07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Выбары і... выбухі


На парламенцкіх выбарах у Расійскай Федэрацыі ўпэўнена лідзіруе, як і чакалі эксперты, партыя «Адзіная Расія». Выбары ў Дзярждуму прайшлі ўжо 18 верасня па змяшанай сістэме: 225 дэпутатаў выбіраліся па партыйных спісах, 225 — па аднамандатных акругах. За другое месца змагаюцца ЛДПР і КПРФ, у абедзвюх партый у новай Дзяржаўнай Думе будзе ад 13 да 14 працэнтаў дэпутатаў. Мяркуючы па выніках падліку 75 працэнтаў бюлетэняў, «Адзіная Расія» атрымае канстытуцыйную большасць — у парламенце новага склікання ў яе будзе больш за дзве траціны дэпутацкіх месцаў. Гэта азначае, што адзінаросы змогуць уносіць самастойна змены ў канстытуцыю і пераадольваць прэзідэнцкае вета. Што наўрад ці спатрэбіцца, улічваючы поўнае яднанне партыі з прэзідэнтам краіны Уладзімірам Пуціным. Дарэчы кажучы, у шостай Дзяржаўнай Думе «Адзіная Расія» канстытуцыйную большасць атрымаць на мінулых выбарах не змагла.


Цікавымі з пункту гледжання будучыні самай уплывовай краіны Еўрасаюза — Германіі, у якой хутка будуць праходзіць парламенцкія выбары, — сталі вынікі мясцовых выбараў у Берліне. Паводле папярэдніх звестак, у Берліне, які быў апорай кіруючай кааліцыі СДПГ-ХДС, будзе страчана большасць, у сувязі з чым кааліцыя ў ландтагу распадаецца. СДПГ па выніках выбараў лідзіруе, але з мінімальнымі вынікамі за апошнія 70 гадоў, атрымліваючы толькі 23 працэнты галасоў. Улічваючы, што ХДС атрымлівае каля 18 працэнтаў, чакаецца, што СДПГ будзе вымушана фарміраваць кааліцыю з «зялёнымі» і левымі.


Падчас першых тыдняў верасня мы сачылі з надзеяй за тым, як ЗША і Расія дамаўляюцца шчыльна каардынаваць свае дзеянні ў Сірыі, пра рэжым спынення агню і каго лічыць тэрарыстамі, каб больш эфектыўна змагацца з агульнай пагрозай — тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава». Дамоўленасці ўключалі і сірыйскую армію, якая адмовілася ад выкарыстання сваіх паветраных сілаў у тых зонах, дзе авіяўдары будуць наносіць расійскія ПКС і самалёты сфарміраванай ЗША кааліцыі. І што ж адбылося на фоне ўсіх гэтых чаканняў? 17 верасня ЗША адправілі групу самалётаў са сваёй кааліцыі, якая нанесла сур'ёзны ўдар па пазіцыях сірыйскай арміі ў правінцыі Дэйр-эз-Зор. Акрамя амерыканскіх самалётаў у налёце ўдзельнічалі і іншыя заходнія дзяржавы: так, ужо стала вядома аб удзеле лётчыкаў Аўстраліі і Даніі. Загінулі больш за 60 салдат, а баевікі арганізавалі неадкладнае наступленне на разгромленыя пазіцыі, захапіўшы камандныя вышыні. Тое, што здарылася, і Расія, і Іран назвалі правакацыяй, якая іграе на руку «Ісламскай дзяржаве». А ЗША назвалі сваю атаку памылкай. Больш за тое, калі Расія склікала экстраннае пасяджэнне Савета бяспекі ААН, пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Саманта Паўэр пакінула залу падчас выступлення расійскага прадстаўніка і заявіла журналістам, што скліканне пасяджэння з'яўляецца «цынічнай і крывадушнай выхадкай».


Самі ЗША на мінулым тыдні сталі ахвярай нападу тэрарыстаў. На амерыканскай зямлі прагрымелі два выбухі — у Нью-Джэрсі і Нью-Ёрку. Ад першага ніхто не пацярпеў, але быў адменены старт дабрачыннага марафону, а вось ад другога выбуху на Манхэтэне атрымалі раненні 29 чалавек. Больш за тое, была знойдзена і другая прылада, якая не выбухнула. Хутчэй за ўсё, абодва выбухі маюць аднаго аўтара, асоба якога пакуль з'яўляецца загадкай. Ёсць верагоднасць, што выбухі не звязаны з «Ісламскай дзяржавай». Так, правяраецца заява невядомага ў сацсетцы Tumblr, у якой ён узяў на сябе адказнасць за выбух на Манхэтэне, таму што «ненавідзіць сённяшняе грамадства, дзе на гамасексуалістаў накшталт яго глядзяць зверху ўніз».


13 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Мікалаем Бардзюжам. Важнасць сустрэчы была ў тым, што ў наступным годзе Беларусі трэба прыняць старшынства ў гэтай арганізацыі, і неабходна сфарміраваць такі парадак дня, які зробіць яе больш эфектыўнай.


16 верасня ў Бішкеку прайшло пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД. Як адзначыў у сваім выступленні беларускі Прэзідэнт, работу па адаптацыі СНД да сучасных рэалій трэба працягваць, весці яе варта менавіта ў інтарэсах дзяржаў-удзельнікаў, а заканамерным вынікам павінна стаць трансфармацыя Садружнасці ў больш прывабную і ўплывовую на міжнароднай арэне структуру. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў журналістам, што СНД важная і як пляцоўка для выпрацоўкі адэкватных адказаў на тыя выклікі і пагрозы, якія з'яўляюцца, і для выпрацоўкі канкрэтных рашэнняў, што будуць спрыяць эканамічнаму, гуманітарнаму, палітычнаму развіццю дзяржаў — удзельніц СНД. У 2017 годзе старшынства ў СНД будзе ў Расіі. У няпростай сітуацыі, як у рэгіёне, так і ў свеце, трэба будзе прапанаваць ініцыятывы, якія зробяць жыццё грамадзян СНД больш камфортным і бяспечным.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.