Вы тут

Парфумер Уладзіслаў Рэкуноў: «Мужчына ніколі не забудзе водар каханай»


Пра моду на парфуму, пошук «другой палавінкі» і стэрэатыпы пры выбары духоў.

Калі трапляеш у парфумерную студыю Уладзіслава Рэкунова, адразу адчуваеш прыемны мяккі водар. Гэта эфірныя алеі, якія захоўваюцца тут у маленькіх слоіках. Вось лаванда, побач — язмін. А гэта нешта вельмі знаёмае, ніяк не атрымліваецца ўспомніць... Сакрэт у тым, што парфумер можа адрозніваць тысячы водараў, тады як звычайнаму чалавеку гэта не пад сілу.

Займацца парфумернай справай Уладзіслаў пачаў пасля таго, як зразумеў: яму нецікава проста прадаваць духі — хацелася самому іх ствараць. Сёння ён дырэктар Асацыяцыі вытворцаў парфумерыі і касметыкі, аўтар дзясяткаў парфумерных «бестселераў», сярод якіх водары для Мірэй Мацьё, Кацярыны Раждзественскай, Уладзіміра Пуціна.


— Мастацтву парфумера можна навучыцца ці гэта талент, які даецца нам з нараджэння?

— Канешне, можна навучыцца. Зразумела, ёсць схільнасць да гэтага. У парфумерыі важныя і гуманітарны склад розуму, і тэхнічныя веды. Калі чалавеку гэта блізка, ёсць жаданне ствараць прыгожае, то тады можна пачынаць вучыцца.

У БДТУ ёсць спецыяльнасць, якая дае чалавеку папярэднюю падрыхтоўку: прафесію хіміка з араматычнымі ведамі. І ўжо пасля гэтага можна працягваць навучанне, напрыклад, у Францыі ці ў Бельгіі.

— Калі існуе мода на водары, то што модна зараз?

— Ёсць асноўны лейтматыў — лёгкі блакітны альбо зялёны водар. Але жанчыны часам здраджваюць яму. Скажам так: мы разумеем, што самае элегантнае жаночае адзенне — сукенка, але заўсёды ёсць жаданне паказаць сябе, быць не такой, як усе. Прыкладна тое ж самае адбываецца і з пахамі, калі ў соцыуме здараюцца значныя падзеі. Напрыклад, у 1970-я гады быў усплёск руху хіпі. Тады асабліва папулярны стаў пах пачулі, які ўварваўся ў многія водары брэндаў і такім чынам трапіў нават у тыя дамы, якія не падтрымлівалі гэты рух.

Аднак як толькі ў жыцці грамадства ўсё стабілізуецца, мы зноў вяртаемся да лёгкіх і далікатных водараў.

Больш за 40% нашых жанчын аддаюць перавагу кветкава-фруктоваму паху — гэта той самы лейтматыў. Але ёсць яшчэ 60%, якія выбіраюць іншыя сямействы водараў.

У парфумернай студыі Уладзіслава Рэкунова.

— Як правільна выбраць парфуму?

— Першае, што б я параіў, — падыходзіць да выбару водару з такімі ж крытэрыямі, як і пры выбары адзення. Задаць сабе пытанне: навошта мне патрэбная гэтая парфума? Калі вы шукаеце паўсядзённы водар для работы, вы ўжо ўяўляеце, у што будзеце апранутыя. Хутчэй за ўсё, гэта будзе дзённы водар — не надта рамантычны, які не створыць за сабой доўгага шлейфа. Калі ж мы выбіраем вячэрнюю парфуму, якая стварае асаблівую атмасферу і будзе ахутваць нас, як пледам, значыць, варта звярнуць увагу на больш цялесныя, мускусныя водары.

Па-другое, я раіў бы паспрабаваць ахарактарызаваць любімы водар колерам. Ёсць сем колераў вясёлкі, сем нот, а ў парфумерыі — сем асноўных класаў, для якіх характэрныя пэўныя колеры. Ёсць травяныя ноты, якія выклікаюць адчуванне свежаскошанай травы, цёмнай сакавітай зеляніны лесу. Яны найменш сексуальныя. Ёсць блакітныя водары — крыху больш цёплыя і салодкія, празрыстыя, як паветра, чыстыя, як крышталь. Напрыклад, лавандавыя. Яны больш рамантычныя, чым зялёныя, але таксама досыць халодныя і добра падыходзяць для раніцы...

Яшчэ адна парада: калі будзеце выбіраць водар, успомніце тыя пахі, якія вам падабаюцца. Бо вы ўжо карысталіся нейкімі духамі. Пачытайце, якія ноты ў іх былі і, магчыма, вы адразу разгадаеце тую самую, якая вам даспадобы. Магчыма, гэта быў кавун. Цяпер выбраць новыя духі будзе значна прасцей: бо вы ведаеце, які водар хочаце знайсці.

Акрамя таго, памятайце яшчэ пра тое, што ніколі не трэба спяшацца з выбарам.

Каб не здарылася так, што ў краме вам духі спадабаліся, вы іх купілі, а дома зразумелі, што водар «душыць» вас. Бывае так, што нюх не адразу можа схапіць нейкія непрыемныя моманты.

Варта сказаць і пра тое, што кава, якую нам прапануюць панюхаць у крамах, каб «адпачыць» ад велізарнай колькасці пахаў, — усяго толькі прыдумка. Парфумеры ніколі так не робяць, бо гэта ні больш ні менш, чым яшчэ адзін водар. А калі вы сапраўды хочаце даць адпачыць свайму носу, лепшае, што можна зрабіць, — выпіць вады альбо падыхаць 30 секунд свежым паветрам.

— Куды лепш за ўсё наносіць духі?

