Вы тут

Зграбаць ці не зграбаць лісце ў парку?


Добры дзень, шаноўныя стваральнікі спецвыпуску «Карані і кроны»! У нашым г. Чавусы Магілёўскай вобл. ёсць прыгожы парк, дзе ў спякоту ў цені ліп, бяроз і клёнаў любяць бавіць час маладыя мамы са сваімі немаўляткамі, пенсіянеры, іншыя жыхары горада. Пры ўваходзе ў парк устаноўлена шыльда, з якой можна даведацца, што ён з'яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння, знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Гэта значыць, як я разумею, што кантроль ускладзены на раённы камітэт па ахове навакольнага асяроддзя. За парадак у парку адказвае мясцовы камунгас. Хутка наступіць лістапад, і, як заўсёды, работнікі камунгаса пачнуць зграбаць апалую лістоту, ды так старанна, што пад дрэвамі застаецца голая зямля. Я неяк звяртаўся ў раённы камітэт па ахове навакольнага асяроддзя з прапановай пакідаць лісце пад дрэвамі, прыбіраць толькі пешаходныя дарожкі, нейкія іншыя мясціны. Зыходзіў з таго, што будзе эканомія матэрыяльных сродкаў, а галоўнае, апалае лісце — гэта арганічныя ўгнаенні для дрэў, месца для зімоўкі ўсякіх казурак. Разумення не знайшоў. Прашу спецыялістаў Мінпрыроды выказаць свае парады і думкі на гэты конт. І яшчэ. Быццам у Мінску ў парках, скверах лісце пакідаюць пад дрэвамі. Ці так гэта?

З павагай В. Гаўрыш.


Пракаментаваць гэты ліст мы папрасілі кіраўніка аддзела зямель і ландшафтаў упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяну Трафімовіч:

— Сапраўды, рашэннем Чавускага раённага выканаўчага камітэта ад 22.02.2006 г. №4-26 батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «парк» перададзены пад ахову Жылкамгаса.

Згодна з ахоўнымі дакументамі помніка прыроды, на яго тэрыторыі не забараняецца прыбіранне лісця. У адпаведнасці з ахоўным абавязацельствам помніка прыроды Жылкамгас павінен утрымліваць тэрыторыю ў належным санітарным стане.

Між тым прапанова В. Гаўрыша па частковай прыборцы лісця на тэрыторыі помніка прыроды абгрунтаваная. Лісце, якое ападае ўвосень з дрэў, у працэсе гніення ўтварае падсцілку, якая выконвае шматлікія экалагічныя функцыі, у тым ліку з'яўляецца асяроддзем існавання шматлікіх арганізмаў. З іншага боку, парк з'яўляецца антрапагенна змененай тэрыторыяй, прызначанай для адпачынку насельніцтва. Выдаленне штогадовага ападу лісця, у якім збіраецца разнастайнае смецце, ва ўмовах горада неабходна ў мэтах захавання жыццяздольнасці насаджэння, газона, а таксама выканання санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Такім чынам, да прыбірання лісця на тэрыторыях гарадскіх паркаў патрэбен дыферэнцаваны падыход.

Станоўчы досвед па рэгуляванні гэтага пытання маецца ў горадзе Мінску. Згодна з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання горада Мінска, зацверджанымі рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, для прывядзення гарадскіх аб'ектаў у належны стан прыборка лісця ў парках, лесапарках і садах ажыццяўляецца толькі ўздоўж пешаходных сцежак і пляцовак шырынёй 5 метраў.

На падставе ліста В. Гаўрыша Мінпрыроды накіравала ў адрас Чавускага раённага выканаўчага камітэта прапанову разгледзець пытанне па вызначэнні дыферэнцаванага падыходу да прыбірання лісця на тэрыторыі помніка прыроды.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.