Вы тут

Рак прастаты займае першае месца сярод усіх злаякасных пухлін у мужчын


Штогод у краіне выяўляецца каля 3,5 тысячы новых выпадкаў раку прастаты. Некалі гэты від анкалогіі выяўляўся пераважна на позніх стадыях. Сёння ўсё больш тых, хто трапляе ў поле зроку спецыялістаў на ранніх, але да поспеху, які дасягнуты ў шэрагу развітых краін, мы пакуль не дайшлі.


— Западозрыць праблему раней можна з дапамогай аналізу крыві на прастатспецыфічны антыген (ПСА), што вельмі актыўна праводзіцца за мяжой. Прайсці такое даследаванне можа любы мужчына 50—55 гадоў пасля звароту да ўролага, — кажа загадчык аддзялення онкаўралогіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Ігар МАСАНСКІ. — Пачынаць абследаванне менавіта з гэтага ўзросту найбольш важна для тых, чые сваякі хварэлі на рак прастаты. Паўтараць правядзенне аналізу неабходна ў сярэднім раз на два-тры гады, калі ўролаг не параіў інакш. Наогул з кожным наступным дзесяцігоддзем рызыка развіцця захворвання нарастае, аднак у маладзейшым узросце гэты від раку паводзіць сябе больш агрэсіўна. Паводле даных амерыканскіх аўтараў, каля 80 працэнтаў 80-гадовых мужчын маюць прыкметы злаякаснай пухліны ў прастаце, але ў гэтым узросце пухліна можа ніяк сябе не праяўляць і не патрабаваць спецыяльнага лячэння...

Нават калі ў вас няма ніякіх скаргаў, вы можаце здаць аналіз крыві на прастатспецыфічны антыген. Калі ўзровень яго акажацца вышэйшым за 4 нг/мл, вам прапануюць зрабіць трансрэктальнае ўльтрагукавое даследаванне, якое сумяшчаецца з біяпсіяй і праводзіцца ў стацыянары. Бывае так, што ўзровень ПСА вельмі высокі, а марфалагічнае даследаванне нічога страшнага не паказвае. Не выключана, што біяпсійная іголка проста не трапіла ў тую тканку, у клетках якой пачаліся змены. У такім выпадку праз некаторы час урач прапануе біяпсію паўтарыць. На дапамогу таксама можа прыйсці імунагістахімічная дыягностыка, якую ў Мінску выконваюць некалькі лабараторый, у тым ліку лабараторыя онкадыспансера. Выявіць захворванне можна і з дапамогай магнітна-рэзананснага тамографа.

У якасці лячэння прымяняецца, як правіла, прастатэктамія — выдаленне прастаты хірургічным шляхам. Адрозненне аперацый пры раку прастаты і дабраякаснай гіперплазіі ў тым, што залоза ў першым выпадку выдаляецца цалкам — разам з часткай шыйкі мачавога пузыра, лімфавузламі, у якіх могуць быць метастазы. Аднак палавыя нервы, па магчымасці, пакідаюцца, што ў выніку дае шанц пазбегнуць такога ўскладнення, як імпатэнцыя. Усё, што выдалена, даследуецца пад мікраскопам, пасля чаго выстаўляецца стадыя, вызначаецца неабходнасць дадатковых метадаў лячэння і рэжым назірання.

Таксама добры вынік дае прамянёвая тэрапія. Для правядзення яе выкарыстоўваецца самае сучаснае абсталяванне, дзякуючы якому агульную прамянёвую нагрузку на арганізм можна знізіць, а ў месцы пухліны — павялічыць.

Прымяняецца і комплекснае лячэнне — прамянёвая тэрапія спалучаецца з гарманальнай. Гэта не гармоны ў чыстым выглядзе, а розныя рэчывы, здольныя блакіраваць працэс на клетачным узроўні. Лячэнне ажыццяўляецца і на чацвёртай стадыі, пакуль пухліна, што называецца, адгукаецца на яго. У выніку больш за 25 працэнтаў такіх хворых жывуць пяць і болей гадоў.

— Пасля прастатэктаміі ў пэўнай катэгорыі пацыентаў цягам некалькіх месяцаў можа захоўвацца стрэсавае нетрыманне мачы (у адказ на нейкую фізічную нагрузку), — кажа Ігар Масанскі. — Рэкамендуюцца ў такіх выпадках спецыяльныя практыкаванні для ўмацавання мышцаў таза, а таксама фізіятэрапія — электралячэнне, магнітатэрапія... Другі важны момант, які непакоіць нашых пацыентаў, — імпатэнцыя. Пры паказаннях мы прызначаем пэўныя лекі на розны тэрмін, але не заўсёды патэнцыя аднаўляецца. У часткі пацыентаў прымяняецца фізіятэрапія, вакуумная і гірудатэрапія. У Любані нават ёсць санаторый для мужчын з парушэннем палавой функцыі, у тым ліку для тых, хто перанёс падобную аперацыю. Крайні выпадак — пратэзаванне спецыяльнымі імплантамі. Пасля правядзення лячэння нашы пацыенты назіраюцца цягам двух гадоў у анкадыспансеры, а пасля па месцы жыхарства ў раённага анколага.

Адэнома: залаты стандарт лячэння

Дабраякасная гіперплазія прастаты — гэта мужчынскі клімакс. Пасля 45—50 гадоў мяняецца гарманальны фон мужчынскага арганізма, што прыводзіць да разрастання залоз, якія ў некаторых выпадках пераціскаюць мочаспускальны канал. Як вынік — затрымка мачы, што, у сваю чаргу, прыводзіць да запалення ў нырках, утварэння камянёў у мачавых шляхах, ныркавай недастатковасці.

Адэнома прастаты сустракаецца ў 40 працэнтаў мужчын ва ўзросце 50—60 гадоў і ў 90 працэнтаў тых, каму за 80.

Для лячэння гэтага стану прымяняецца некалькі груп прэпаратаў, якія могуць быць прызначаны ўролагам пасля неабходнага абследавання. Працэс кансерватыўнага лячэння вельмі працяглы, а таму яго прызначаюць найперш узроставым хворым і тым, хто мае розныя іншыя паталогіі. Большасці пацыентаў выконваецца трансурэтральная рэзекцыя і лазерная адэномэктамія — малаінвазіўныя спосабы хірургічнага ўмяшання, «залаты стандарт» дапамогі такім пацыентам. Выконваць аперацыі можна на самых ранніх этапах, не чакаючы вострай затрымкі мачы. Што да ўскладненняў, то звычайна ў адзінкавых выпадках можа быць часовая затрымка мачы, якая праходзіць праз 2-3 тыдні пасля аперацыі. Аднак існуюць і проціпаказанні да такога віду лячэння, а таму актуальным застаецца і адкрытае аператыўнае ўмяшанне.

Святлана БАРЫСЕНКА 

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Рак прастаты? Па аналізе крыві

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?