— Французы вельмі добра гавораць: «Наносьце водар туды, куды вы хочаце, каб вас пацалавалі». Па-першае, гэта цеплавыя кропкі — месцы, дзе мы адчуваем пульс: шыя, запясці. Дарэчы, наносіць духі на запясці добра і тым, што калі вы будзеце жэстыкуляваць, вакол вас будзе стварацца аўра паху, а мужчына будзе здзіўляцца, чаму ж яму так добра з вамі. Па-другое, жанчынам з доўгімі валасамі я параіў бы наносіць духі на вобласць крыху ніжэй за лінію росту валасоў на патыліцы: так пах будзе трымацца значна даўжэй. Па-трэцяе, гэта локцевыя згібы і падкаленныя ямкі, калі на вас адкрытае адзенне.

І не забывайце правільна вызначаць дозу нанясення водару ў залежнасці ад паху. Калі мы толькі наносім водар, то адчуваем яго, аднак потым адбываецца адаптацыя нюху, і нам здаецца, што доза была занадта маленькай, тады як для навакольных яна такой можа і не здавацца.

— Ці можна закахацца ў чалавека дзякуючы водару?

— Канешне, можна. Я абраў занятак парфумерыяй яшчэ і таму, што калісьці мне вельмі падабаўся адзін водар. Ім карысталася дзяўчына, якую я тады кахаў. Гэта немагчыма забыць. Таму ў гардэробе жанчыны абавязкова павінен быць так званы «якарны» водар, па якім мужчына заўсёды яе пазнае.

Наогул, мы, мужчыны, абавязкова забудзем, у што жанчына была апранутая, але ніколі не забудзем яе пах.

Парфума каханай жанчыны — гэта вельмі падступны інструмент. І значна больш дзейсны, чым макіяж. Гэта так глыбока пранікае, што ты можаш забыць жанчыну і яе імя, але па-ранейшаму будзеш губляць галаву ад гэтага паху.

— А наколькі праўдзіва тое, быццам мы знаходзім нашую «другую палавінку» па паху?

— Канешне, гэта так. Было нават праведзена даследаванне, вынікі якога паказалі, што мы выбіраем сабе спадарожніка па жыцці падобнага па паху з нашымі бацькамі (супрацьлеглага полу). Так, дачка, засынаючы на плячы таты, запамінае яго пах, па якім у далейшым будзе шукаць сваю «палавінку».

— Ці існуюць стэрэатыпы пры выбары духоў? Напрыклад, што стройная бландзінка абярэ лёгкі паветраны водар, тады як жанчына ва ўзросце — больш яскравы і моцны?

— Гэта, хутчэй, не стэрэатып, а ўсярэдненая характарыстыка спажывання. Аднак ёсць і выключэнні. Калі зусім юная дзяўчына любіць усходнія арыентальныя водары. Гэта вельмі рэдкі выпадак, але ён на самай справе магчымы.

Часам з узростам у некаторых жанчын з'яўляецца жаданне падаць сябе, зноў загучаць, прыцягнуць увагу. Робіцца гэта ў першую чаргу з дапамогай водару. Гэта пасыл. Гэта верш. Менавіта пра гэта казаў пісьменнік Януш Вішнеўскі: «Духі падобны вершу, які жанчына носіць на сабе». І гэта альбо гучны гімн, альбо далікатная ціхая мелодыя. Менавіта таму, калі глядзець у агульным, то з узростам жанчыны выбіраюць больш моцныя водары. Аднак і тут існуюць выключэнні.

Акрамя таго, ва ўмовах сучаснага свету, калі, здавалася б, у нас стала значна больш магчымасцяў для зносін, нам іх катастрафічна не хапае. І тады, каб прыцягваць да сябе ўвагу, каб захапляць і знаёміцца, мы выкарыстоўваем правераны сродак — водар.

— Даволі часта жанчыны самі выбіраюць парфуму сваім мужчынам. Ці правільна гэта?

— На жаль, мужчыны даволі часта не звяртаюць увагу на духі як важны аксесуар і частку вобраза. І дарэмна. Часам жа самі жанчыны бяруць усё ў свае рукі і спрабуюць кантраляваць свайго партнёра. Калі ж двое сапраўды падыходзяць адно аднаму, гэта гарманічная пара, то яна не можа выбраць водар, які не спадабаецца яму.

— Ці існуе водар, які дапаможа дамагчыся поспеху? Напрыклад, атрымаць высокую пасаду?

— Вядома, мы не знойдзем адзіны водар на ўсе выпадкі жыцця, але так, такое магчыма. Проста пах павінен быць у гармоніі з чалавекам, які яго на сабе носіць. І пад кожную сітуацыю ён будзе свой. Калі дзяўчына ідзе ўладкоўвацца на працу, дзе ацэньваюцца яе дзелавыя якасці, і пры гэтым на ёй будзе яркі водар — гэта дысананс. Так, магчыма, яе суразмоўца будзе імкнуцца не звяртаць на гэта ўвагу, але зрабіць гэта будзе вельмі цяжка. Таму памятайце: лепш быць наогул без водару, чым з няправільным.

ДАРЭЧЫ

З 23 верасня па 23 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі будзе праходзіць выстава «PaVetra Беларусі. Водар роднага краю». На першым плане экспазіцыі — водар PaVetra — сімвал Беларусі, створаны ўраджэнкай Беларусі, адной з самых тытулаваных парфумераў свету Сафіяй Гройсман і яе вучнем — Уладзіславам Рэкуновым. Акрамя гэтага, будуць прадстаўлены тэматычныя зоны, кожная з якіх уяўляе водар таго ці іншага віду мастацтва: водар і музыка, водар і жывапіс, водар тэатра і кіно.

Ганна БАГІНО

Фота Ігара КАРАЛЁВА і з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».