Вы тут

Выбраныя парламентарыі зарэгістраваны


Адпаведнае рашэнне прыняў Цэнтрвыбаркам.

Учора на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па правядзенні выбараў былі падведзены вынікі сёлетняй парламенцкай кампаніі. Па яго выніках члены камісіі зарэгістравалі выбраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, а таксама зацвердзілі даты першых пасяджэнняў ніжняй і верхняй палат — 11 і 12 кастрычніка адпаведна. Да гэтага парламентарыі будуць засядаць у старым складзе, бо яны павінны разгледзець бюджэт на будучы год.


Два бакі медаля

Кажучы пра тэндэнцыі сёлетніх выбараў, Лідзія ЯРМОШЫНА, старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, адзначыла наступныя: «Колькасць выбаршчыкаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, застаецца на ранейшым узроўні. Колькасць кандыдатаў, што імкнуцца ў парламент, павялічваецца. Такім чынам людзі атрымліваюць альтэрнатыву для выбару. Да таго ж выбарчая кампанія становіцца менш канфліктнай па колькасці скаргаў і больш свабоднай ды адкрытай». Акрамя таго, галоўным дасягненнем прайшоўшай кампаніі старшыня ЦВК назвала тое, што «мясцовыя ўлады вучацца прадастаўляць шырокія магчымасці для правядзення публічных мерапрыемстваў, звязаных з выбарамі».

Таксама Лідзія Ярмошына расказала і пра негатыўныя з'явы падчас кампаніі. Адна з іх адбылася ў сталічнай Новавіленскай выбарчай акрузе. У ЦВК прыйшоў фотаздымак, на якім члены выбарчай камісіі вядуць падлік галасоў, павярнуўшыся спінамі да назіральнікаў. Па словах старшыні ЦВК, гэта супярэчыць пастанове Цэнтральнай камісіі. Акрамя таго, скаргі ад назіральнікаў паступалі і на адлегласць паміж імі і камісіяй падчас падліку галасоў. Але яны тычыліся выпадкаў, калі адлегласць перавышала тры метры, і, наадварот, калі была зменшана да двух.

Пададзеныя скаргі

Па словах старшыні ЦВК, скаргі, якія паступілі ад кандыдатаў у дэпутаты, тычацца працэсу падліку галасоў, якому кандыдаты, якія прайгралі, «не давяраюць». «У прынцыпе, гэта цалкам натуральны працэс. Ёсць скаргі, не звязаныя з самім праходжаннем галасавання, дзе аналізуецца ўся выбарчая кампанія і дзе кандыдаты лічаць, што іх правы пэўным чынам парушаны. Што кандыдаты-пераможцы праводзілі кампанію з парушэннямі закона, што ім аказвалася больш увагі», — адзначыла яна. Так, усяго паступіла 10 скаргаў ад кандыдатаў на вынікі выбараў. Дзевяць з іх — з патрабаваннем прызнаць выбары несапраўднымі, яшчэ адна — зрабіць пералік галасоў.

«Што датычыцца адлегласці, на якой пры падліку могуць знаходзіцца назіральнікі, то дзе можна, там памяншаюць. Да бясконцасці паменшыць немагчыма ў сілу таго, што часта назіральнікаў больш, чым саміх членаў камісіі. І таму члены камісіі перш за ўсё павінны знаходзіцца ў камфортных умовах, — пракаментавала гэты бок выбарчага працэсу Лідзія Ярмошына.

Старшыня камісіі паведаміла, што пакет прапаноў па выніках выбараў будзе сфарміраваны і адасланы Прэзідэнту пасля выніковага заключэння Бюро па дэмакратычных інстытутах па правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ АБСЕ). Яна ацаніла папярэднюю справаздачу як «збалансаваную». «Так, мы з чымсьці нязгодныя. Напрыклад, з прапановамі, накіраванымі на дыскрымінацыю выбаршчыкаў». Калі будуць прапановы, накіраваныя на паляпшэнне працэдуры падліку галасоў, то да гэтага варта будзе паставіцца вельмі ўважліва і па магчымасці ўлічыць», — зазначыла старшыня Цэнтрвыбаркама.

«4 тысячы бюлетэняў не данеслі»

Па словах Мікалая ЛАЗАВІКА, сакратара Цэнтрвыбаркама, выбары членаў Савета Рэспублікі прайшлі ў поўнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам. Галасаванне адбылося 13 верасня, а ў пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню ў абласцях і ў горадзе Мінску ўзяла ўдзел неабходная колькасць дэпутатаў. Дарэчы, падчас яго было і дастаткова галасоў «супраць усіх» у дачыненні да кандыдатаў на месца сенатара. «Калі поўнае адзінадушша, гэта выглядае падазрона. Вылучае кандыдатаў толькі частка дэпутацкага корпуса — каля 5-10 чалавек, а галасуе больш за 500. Тут магчымыя варыянты», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Што тычыцца статыстычных звестак, то 5 215 359 выбаршчыкаў атрымалі бюлетэні, але 4 тысячы не данеслі іх да урны, таму колькасць удзельнікаў выбараў па краіне склала 5 211 871. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавала 491 956 выбаршчыкаў. Сапсаваных бюлетэняў аказалася 65 661. Падчас выбарчай кампаніі паступіла 479 зваротаў, што значна менш, чым у мінулую парламенцкую кампанію 2012-га года (672). Апошнія лічбы пацвярджаюць словы старшыні ЦВК аб тым, што сёлетнія выбары прайшлі менш канфліктна.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».