Яго фільмы шырока вядомыя і любімыя гледачамі не толькі ў Расіі: «На свеце жывуць добрыя і цудоўныя людзі», «Скрыжаванне», «Дзетачкі», «З пекла ў пекла» ды іншыя выдатныя кінастужкі. Дзмітрый Астрахан — рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст, акцёр, мантажор, прадзюсар, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі. Але самае галоўнае — ён мае адмысловы талент глыбока кранаць мільёны сэрцаў, прымушае гледача суперажываць. Цікава, што зараз вядомы рэжысёр працуе над новым фільмам пад рабочай назвай «Гульня», а здымкі праходзяць у Мінску. У нашай гутарцы Дзмітрый Астрахан расказвае пра свае беларускія карані, дзеліцца ўласнымі рэцэптамі творчага поспеху і прыадкрывае заслону сюжэту новай кінастужкі.
— Дзмітрый Хананавіч, вы з прафесарскай сям'і, і ўсе вашы браты сталі навукоўцамі. І толькі вы сталі «геніем мастацтва». Што гэта — прадвызначэнне, лёс?
— Я нават не марыў займацца тэатрам, кіно. Гэта проста нейкі выпадак, удача. Відаць, мяне да гэтага цягнула — да акцёрства, тэатра. Хоць і не быў тэатральным дзіцем, аднак мне здавалася, што ў гэтым ёсць нешта захапляльнае. Я ж, дарэчы, паступіў у радыётэхнічны інстытут пасля фізіка-матэматычнай школы. Аднак не заўважаў у сабе моцнай прыхільнасці да навукі. Бачыў вакол юнакоў і дзяўчат, якія былі больш здольнымі, чым я. І ўсвядоміў: гэта не маё. Я трапіў у тэатральную студыю, так бы мовіць, выпадкова. Выканаў у першым спектаклі галоўную ролю, зразумеў: відаць, я нечым адрозніваюся ад іншых. У сэнсе канкурэнцыі я магу рэалізавацца. Раблю тое, чаго не выконваюць іншыя. А гэта заўсёды выклікае жаданне дасягнуць чагосьці большага.
У Свярдлоўску, калі як тэатральны рэжысёр я ставіў спектакль, мне раптам захацелася здымаць кіно. Здавалася, павінна атрымацца. Пачаў рэпетыцыі. І неўзабаве зняў свой першы тэлеспектакль «Ракавая памылка» па п'есе Рошчына. Мне спадабалася. А потым атрымалася так, што я ставіў п'есу Алега Данілава «Тры пішам, два запамінаем...» Мы пазнаёміліся з Алегам. Ён паглядзеў спектакль, добра выказаўся адносна яго на «Ленфільме», пазнаёміў мяне з кіраўніцтвам. Многія зацікавіліся маёй творчасцю... А яшчэ, калі пазней я прыехаў у Ленінград, паставіў два спектаклі, якія ўбачыў Аляксей Герман, гэтыя работы яму таксама вельмі спадабаліся. Герман «запусціў» мяне ў дэбют у сваёй майстэрні. Так вось і атрымалася...
— Старэйшае і сярэдняе пакаленні памятаюць рэжысёраў савецкага кіно, і раптам у пачатку дзевяностых з'яўляецца імя Астрахана. Зрэшты, у вас, як я ўжо зразумела, быў свой шлях да прызнання...
— Усё было хутка, імкліва. Я зняў фільм «Прэч!» («Изыди!») па сцэнарыі Алега Данілава. І аглушальнае прызнанне прыйшло адразу. Калі фільм яшчэ здымаўся, я раптам адчуў, што раблю нешта вельмі важнае, значнае, вялікае. У нейкія моманты гэтае пачуццё ўзнікала ў мяне і ў час мантажу. Усё атрымалася нібы само па сабе. Знайшліся і грошы, якіх не хапала. Я іх прынёс літаральна за дзве гадзіны да пачатку здымкаў. Калі ж сутыкаліся з цяжкасцямі, сам лёс нібы падштурхоўваў, і ўсё складвалася. Паказаў фільм у Сочы, на «Кінатаўры», куды я, нікому не вядомы малады рэжысёр, прывёз сваю карціну. Памятаю, узяў залу на дзённы паказ. На сеансе прысутнічалі толькі 30 чалавек — фактычна пустая зала... Я думаў, гэта поўны правал! Сядзіць журы і яшчэ нейкія зусім выпадковыя гледачы. Гэта ж быў мой першы публічны паказ...
