Паведамленне пра банкруцтва найбуйнейшай паўднёвакарэйскай кампаніі марскіх перавозак Hanjіn Shіppіng прайшло амаль незаўважаным. Між тым гэтая падзея гучным рэхам адгукнулася па ўсёй планеце. Карэйскім сухагрузам, кантэйнеравозам і балкерам забаранілі разгружацца і загружацца ў партах, бо ніхто не мог паручыцца, што будуць аплачаны паслугі лоцманаў і буксіраў. Аналітыкі не выключаюць, што банкруцтва паўднёвакарэйскага суднаходнага гіганта можа справакаваць эфект даміно на глабальным рынку марскіх грузавых перавозак. Прынамсі, яно можа нанесці немалы ўрон ЗША. Якія ўвогуле перспектывы ў сусветнага воднага транзіту?
Грузіце кантэйнерамі
На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва водныя шляхі былі вельмі важныя для транспартавання. Такая сітуацыя захавалася дасюль. Як сведчыць статыстыка, на долю перавозак марскім транспартам цяпер прыпадае 4/5 усяго аб'ёму міжнароднага гандлю. Агульная працягласць марскіх трас вымяраецца мільёнамі кіламетраў. Судны дастаўляюць галоўным чынам масавыя грузы — наліўныя (нафта), навалачныя і насыпныя.
Доўгі час флот складаўся з універсальных караблёў, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі ўсіх відаў грузаў і пасажыраў. Першым крокам да спецыялізацыі судоў было вылучэнне пасажырскіх — больш зручных, з павышанай камфартабельнасцю палуб, абсталяваных канцэртнымі заламі, рэстаранамі, басейнамі, гульнявымі пляцоўкамі. Ад іх аддзялілася свайго роду «галіна» буйных караблёў, прыстасаваных для адпачынку і забавы пасажыраў, сумешчанага з падарожжам па экзатычных партах і краінах. Затым з грузавых суднаў вылучыліся танкеры для бястарнай перавозкі нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу.
З другой паловы XX стагоддзя пачаўся працэс паглыблення спецыялізацыі караблёў сусветнага флоту. Напрыклад, з'явіліся вуглявозы, рудавозы, лесавозы, кантэйнеравозы, судны з гарызантальнай пагрузкай-выгрузкай колавай тэхнікі, рэфрыжэратары для перавозкі хуткапсавальных прадуктаў, судны-паромы. У сваю чаргу паглыбілася спецыялізацыя танкераў (для перавозкі алею, віннай сыравіны, патакі, малака).
Па меры таго, як рынкі ўсё больш глабалізуюцца, аб'ёмы суднаходства павялічваюцца. Апетыты развітых краін і тых, што ўліваюцца ў гэтую групу (асабліва Кітая і Індыі), на энергетычныя і мінеральныя рэсурсы прывялі да росту аб'ёмаў тавараў, прывезеных з аддаленых краёў. Рэвалюцыя ў інфармацыйных тэхналогіях значна знізіла выдаткі на сувязь. Гэта дазволіла развіцца новым сеткам і вытворчым працэсам. Акрамя таго, адбыліся тэхналагічныя і арганізацыйныя паляпшэнні ў кіраванні партамі, арганізацыі руху.
Найбольш значны ў свеце тып грузу — сырая нафта, якая складае амаль чвэрць усіх тавараў, што перавозяцца па моры. Буйнымі імпарцёрамі з'яўляюцца Еўрасаюз, ЗША і Японія. Усе тры спажыўцы закупляюць «чорнае золата» на Сярэднім Усходзе, найбольш важным нафтавытворчым рэгіёне. Паўночная Амерыка таксама набывае нафту ў Заходняй Афрыцы і на Карыбах, тады як Еўропа таксама імпартуе з Паўночнай і Заходняй Афрыкі.
Жалезная руда і вугаль з'яўляюцца найбольш значнымі сярод насыпных грузаў. Сярод такіх грузаў таксама ёсць зерне і насенне (пшаніца, жыта, ячмень, соя, авёс).
Развіццё міжнародна падзелу працы прывяло да назапашвання аднатыпных грузаў, напрыклад аўтамабіляў і запасных частак да іх у такіх колькасцях, што цэлыя судны могуць спэцыялізавацца на лініях для гэтых мэт. Буйныя судны для перавозкі аўтамабіляў, розныя хімавозы, судны для дастаўкі канцэнтратаў таксама належаць да гэтага спецыялізаванага сектара суднаходства, які працуе на кантрактных умовах.
