Вы тут

Таленты нараджаюцца аднойчы


…Кажуць, сапраўдны талент нараджаецца раз у сто гадоў (а можа, і болей). А тут на нашу шаркаўшчынскую зямлю, мабыць, спусціўся з нябёсаў незвычайны чалавек.


 

Павел Піліпавіч Дубашынскі (1931 — 2000) — народны артыст Беларусі, акцёр Беларускага тэатра юнага гледача (1955 — 1967), акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (1967 — 2000).

У асабістых дакументах артыст Павел Піліпавіч Дубашынскі пісаў: месца нараджэння — вёска Гарбуны. Яна была раскінута ўздоўж і ўшыркі, за пару кіламетраў ад мястэчка Шаркаўшчына. Хутары размяшчаліся адзін каля аднаго і таксама адносіліся да вёскі Гарбуны. На ўзвышшы, непадалёку ад чыгуначнага палатна, стаяла сціплая сядзіба Дубашынскіх. Над самай рэчкай праходзіла вясковая пешая дарога, дзе можна было праехаць толькі на кані, запрэжаным у калёсы, а зімой — у сані. Людзі хадзілі ў мястэчка пешшу, а ў святы ці ў кірмашовы дзень запрагалі каня ў лінейку, па-святочнаму ўпрыгожаную, і цэлымі сям’ямі адпраўляліся за пакупкамі, збытам вырашчанага на прысядзібным участку, пачастункамі або прыемна правесці ад цяжкай сялянскай працы час. Кожны гаспадар меў свой зямельны надзел, вёў хатнюю гаспадарку.

На адным з такіх хутароў, прымкнутым да вёскі, у дружнай, працавітай сям’і Піліпа Міхайлавіча і Канстанцыі Станіславаўны 14 сакавіка 1931 года нарадзіўся жаданы хлопчык Паша. Быў старэйшы сын Пётра (у вайну яго забілі немцы), дочкі, якія рана паміралі.

Калі Паўлу споўнілася сем гадоў, ён пайшоў у Пялікаўскую чатырохгадовую школу. Успамінае той час зямляк Дубашынскага Радзіён Юльянавіч Ліпскі:

— Пры тых Саветах школа была, дзе цяпер жывуць Багданёнкі. Пры немцах яе спалілі. Але знайшлася сям’я ў вёсцы Дубавое, у якой была вялікая хата, і адзін канец яе адпусцілі пад школу. Пры Польшчы хадзілі ў школу ўсе дзеці да 14 год. Навучанне вялося толькі на польскай мове. З усталяваннем савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі новая сістэма адукацыі прадугледжвала перамяшчэнне вучняў на адзін год ніжэй з-за таго, што школьнікаў трэба было вучыць па-беларуску. Суровае лета 1941 года: да восені мясцовасць была акупіравана. Але дзеці працягвалі вучыцца ў школе… Паша адрозніваўся ад усіх вучняў добрай вучобай, быў дабрадушны і спагадлівы. Калі хто не паспяваў з вучобай, заўсёды дапамагаў. Да таго ж ён добра маляваў, спяваў. Памятаю, як задала мне настаўніца намаляваць каня. Я варочаў аркуш паперы то ў адзін, то ў другі бок і не ведаў, з чаго пачаць. Заўважыў маю разгубленасць Паша і тут жа намаляваў каня як жывога. А я за яго працу атрымаў «пяцёрку».

Прыгадвае Леанід Іванавіч Ананіч:

— У вольны ад заняткаў час мы заўсёды дапамагалі бацькам па гаспадарцы. У тыя часы касілі ўзрэчча каля Дзісёнкі — рыхтавалі сена на зіму жывёле. Бацькам дапамагалі, і ніхто не лічыў гэта за цяжкасць. Павел з бацькам на лодцы пераплывалі раку і касілі там траву. Сена, перапраўленае на свой бок, перавозілі на конях дадому. Мы, дзеці, пасвілі статак (адбывалі радоўку), гулялі разам у простыя гульні, захапляліся прыгажосцю мясцовых краявідаў.

— Як цяпер бачу яго ў нашым класе, — прыгадвае Леангіна Баляславаўна Шарсцень. — А прыходзіў ён заўсёды акуратны, апрануты ў шэры кіцель, пашыты з шынеля з радам бліскучых гузікаў. Паша быў круглы пяцёрачнік. Кіраваў гурткамі. Калі прыходзіў у клас, нам было весела і цікава.