Уяўляеце, нікога няма, ніхто нічога не ведае. Хоць я ўжо і галоўны рэжысёр тэатра, але я з іншай сферы. Памятаю, людзі напружана глядзяць фільм. Я сяджу абсалютна знерваваны. І ў канцы гэтыя 30 чалавек устаюць і пачынаюць апладзіраваць... А ўвечары, калі ўдзельнікаў фестывалю запрасілі на неафіцыйную частку, да мяне падыходзілі людзі, нешта казалі. А насупраць мяне сядзеў, памятаю, як ужо потым даведаўся, Раман Балаян, вядомы на той час рэжысёр. Увесь вечар ён вельмі ўважліва на мяне глядзеў. І сказаў потым: «Вы знялі выдатную карціну...» Па яго позірку я зразумеў: нешта адбылося ў маім жыцці... У апошні дзень фестывалю да мяне падышлі Рубенштэйн з Янкоўскім і сказалі: «Дзіма, ты павінен паказаць яшчэ раз фільм, таму што, па сутнасці, ніхто яго не бачыў, а ты прэтэндуеш на галоўны прыз». На гэты раз зала была цалкам запоўненая. У яе было проста не увайсці. Я бачыў, як людзі добра глядзяць. Назіраў за іх рэакцыяй, эмоцыямі. І раптам, недзе хвілін за пяць да канца, перад самым фіналам, рвецца стужка. Я думаю: цяпер ва ўсіх будзе збіта эмацыянальнае ўспрыманне. Аднак бачу нешта неверагоднае: поўная зала, парваная стужка, але ніхто нават не паварушыўся. Усе спакойна чакаюць, пакуль механікі яе склейваюць. І пайшоў фільм далей. А ў канцы — авацыя і ўсе ўстаюць. У выніку журы прапанавала тры розныя назвы, каб не вылучаць адну карціну. Зразумела, думкі былі розныя. Аднак фільм атрымаў узнагароду і быў вылучаны ад Расіі на прэмію «Оскар». Вось так прыйшло прызнанне.
— А далей што?..
— А далей фільм аб'ехаў увесь свет. І нібыта кульмінацыяй быў паказ карціны Джорджу Лукасу і яго творчаму калектыву. Прэзідэнт кампаніі Лукаса выйшаў і сказаў: «Мы робім найлепшыя ў свеце спецэфекты, нам няма роўных у сучасных тэхналогіях, і мы самыя паспяховыя. Але я хацеў бы, каб вы ўбачылі фільм, у якім няма ніводнага спецэфекту. Аднак ёсць эфект: у канцы ўсе плачуць і стоячы апладзіруюць. Гэта значыць, мы павінны з вамі разумець, не забываць і не захапляцца толькі нашымі эфектамі, існуюць яшчэ і іншыя сродкі ўздзеяння на гледача. І прыклад гэтаму карціна «Прэч!»
— Калі вы адчулі, што дастаткова сфарміраваныя як творчая асоба са сваімі поглядамі, мэтамі і задачамі ў мастацтве?
— У мяне да гэтага часу няма адчування, што я сфарміраваная асоба. З першага кроку заўжды імкнуўся рабіць тое, што мне цікава, што мяне хвалявала. Гэта, напэўна, галоўнае ў працэсе фарміравання асобы: імкнуся рабіць усё максімальна так, каб самому адказваць за вынік — гэта значыць быць незалежным і самастойна прымаць рашэнні. Вось што важна! Працэс фарміравання мяне як асобы, я спадзяюся, да гэтага часу незакончаны. І гэта надзвычай цікава. Важна адно: ты павінен эмацыянальна ўздзейнічаць на гледача, перадаваць пачуцці, якія перапаўняюць цябе. Усё, што робіш, павінна максімальна кранаць, хваляваць, жыць, гарэць толькі для гледача. Нельга запаліць іншых, калі не гарыш сам... Але бывае і так: у некага атрымліваецца ўгадаць настрой і думкі гледача, а некаторыя, хоць і робяць тое, што іх хвалюе, у выніку ўсведамляюць: гэта не хвалюе нікога. Тады іх творы патанаюць у забыцці і, магчыма, назаўсёды...
Безумоўна, мне вельмі пашанцавала працаваць з цудоўным сцэнарыстам Алегам Данілавым. Ён піша сцэнарыі, якія цікава здымаць. У мяне, між іншым, ужо склалася разуменне, што я раблю толькі тое, да чаго ляжыць душа. Лёс літасцівы: я з першага кроку рабіў заўжды толькі тое, што мне цікава. Пры гэтым мяне несла да вышыняў, як на хвалі. Але я вельмі шмат працаваў. Усё астатняе адыходзіла на другі план. Раманы ды іншае ўжо не былі самамэтаю, не было калі пакутаваць ды перажываць. Трэба было ствараць, нешта важнае ў жыцці паспець.
— Ці маеце сваю «формулу поспеху»?
— Вельмі стараюся неяк «адпавядаць» сваім заслугам. На мяне зваліліся магчымасці. Лёс так распарадзіўся, што ў мяне яны ёсць і ўдача дазваляе іх рэалізоўваць. Я ведаю шмат вельмі таленавітых, цікавых людзей. Аднак далёка не ўсім удаецца сябе рэалізаваць. А часам бачыш пасрэднасць, якая ўзнесена на фантастычную вышыню. Хочацца верыць у вышэйшы сэнс. І я веру, што ўсё не проста так. І яшчэ хочацца, каб усё адбывалася больш справядліва. Галоўнае — старацца быць сабой, наколькі ты можаш: рабіць дабро, на колькі цябе хапае. Я стараюся рабіць гэта і ў сваім жыцці і паказваць у сваіх фільмах. Таму што ведаю: у маім творчым лёсе бралі ўдзел многія цудоўныя людзі. Ім усім я вельмі ўдзячны і гэта цаню. Адпаведна сам стараюся быць такім. Калі ў мяне ёсць магчымасць, заўжды дапамагу. Лічу, што быць удзячным і дапамагаць — гэта і ёсць галоўнае дабро. Іншай формулы я проста не ведаю.
