямнога з касмічным, чалавека з прыродай, чалавечых лёсаў паміж сабой, сувязь часоў ― мінулага з сучасным і будучым праз перадачу духоўна-культурнай спадчыны ад продкаў нашчадкам. У «Парадзе планет», прычым як у арыгінальных вершах, так і ў іх перакладах, адчуваецца вобразна-стылёвая гармонія, гармонія моўнай стыхіі.

Таццяна БАРЫСЮК

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.