Калі хрушчоўская сістэма ў 1961 годзе прымусіла хутаран пераязджаць у вёскі, Дубашынскія перавезлі свой «хутар» у Шаркаўшчыну. Знаходзіўся ён насупраць цяперашняга Дома Саветаў. Непадалёку ад іх дома быў касцёл (пры саветах яго разбурылі), куды Канстанцыя Станіславаўна хадзіла па святах. А бацька, Піліп Міхайлавіч, разам з сынам — у царкву (былі дзве, якія і захаваліся да сённяшніх дзён).

Павел закончыў Шаркаўшчынскую дзесяцігодку і вырашыў паступаць у тэатральны інстытут. З першага разу не ўдалося, пэўна, падумалі: «Куды тут вяскоўцу?!» Год працаваў у зямельным аддзеле райкама. Мара стаць артыстам Дубашынскага не пакідала ўвесь час, тым больш што Бог надзяліў яго такім рэдкім голасам. А тут штуршком паслужыў яшчэ такі факт. Мясцовы кінамеханік паведаміў, што ў Шаркаўшчыну прыехаў тэатр з Ленінграда. Гэта была невялікая трупа Александрынкі (Ленінградскі тэатр імя А. С. Пушкіна) з двума спектаклямі: «Каварства і каханне» Ф. Шылера і «Без віны вінаватыя» А. Астроўскага. Тэатр ускалыхнуў у душы сялянскага хлопца высокія пачуцці, а ігра знакамітых акцёраў умацавала жаданне стаць акцёрам. Павел Дубашынскі зноў адправіўся ў Мінск. «Я вазьму сваім тэмбарам голасу», — запэўніваў ён сяброў.

У 1951 годзе вясковы хлопец, адзіны з раёна (больш артыстаў не было і няма) атрымаў студэнцкі білет у Беларускі тэатральны інстытут у майстэрню Л. І. Мазалеўскай і І. Ф. Ждановіч. Сярод дваццаці студэнтаў Павел вылучаўся творчай энергіяй, з’яўляўся душой курса. На студэнцкіх вечарынах, «капусніках», ён спяваў пад гітару вясёлыя песні, чытаў вершы. Яго хутка прыкмецілі ў тэатральным асяроддзі і ўжо на другім курсе запрасілі на радыё, дзе ён вельмі пачуццёва прачытаў верш «Мужык» Я. Купалы.

З таго часу і да апошніх гадоў жыцця яго голас заўсёды гучаў у эфіры. Чытаў абразкі, навелы з асабістага жыцця, напісаныя самім.

У 1966 годзе П. П. Дубашынскаму было нададзена ганаровае званне заслужанага артыста БССР. З’явілася тады магчымасць купіць машыну «масквіч». Лепшай за сваё жыццё ён і не набыў. Прыгадвае Надзея Паляк:

— Бывала, паставіць сваю аўтамашыну каля самага ўскрайку дарогі, а то заедзе ў двор шматкватэрных дамоў, дзе я жыву і па сёння, сам ідзе ў госці да Бурчыкаў. З Алегам Піліпавічам ён хадзіў разам у школу. Яго жонка Алена Генрыхаўна Бурчык была дырэктарам Шаркаўшчынскай сярэдняй школы. Звычайна Павел прыязджаў адзін (раз толькі бачыла з жонкай). Яго дужа ўсе любілі ў нашай акрузе, бо ён быў не толькі абаяльны, але і цікавы субяседнік: не абыдзе ні малога, ні старога, каб нейкім словам не зачапіць.

У 1989 годзе П. П. Дубашынскі атрымаў званне народнага артыста Беларусі. Знакаміты на ўсю краіну і за яе межамі артыст не быў ганарлівым. Вельмі любіў і паважаў сваіх бацькоў, запрасіў іх пажыць у Мінску. Толькі доўга яны там не затрымаліся, хутка вярнуліся ў Шаркаўшчыну. Пэўна, так падказваў Усявышні, каб быў куточак на малой радзіме, куды была б магчымасць прыехаць.

Час бяжыць няўмольна, адышлі бацькі ў свет іншы, але Павел не перарываў сувязі з роднымі мясцінамі, сябрамі і знаёмымі, улюбёны ў родны край, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва.

— Калі ў 1957 годзе зноў жа сустрэліся з Паўлам Дубашынскім у Шаркаўшчыне, я стала хваліць яго як знакамітага артыста, — прыгадвае Надзея Паляк. — Зайшла гаворка пра спектакль «Обальскія падпольшчыкі». «А вы запомнілі Валодзю Язавітава, хлопчыка ў белай кашулі? Гэта ж быў я», — не без гонару сказаў Павел Піліпавіч.

