Вы тут

Ва ўрадзе ў «нулявым чытанні» разгледзелі пакет бюджэтных дакументаў


Учора дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі Савета Міністраў абмеркавалі бюджэт на наступны год. Як ужо паведамлялася раней, галоўны фінансавы дакумент краіны фарміруецца з прафіцытам у 1,5 мільярда рублёў. Плануецца, што блок бюджэтных дакументаў парламентарыі разгледзяць ужо ў пачатку дзясятай сесіі.


Дэпутаты цяперашняга склікання спецыяльна загадзя разгледзяць бюджэтны пакет, каб іх новаабраным пераемнікам было лягчэй пачынаць сваю работу. Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў, напачатку абмеркавання паведаміў, што разгляд блока бюджэтных дакументаў з'яўляецца найважнейшай заканатворчай задачай завяршаючай дзясятай сесіі.

— Традыцыйна яшчэ да ўнясення гэтых законапраектаў у Палату прадстаўнікоў мы іх разглядаем у нулявым чытанні, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. — Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі ўжо з красавіка ўключыліся ў работу над пакетам бюджэтных дакументаў на наступны год. Шэраг дэпутатаў профільных камісій працавалі ў складзе міжведамасных рабочых груп па падрыхтоўцы праекта асноўных напрамкаў бюджэтна-фінансавай, падатковай палітыкі на 2017 год, прапаноў па спрашчэнні падатковай сістэмы, прымалі ўдзел у пасяджэнні Савета Міністраў і яго Прэзідыума, пры разглядзе адпаведных дакументаў уносілі свае прапановы і заўвагі. Многія з іх улічаны Саветам Міністраў.

Нагадаем, бюджэтныя законапраекты абмяркоўваліся на працягу мінулага тыдня на пасяджэннях пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў. 15 верасня адбылося пашыранае пасяджэнне пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах з удзелам дэпутатаў іншых пастаянных камісій, кіраўніцтва Міністэрства фінансаў і Міністэрства па падатках і зборах.

— Прадстаўлены рэспубліканскі бюджэт на наступны год з'яўляецца збалансаваным дакументам, які аптымальна ўлічвае суадносіны даходаў і выдаткаў, — адзначыў спікер ніжняй палаты. — Ён адпавядае асноўнай задачы развіцця эканомікі на 2017 год па захаванні сацыяльнай стабільнасці, забеспячэнні эфектыўнасці выкарыстання тых рэсурсаў, якія ёсць, у мэтах устойлівага развіцця краіны. Прадугледжаныя змены падатковага заканадаўства арыентаваны на далейшае спрашчэнне парадку вылічэння і выплаты падаткаў, захаванне складу і колькасці падатковых плацяжоў, што дазволіць не павялічваць падатковую нагрузку на эканоміку.

У той жа час спікер сказаў, што, натуральна, ва ўмовах абмежаванасці рэсурсаў бюджэту «ўлічыць усе прапановы дэпутацкага корпуса не ўяўляецца магчымым». Менавіта для гэтага дэпутаты сустрэліся з прадстаўнікамі ўрада — каб, па магчымасці, зняць спрэчныя моманты.

Міністр фінансаў Уладзімір АМАРЫН, які выступіў з дакладам, паведаміў, што мясцовым органам улады будзе дадзена права павялічваць рамесны збор. Паводле яго слоў, змяняюцца падыходы да ўстанаўлення ставак рамеснага збору і збору за ажыццяўленне дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму. У Падатковым кодэксе прадугледжваецца даць права Саветам дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню павялічваць, але не больш чым у тры разы, дзеючы памер ставак гэтых збораў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА: «Бюджэт на наступны год адпавядае асноўнай задачы эканомікі»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.