Кантэйнерызацыя значна павялічыла эфектыўнасць галіны. Яна прывяла да павелічэння транспартавання так званых генеральных грузаў — гатовых вырабаў і паўфабрыкатаў. Сярод кантэйнерных ліній, якія апяразваюць увесь зямны шар, ужо ёсць і рэгулярныя кругасветныя. З сярэдзіны 1980-х сусветнае кантэйнернае суднаходства павялічвалася на 10% штогод. Яго доля ў агульным аб'ёме транспартавання насыпных грузаў вырасла з 7,4% да 25%.
У лідарах — Атлантычны
Марскія перавозкі абслугоўвае марскі гандлёвы флот, танаж (валавая ёмістасць) якога перавышае 600 млн тон. Судны плаваюць пад сцягамі амаль 160 краін, але прыкладна 70% іх агульнага танажу прыпадае на краіны «першай дзясяткі». Наяўнасць вялікага марскога флоту ў некаторых краін, якія развіваюцца, асабліва ў Панамы і Ліберыі, тлумачыцца тым, што насамрэч пад іх сцягамі плаваюць караблі ЗША, Японіі, Грэцыі, Нарвегіі, ФРГ, Вялікабрытаніі, Італіі і іншых краін Захаду. Такія «ўцёкі» флоту тлумачацца імкненнем суднаўладальнікаў традыцыйных марскіх дзяржаў сэканоміць на падатках, на заработнай плаце маракоў. Насамрэч найбольшы танаж марскіх суднаў у ЗША (звыш 70 млн т) і Японіі (50 млн т). Асабліва трэба адзначыць таксама Грэцыю і Нарвегію.
Зацяжны крызіс у суднабудаванні і суднаходстве адціснуў на другі план некалі магутныя марскія дзяржавы: Вялікабрытанію, Германію, Італію, Францыю, а таксама Швецыю, Данію. Страціла свае марскія пазіцыі і Расія, перамясціўшыся па танажы флоту з колішняй першай пяцёркі на 13-е месца. У першыя шэрагі ўпарта прабіваліся (і прабіліся!) Паўднёвая Карэя і так званыя «малыя драконы»: Ганконг, Сінгапур, Тайвань, якія раней у суднаходным свеце не былі вядомыя. Кітай упарта пракладае сабе дарогу да звання вялікай дзяржавы, для якой магутны марскі гандлёвы флот — і пытанне прэстыжу, і пытанне эканамічнай бяспекі. Паднябесная ў апошнія гады актыўна папаўняла свой гандлёвы флот за кошт будаўніцтва і куплі. У выніку чаго замацавалася сярод найбуйнейшых суднаходных дзяржаў, тады як у першыя гады пасля ўтварэння КНР флот у краіны практычна адсутнічаў.
Агульная колькасць марскіх партоў на ўсіх морах і акіянах перавышае 2,2 тысячы. Але так званых сусветных партоў, у кожным з якіх перагружаюць штогод больш за 50 млн тон грузаў, усяго крыху больш за 60.
Устойлівы геаграфічны падзел працы прывёў да таго, што напрамкі большасці водных трас захоўваюцца на працягу многіх дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў. Вось ужо на працягу пяці стагоддзяў — з пачатку Вялікіх геаграфічных адкрыццяў — першае месца ў сусветным марскім суднаходстве займае Атлантычны акіян. На яго берагах знаходзяцца 70 краін з агульным насельніцтвам 1,5 млрд чалавек і 2/3 усіх марскіх партоў. Тут сфарміравалася некалькі важных напрамкаў марскога суднаходства. Галоўны з іх — Паўночнаатлантычны — марскія трасы паміж Заходняй Еўропай і Паўночнай Амерыкай.
Другое месца па аб'ёме марскіх перавозак займае Ціхі акіян, але ён хутка даганяе Атлантычны. Да гэтага акіяну выходзіць прыкладна 30 дзяржаў (большасць з іх хутка развіваецца) з насельніцтвам, якое набліжаецца да 3 млрд чалавек. На берагах Ціхага акіяна, асабліва ў яго азіяцкай частцы, знаходзяцца шмат якія найбуйнейшыя парты свету. Адсюль пачынаюцца патокі многіх масавых, а ў апошні час і генеральных грузаў. Трэцяе месца па аб'ёме марскіх перавозак належыць Індыйскаму акіяну. Да яго берагоў выходзяць межы 30 дзяржаў з насельніцтвам больш за 1,5 млрд чалавек. Індыйскі акіян вылучаецца па сваіх нафтавых грузапатоках, якія пачынаюцца ў Персідскім заліве і накіроўваюцца адтуль у Еўропу і Усходнюю Азію.
