Усё проста: трэба ўважліва глядзець, прынамсі калі на сцэне тэатр Passe-Partout Dan Purіc. Таму што ён працуе праз рухі і жэсты, нездарма ж спектакль, які можна было ўбачыць у Маладзёжным тэатры ў Мінску, мае назву «Не-словы». Адзін паказ прайшоў у сталіцы — але пад крыкі «Брава!» і з абмеркаваннем зацікаўленых спецыялістаў. Ёсць пра што паразважаць: пры тым, што ў нас ёсць асобны фестываль пластычных тэатраў, нельга сказаць, што наш глядач насыціўся вялікай колькасцю спектакляў, створаных у гэтым кірунку.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Беларусі Віярэл Машану, прадстаўляючы калектыў, адзначыў:
— Гэта наш чацвёрты культурны праект, рэалізаваны ў Беларусі, і першы ў галіне тэатра. Прыватная тэатральная кампанія Passe-Partout Dan Purіc з Бухарэста добра вядомая ў Румыніі. Яе стваральнік і рэжысёр Адрыян Нор ужо знаёмы аматарам музыкі — ён прыязджаў у Беларусь і выступаў у складзе гітарнага трыа. Спектакль «Не-словы» — гэта спалучэнне сцэнічнага мастацтва, музыкі і танца.
Без слоў можна выказаць шмат: і гэтае «шмат» расцягваецца больш чым на паўтары гадзіны, якія доўжыцца паказ. Ён складаецца з безлічы асобных эпізодаў, падгледжаных, заўважаных; тых, што немагчыма было абысці і не запомніць: з іх складаецца жыццё. Не нейкага асобнага чалавека — тут няма сюжэту з нейкім героем, дакладным развіццём дзеяння. Як у калейдаскопе мяняюцца эпізоды, за кожным з якіх — думка ці захапленне, трапнае асэнсаванне ці рэмінісцэнцыя. І эмоцыі, якія далучае кожны глядач. А яны часам б'юць у патрэбныя месцы, таксама дакладна, як і словы — таму іх можна прытрымаць пры сабе, раскласці на літары, якія развеяць у паветры. Сэнс складзецца ўсё адно.
Які наш сучаснік, што існуе ў суцэльнай мітусні? Што робіць яго чалавекам, а што — супергероем? Пагадзіцеся, часам нашы сучасныя героі доўга спрачаюцца пра тое, хто будзе ратаваць чалавека ў небяспецы, ажно да таго часу, пакуль гэты чалавек не ўратуе сябе сам. А хто думаў, як выглядае папулярны сёння фастфуд? Ці не значыць гэта «хуткае харчаванне»? А калі так, то такой ежы (няхай пры падачы яна выглядае смачна) лёгка не заўважыць. А ці лёгка заўважыць, калі нараджаецца каханне? Энергія гэтага пачуцця такая моцная, што нават дажджавыя хмары пачынаюць множыцца, каб затрымаць пару пад адным парасонам даўжэй. А ёсць моманты, калі каханне можа не нараджацца: напрыклад калі нехта з пары моцна закаханы ў самога сябе — тут няма чаго рабіць другому. А ці здольныя кахаць прывіды?.. Вельмі тонка, з гумарам пададзеныя гісторыі, якія пасля спектакля ўзнікаюць у памяці (як жа гэта зроблена — з фантазіяй і густам). На сцэне ўсяго чатыры акцёры, але за кожным шмат вобразаў. Пластычнае рашэнне дапамагае звязаць у адным пункце і розныя прасторы: свет рэальных людзей перакрыжоўваецца са светам ценяў (і яшчэ не вядома, які рухае дзею) ці віртуальнай прасторай, у якую паступова сыходзяць героі і нават выканаўцы. Усё адносна. Але калі па-мастацку, з любоўю да гледача, то рассоўваюцца прасторы. Нават межы... становяцца пластычнымі.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Канстанціна ДРОБАВА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.