Вы тут

Беларускія лесаводы будуць вырошчваць лес па тэхналогіі ЗКС


Яны плануюць развіваць тэхналогіі атрымання пасадачнага матэрыялу з закрытай карнявой сістэмай (ЗКС) і пры дапамозе мікракланальнага размнажэння.


Пра гэта расказаў міністр лясной гаспадаркі Міхаіл АМЕЛЬЯНОВІЧ. Паводле яго слоў, ужо налета ў краіне будзе створана шэсць цэнтраў (так званых біяфабрык) па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з ЗКС: у Івацэвіцкім, Глыбоцкім, Рэчыцкім, Шчучынскім, Магілёўскім лясгасах і на базе Рэспубліканскага селекцыйна-насенняводчага цэнтра. Для гэтага закупяць спецыяльнае абсталяванне, пабудуюць цяпліцы і халадзільныя камеры. Работы праводзяцца за сродкі Сусветнага банка, які выдзеліў на гэтыя мэты пазыку ў 40,7 мільёна долараў. Мяркуецца, што ў 2020 годзе 30% пасадачных культур у Беларусі будзе вырошчвацца менавіта па тэхналогіі ЗКС. Яшчэ ў 2000 годзе такі матэрыял айчынныя гадавальнікі зусім не выраблялі, цяпер яго аб'ёмы дасягнулі 5,6 мільёна штук за год. Таксама Міхаіл Амельяновіч адзначыў, што Беларусі актыўна ўкараняюцца тэхналогіі мікракланальнага размнажэння лясных парод. Паводле яго слоў, ужо ў найбліжэйшы час будзе створана лесанасенная база па кланіраванні карэльскай бярозы.

Галоўным выклікам для айчынных лесаводаў сёлета сталі ліпеньскія ўраганы, якія павалілі больш за 14 тысяч гектараў лесу. Такіх маштабных разбурэнняў не было за ўсю гісторыю вядзення лясной гаспадаркі. Практычна цалкам знішчаны рэспубліканскі заказнік «Пекалінскі», узрост насаджэнняў у якім налічваў сто і больш гадоў. Ліквідацыяй наступстваў займаюцца дагэтуль. Цяпер работы, па словах міністра, перайшлі свой экватар. Да канца года плануецца скончыць асноўную частку расчыстак, у цяжкадаступных месцах работы завершацца да 1 сакавіка наступнага года.

— Мы чысцім лесасекі і адразу ж рыхтуем гэтыя тэрыторыі пад пасадку новых лясных культур, — падкрэсліў міністр. — Да канца восені плануем засадзіць пяць тысяч гектараў новым лесам: чатыры з іх у найбольш пацярпелых Смалявіцкім і Чэрвеньскім лясгасах, яшчэ тысячу гектараў — у іншых гаспадарках. У астатніх угоддзях саджанцы з'явяцца вясной.

Пакрыццё тэрыторыі краіны лесам працягвае павялічвацца. За апошнія 60 гадоў яно вырасла амаль удвая і дасягнула максімальнага значэння больш як за 100 гадоў. У 1901 годзе гэты паказчык складаў 37,6 працэнта, цяпер — 39,7. Да 2021 года чакаецца павелічэнне лясістасці да 40,1 працэнта. Штогод лясы Беларусі прырастаюць 32 мільёнамі кубаметраў драўніны, агульны яе запас ацэньваецца ў 1,74 мільярда кубаметраў.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Лес будзем саджаць і... кланіраваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».