Беларусь разглядае Аман як перспектыўнага гандлёвага і інвестыцыйнага партнёра ў рэгіёне Персідскага заліва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў Султаната Аман.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэтаму спрыяла актывізацыя афіцыйных кантактаў на ўрадавым і парламенцкім узроўнях на працягу апошніх двух гадоў. «Беларусь гатова развіваць адносіны з вашай дзяржавай па ўсіх напрамках», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Сёлета адзначана пэўная станоўчая дынаміка ў развіцці гандлю паміж Беларуссю і Аманам, аднак таваразварот застаецца вельмі нізкім. «Можна сказаць, што мы ў пачатку шляху. Упэўнены, што патэнцыял нашага эканамічнага супрацоўніцтва вялікі і будзе запатрабаваны», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь дамаглася сур'ёзных поспехаў у сферы машынабудавання і гатовая як пастаўляць тэхніку ў Аман, так і ствараць сумесныя прадпрыемствы на яго тэрыторыі. «Мы бачым добрыя перспектывы развіцця інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У Беларусі створаны самыя спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу: гарантавана абарона прыватнай уласнасці і інвестыцый, забяспечана права на рэпатрыяцыю прыбытку. Мы не ствараем ніякіх перашкод для рэалізацыі любых узаемавыгадных сумесных праектаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Акрамя таго, наша краіна гатова садзейнічаць Аману ў наладжванні супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам. Гэта вялікі рынак тавараў і паслуг Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Арменіі, які налічвае больш за 170 млн чалавек».
На сустрэчы было адзначана, што 20 верасня пачне працу першы ў гісторыі Беларуска-аманскі бізнес-форум, падчас якога будзе выпрацаваны пэўны план узаемадзеяння паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў дзяржаў. «Упэўнены, што мы зможам надаць новы імпульс развіццю ўзаемавыгадных сувязяў», — сказаў на заканчэнне беларускі лідар.
У сваю чаргу старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Амана Саід Аль-Кіюмі выказаў удзячнасць і падзяку Прэзідэнту за магчымасць сустрэчы. «Гэтая сустрэча сведчыць аб зацікаўленасці кіраўніцтва нашай дзяржавы ў развіцці двухбаковых адносін паміж нашымі краінамі, асабліва ў гандлёвай сферы», — падкрэсліў ён.
У час сустрэчы бакі абмеркавалі канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва і дамовіліся стварыць новыя гандлёвыя сувязі, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. Перспектыўнымі сферамі ўзаемадзеяння, як было адзначана, могуць стаць прамысловасць, ІT-тэхналогіі, будаўніцтва, адукацыя, турызм, гасцінічны бізнес, сельская гаспадарка і іншыя.
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
На што здольная абноўленая версія кабінета?
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.