Вы тут

Чаму каштаны заўчасна скідаюць лістоту?


Пільныя мінчане б'юць трывогу: «Яшчэ толькі пачатак восені, а большая частка каштанаў ужо цалкам пазбавілася сваёй аб'ёмнай кроны. Дрэвы трэба ратаваць!» Каб высветліць, што з'яўляецца прычынай гэтай засмучальнай для жыхароў сталіцы з'явы, мы звярнуліся да спецыялістаў «Мінскзелянбуд».


 

Аказалася, на шчасце, што дрэвы ўсё ж такі не паміраюць, аднак і ў нармальным стане яны не знаходзяцца. На гэта ёсць некалькі прычын. Каштаны, якія растуць уздоўж дарог, пакутуюць ад лішку соляў у глебе, якія трапляюць у яе падчас апрацоўкі праезных частак і тратуараў антыгалалёднымі рэагентамі. Даследаванні паказваюць, што на галоўных праспектах горада гэтыя паказчыкі перавышаныя дзе ў 20, а дзе і нават у 100 разоў. Да канца ліпеня шкодныя солі з ніжніх слаёў глебы падымаюцца ўверх і вызываюць парушэнне фізіялагічных працэсаў у раслін. Акрамя заўчаснага ападзення лістоты падобныя негатыўныя фактары з'яўляюцца прычынай і паўторнага цвіцення. Як толькі пачынаецца перыяд спорных дажджоў, сярод сухога балотна-карычневага лісця нібы ўвасабленне надзеі з'яўляюцца белыя свечкі квецені, якім не наканавана стаць каштанамі. Вось такі сумны жарт прыроды. Акрамя таго, дрэвы, пасаджаныя ўздоўж дарог, практычна «гараць» у спякоту. Калі тэмпература паветра награваецца да 23 градусаў цяпла, то тэмпература асфальту ў гэты момант ужо 30 градусаў. Гарачае сухое паветра, якое падымаецца ад асфальту, стварае нешта падобнае на эфект ад фена для дрэва. Для таго каб палегчыць долю дрэў, праводзіцца комплекс «збаўчых» мерапрыемстваў: паліў, абмыванне крон, падкормкі, на зіму ствалы хаваюцца спанбондам, каб пазбегнуць пападання на іх соляў.

Ёсць яшчэ іншая катэгорыя каштанаў: тыя, якія растуць у скверах і парках, — і ў іх, на жаль, таксама свае праблемы. Дрэвы атакуе мініруючая моль. Гэты шкоднік упершыню быў апісаны толькі ў канцы XX стагоддзя, аднак страты паспеў нанесці каласальныя. Напрыклад, у некаторых раёнах Германіі нават абмяркоўваецца пытанне аб мэтазгоднасці працягу вырошчвання каштанаў. Вусені сілкуюцца сокам лісця, з-за чаго на знешнім баку з'яўляюцца жоўтыя або чырванаватыя сляды, так званыя міны. Па гэтай прычыне ўжо з чэрвеня крона дрэва выглядае нездаровай, быццам бы сухой. Эфектыўнага сродку барацьбы с мініруючай моллю пакуль няма, адзінае, што можна зрабіць, — спальваць хворае лісце, каб прадухіліць далейшае распаўсюджванне шкодніка. Ліквідаваць насякомае пры дапамозе лютых маразоў можа толькі сама прырода.

Калі мініруючая моль у якасці ахвяры выбірае пераважна каштаны, то ад соляў і перагравання пакутуюць усе віды дрэў, якія растуць уздоўж дарог. Даўжэй іншых радаваць сваёй пышнай зялёнай кронай можа хіба што ясень, аднак і ў яго ёсць свае недахопы: да чэрвеня дрэва стаіць амаль без лісця.

— Вясной нам тэлефануюць жыхары горада і просяць высекчы сухія дрэвы. А яны ў парадку, проста пазнейшыя, — расказвае кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі «Мінскзелянбуда» Анжаліка ПУЗАНКОВА. — Так што ўніверсальнага лісцевага дрэва, якое стаіць зялёным з ранняй вясны да позняй восені, няма. Стан усіх дрэў мы пастаянна кантралюем, убіраем толькі тыя, якія нельга выратаваць. Цалкам пазбавіцца ад каштанаў сэнсу няма, яны хоць і аслабленыя, аднак не гінуць, у іх проста падоўжваецца фаза спакою. Да таго ж няма альтэрнатывы, іншага дрэва, якое было б больш вынослівым у тых жа неспрыяльных умовах. Найбольш дрэнна раслінамі пераносяцца вельмі снежныя зімы, калі выкарыстоўваецца вялікая колькасць рэагентаў, і снег з імі складваецца ўздоўж дарог, а таксама засушлівыя, як у апошні час, вёсны.

Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з Акадэміяй навук і Батанічным садам, разам распрацоўваем комплексы для паляпшэння стану раслін, абнаўляем у залежнасці ад вынікаў методыкі догляду за дрэвамі кожны год. Аднак пакуль кардынальным чынам змяніць сітуацыю не ўдалося. У Італіі, напрыклад, выкарыстоўваюць зменны шчэбень, які не дазваляе вялікай колькасці соляў пранікаць у глебу. Для нас з прычыны адсутнасці гор у краіне гэтая тэхналогія пакуль занадта дарагая. Аднак пытанне ўтрымання раслін у гарадскім асяроддзі з'яўляецца вельмі важным, зараз над ім вядзецца ўсебаковая праца, у тым ліку і над змяненнем складу рэагентаў на больш ашчаджальны.

Як нам патлумачылі ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук, каштаны нараўне з ліпамі і клёнамі з'яўляюцца найбольш часта сустракаемымі на тэрыторыі сталіцы дрэвамі, таму трэба актыўна займацца іх захаваннем. Для барацьбы з мініруючай моллю існуюць лекі, якія ўводзяцца ў ствол дрэва. Пакуль у гэтага насякомага не было натуральнага ворага ў прыродзе, аднак ёсць высокая доля верагоднасці, што ў ходзе эксперыментаў ён усё-ткі нарэшце быў выведзены. Гэта дазволіць змагацца са шкоднікам значна больш эфектыўна.

Дар'я Каско

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Голыя і нясмешныя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.