— Вы знялі не адзін дзясятак фільмаў і паставілі больш за трыццаць спектакляў. Крытычна ставіцеся да сваёй творчасці?
— Паверце, ува мне жыве агромністы і дастаткова строгі крытык! Я вельмі пакутую ад гэтага. Хоць знешне не заўжды паказваю.
— Кажуць, на пляцоўцы вы звычайна строгі і эмацыянальны, а ў жыцці добры, чулы і душэўны чалавек, надзейны сябар, узорны муж і бацька. Дык дзе вы сапраўдны — у жыцці ці на працы?
— Праца — гэта праца, і здараюцца такія моманты, калі бываю нястрыманым, эмацыянальным. Усе, хто са мной даўно працуе, ведаюць, што крыўдаваць на мяне няма сэнсу. Мае выкрыкі, скандалы і нават істэрыкі ніколі не маюць злога намеру. У асноўным гэта крык адчаю. Мой уласны альбо ад уласнага бяссілля ці няздольнасці на той час рэалізаваць задуманае — хутчэй за ўсё, гэта крык на самога сябе... Я, вядома, потым прашу прабачэння і нават загадзя перапрашаю за ўсё. Я не памятаю зла. Калі чалавек нават не выканаў належнага, я заўжды для сябе як бы знаходжу таму апраўданне. Не магу толькі дараваць здрады, подласці, зласлівасці, таму што ўва мне самім гэтага няма. Я не люблю інтрыг, усялякага брыдоцця, якімі ў тэатральным ды «кіношным» свеце, на вялікі жаль, усё працята.
— Вы рэжысёр, аднак з гадамі самі пачалі «акцёрстваваць», здымацца ў фільмах іншых рэжысёраў. Як гэта — быць «у шкуры» акцёра з вядомым «астраханаўскім» поглядам?
— Я загадзя ўдзячны ўсім рэжысёрам, якія запрасілі мяне здымацца, ацанілі мой талент, здольнасці. Столькі артыстаў, столькі людзей, а яны выбіраюць мяне. Я, вядома ж, працягваю здымацца ў кіно. Мне цікава назіраць, як працуюць іншыя рэжысёры. Стараюся максімальна дапамагаць ім. Часам бачу, што сцэна зроблена неяк не гэтак. Я абавязкова звяртаю ўвагу, але падношу ўсё як сяброўскую падказку, скіраваную на тое, каб чалавек падумаў. Я ж цудоўна разумею, што значыць індывідуальнасць у творчасці.
— Цяпер вы ў Мінску здымаеце фільм пад рабочай назвай «Гульня». Ці не раскажаце пра яго хаця б коратка?
— Фільм пра тое, чым мы ўсе жывём. Сцэнарый напісаў той жа Алег Данілаў. Працаваў над ім вельмі доўга, перапісваў матэрыял разоў дваццаць. Гэта складаны і незвычайны для нас праект, незвычайная тэма, ды і падыход своеасаблівы. А калі казаць пра саму гісторыю, то яна пра тое, ці хочам мы ведаць праўду. Калі мы больш шчаслівыя: калі ведаем усю праўду ці калі жывём у няведанні? Мы ж часам гаворым няпраўду альбо нават не хочам ведаць праўду. Праўду пра сябе, пра свае ўчынкі, пра тых, хто побач. Толькі часам не хочам ведаць ці заўжды? Вось пытанне! І ці жадаем мы, каб жыццё праходзіла ў няведанні? Вось пакуль не ведаў — быў шчаслівы, а даведаўся — і адны пакуты... Гэтую гісторыю — па сутнасці, філасофскую праблему — Алег даследуе з усіх бакоў. Вядома, гэта вельмі захапляльна! Такі псіхалагічны трылер, дэтэктыў, складаны, з вельмі незвычайнай гісторыяй.
— Што ўсё-такі звязвае вас з нашай краінай?
— Па-першае, мае бацькі родам з Беларусі: маці ўраджэнка Гомеля, а бацька з Барысава. Аднак яны пераехалі ў Ленінград у самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Па-другое, цяжка аддзяліць Беларусь ад Расіі. Бо гэта дзве блізкія краіны па духу, культуры, гісторыі і традыцыях нашых народаў. Па-трэцяе, лёс распарадзіўся так, што на працягу апошніх 20 гадоў я прыязджаю сюды здымаць свае карціны. Мне ўсё тут прыйшлося да душы, падабаецца працаваць. І сапраўды тут жывуць добрыя і прыгожыя людзі!
Юлія САВІЦКАЯ
«Залатая падаплёка крылаў... »
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.