Будучы ў адпачынку, ён прыязджаў у Шаркаўшчыну, затрымліваўся ў сям’і Бурчыкаў або ў Рамана Сцяпанавіча Кудрына, Героя Савецкага Саюза. З імі было пра што пагаварыць, прыкмеціць тэмы для сваіх твораў, нешта выкарыстаць для ігры на сцэне. А каб, як кажуць, расслабіцца, ехаў у вёску Гарбуны, Пятровічы. Там сустракаўся з рыбакамі і захапляўся рыбнай лоўляй. Спыняўся Павел у сям’і Марыі Сцяпанаўны Цітовіч. Калі знікла магчымаць быць у іх, пасябраваў з сям’ёй яе сястры Любові Сцяпанаўны Мацук. А вось з сынам (Любоў Сцяпанаўна была настаўніцай) Віталем Вітальевічам, журналістам мясцовай газеты, звяла рыбалка. Хоць Віталь на 13 гадоў быў маладзейшы, яны мелі агульныя інтарэсы. На другі дзень пасля рыбалкі Павел Піліпавіч прыходзіў да нас у рэдакцыю, ужо з парога чуўся яго своеасаблівы тэмбр, які прымушаў адкрываць дзверы пакояў, каб перакінуцца хоць словам з такім чалавекам.

Аднойчы надарылася такая магчымасць шаркаўчанам, калі артыст тэатра і кіно, якога не раз глядзелі па тэлебачанні, слухалі па радыё, па запрашэнні раённай улады, з’явіўся на сцэне раённага Дома культуры. Зала была перапоўнена да адказу. Адзін на працягу дзвюх гадзін на чыстай, сакавітай беларускай мове чытаў маналогі, урыўкі з кіно, адказваў на пытанні, свабодна, нязмушана гаварыў з кожным, каго цікавіў. Пасля імпрэзы творчыя людзі раёна запрасілі госця ў клуб на кубачак гарбаты. Столькі было пытанняў да Паўла Піліпавіча ад кожнага з нас, што ён толькі паспяваў адказваць, але і ўносіў сваё, нам невядомае, праз анекдоты, маналогі. Думалі, збяромся гадзіны на дзве-тры. А засядзеліся да раніцы наступнага дня. Расходзіцца не хацелася. Прыгадвалі, гаварылі, сустрэлі світанне. Адзін з нас, настаўнік, прыхільнік роднай мовы, Ігар Славаміравіч Дземідовіч, так расчуліўся, што зняў свой святочны гальштук і падарыў народнаму артысту. Шкада, што гэтая цудоўная сустрэча з Паўлам Піліпавічам Дубашынскім была апошняй.

Аднак мы сачылі за прэсай, за яго выступленнямі. Таленавіты ён быў ва ўсім. Калі голас стаў падводзіць, пачаў пісаць.

Яго навелы атрымліваліся не горш сыграных роляў. І навеліст-апавядальнік захапіў слухачоў радыё. Вось як ён піша, а затым чытае пра вёску Палялейкі, якая знаходзіцца на процілеглым беразе Дзісёнкі з метраў 300 ад хаты дзяцінства (тыя, каго гэта тычылася, слухалі, прыклаўшы вуха да радыёпрыёмніка, і ганарыліся, што так трапна расказвае зямляк пра іх вёску): «Палялейкі здаваліся мне нейкай другой краінай, дзе жылі нейкія другія, прыгожыя людзі сярод гэтых пазалочаных сонцам ліп і дубоў, сярод таполяў, прысадзістых яблынь і стромкіх ігруш… Я ўглядаўся ў мужчын, і яны, асветленыя вечаровым сонцам, здаваліся веліканамі. Калі махалі косамі на прырэчным лужку… І прозвішчы ў іх былі Гардзяёнкі, Ляшкі, Лялекі…» Так было. На жаль. Пасля добраўпарадкавання вёска страціла ранейшы выгляд. Няма тых цяністых дрэў, тых мужчын, што касілі лугі, апусцелі хаты без гаспадароў. Пазарастала ўзрэчча дзікай травой у рост чалавека. Праўда, прозвішчы вяскоўцаў засталіся як добры напамін.

А калі прачытаць абразок «Яблыня на дзедавай магіле»… Якія ў ім трапныя словы, якая замілаванасць прыгажосцю родных мясцін! Пасля добраўпарадкавання могілак няма той яблыні, як і тых, хто садзіў, хто смакаваў плады першых восеньскіх яблыкаў. Завяршылася для іх восень жыцця…

Пасляслоўе

З блізкіх людзей П. П. Дубашынскага засталася дачка Ірына, жыве ў Мінску. Яна скончыла Мінскае культурна-асветніцкае вучылішча ў 1984 годзе і ў 1991 — Мінскі інстытут культуры. Цяпер Ірына Паўлаўна — сястра міласэрнасці праваслаўнага сястрынства пры Свята-Елізавецінскім манастыры.

Кацярына СОСНА, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Шаркаўшчына.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.