Вельмі вялікі ўплыў на геаграфію марскога транспарту аказваюць міжнародныя каналы, асабліва Суэцкі і Панамскі. Праз першы перавозіцца да 650 млн тон грузаў у год. Ён скарачае шлях паміж партамі Еўропы і Азіі ў два-тры разы. Праз Панамскі канал штогод правозіцца да 250 млн тон грузаў.
Калі прыняць да ўвагі ўсе камерцыйныя тавары, становіцца зразумела, што існуе параўнальна невялікая колькасць транспартных маршрутаў і яны праходзяць толькі па некаторых раёнах акіянаў. Найбольш загружанымі з'яўляюцца падыходы да партоў Еўропы і Усходняй Азіі, асабліва Японіі, а таксама Шанхая, Сінгапура, Ганконга і ЗША. Вузкія пралівы яшчэ больш канцэнтруюць марскія патокі транспарту. Заторы ўтвараюцца ў пралівах Гібралтар, Малака, Ламбок і Хармуз, а таксама паблізу мыса Добрай Надзеі на паўднёвым ускрайку Афрыкі. Трафік у гэтых раёнах расце, што прываблівае піратаў.
Індыкатар эканомікі
Сучасныя судны — вялікія, хуткія і вузкаспецыялізаваныя. Інавацыі ў тэхналогіях дапамаглі паскорыць рост марскіх перавозак. Суднаходства застаецца адной з самых развітых сфер транспартавання грузаў. Яно запатрабавана ва ўсіх напрамках. Грузаўладальнікі аплачваюць у выглядзе фрахту за перавозкі грузаў у міжнародных марскіх зносінах 105—110 млрд долараў — каля 7% кошту сусветнага экспарту. Дынамічнасць рынку грузаперавозак пастаянна развіваецца і прыстасоўваецца да рынкавых умоў. Прарыў у ІТ-тэхналогіях дазволіў значна скараціць выдаткі на сувязь, у выніку чаго транспартная лагістыка атрымала новы штуршок у развіцці. Цэны на транспартаванне морам зменшыліся, судны істотна павялічыліся ў памерах.
Змяніўся і дызайн марскога транспарту — на змену драўляных карпусоў прыйшлі металічныя. Скараціўся кошт пабудовы судна і павысілася яго бяспека. На працягу апошніх гадоў у індустрыі марскіх перавозак дамінуе трэнд не толькі па павелічэнні змяшчальнасці, але і па аптымізацыі магутнасці і выдаткаў на паліва. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі сусветнага рынку па частцы марскога суднаходства з'яўляюцца краіны, якія не маюць агульных сухапутных межаў. Выдатным прыкладам можа стаць Кітай, экспарт якога павялічыўся ў 4 разы за апошнія гады. Большая частка экспартных тавараў перавозілася морам.
Развіццё марскога суднаходства чуйна адлюстроўвае змены, якія адбываюцца ў сусветнай эканоміцы. У цэлым прагнозы, якія тычацца перспектыў сусветнага марскога флоту, выглядаюць даволі аптымістычна. Марскі бум можа працягнуцца, нягледзячы на адгалоскі эканамічнага крызісу. Прынамсі, танаж сусветнага марскога флоту штогод павялічваецца на 1-2%. Рост флоту адбываецца дзякуючы павелічэнню танажу як у развітых краінах, так і ў тых, якія развіваюцца. Доля апошніх павялічылася з 10% у 1980-м да больш чым 20% у канцы 1990-х.
На думку многіх спецыялістаў, скачок расцэнак, выкліканы банкруцтвам паўднёвакарэйскай кампаніі Hanjіn Shіppіng, будзе нядоўгім і працягнецца максімум усяго два месяцы. Улічваючы тое, што прыкладна 5% танажу сусветнага грузавога флоту цяпер прастойвае, закрыць «прарэхі» будзе няцяжка.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
«Залатая падаплёка крылаў... »
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.