Вы тут

Прэзідэнт разлічвае на актыўны ўдзел царквы ў сацыяльных працэсах


Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што БПЦ займае вядучае месца ў жыцці краіны, аднак ёсць і іншыя канфесіі. "Вельмі важна, каб праваслаўная царква працягнула садзейнічаць умацаванню міжканфесійнай згоды ў Беларусі, дэманструючы ўзор цывілізаваных адносін, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы заўсёды мірна існавалі дзякуючы разумнай, узважанай палітыцы дзяржавы і праваслаўнай царквы ў дачыненні да каталікоў і іншых вернікаў. Мая пазіцыя адназначная: нам дзяліць у гэтым свеце няма чаго. Вы як магутная, буйная канфесія павінны іншых паважаць і падтрымліваць".

Значны напрамак дзейнасці царквы — выхаванне падрастаючага пакалення і прыцягненне яго да ўдзелу ў розных сацыяльных праектах. "У краіне створаны выдатныя ўмовы для вучобы і працы, вядзецца работа па падтрымцы таленавітай моладзі. Аднак перад грамадствам рэгулярна ўзнікаюць новыя задачы, у вырашэнні якіх патрэбны больш актыўны ўдзел царквы. Не скажу, што дзяржава і святары мала робяць, але трэба знайсці той далікатны падыход, уласцівы царкве ў гэтым працэсе, — упэўнены беларускі лідар. — Яна павінна мець ініцыятыўныя, адукаваныя і высокамаральныя кадры. Таму дзяржава аказвае і будзе аказваць усямерную падтрымку духоўным школам БПЦ у падрыхтоўцы святароў. Так, як і іншых цэркваў. Іншыя канфесіі павінны ўзяць прыклад з праваслаўнай царквы і рыхтаваць святароў з ліку грамадзян Беларусі. Тут павінны служыць беларусы, няхай замежнікі і бясконца адданыя нашаму народу і дзяржаве. З першых дзён свайго прэзідэнцтва я праводжу гэтую лінію, перш за ўсё ў дачыненні да каталікоў. І зрухі ашаламляльныя: вельмі шмат прыйшло святароў-беларусаў у каталіцкую царкву".

Было выказана меркаванне, што неабходна актывізаваць працу грамадскай кансультацыйнай рады па маральнасці, якая паспрыяла б выхаванню моладзі. Прэзідэнт падтрымаў гэтую прапанову, адзначыўшы, што ў яе трэба запрасіць зацікаўленыя структуры, свецкіх асоб і саму моладзь.

Яшчэ адной тэмай шчырай і працяглай гутаркі, падчас якой бакі дамовіліся не рэтушаваць і не хаваць праблемы, а вырашаць іх, стала ўзаемадзеянне епархій і мясцовых органаў улады, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. Было адзначана, што ім неабходна нарошчваць і ўмацоўваць супрацоўніцтва, каб яно стала яшчэ больш канструктыўным і эфектыўным.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што царква заўсёды натхняла дойлідаў на стварэнне архітэктурных шэдэўраў. "Шматлікія храмы ў Беларусі з'яўляюцца помнікамі гісторыі і культуры, і сёння гэтыя будынкі патрабуюць асаблівай увагі. На працягу многіх гадоў дзяржава рэгулярна аказвае і будзе аказваць пасільную дапамогу ў іх аднаўленні. Разам з тым у святароў ёсць магчымасць на сваім узроўні звярнуцца да людзей, не толькі да дзяржавы, з заклікам аб удзеле ў адраджэнні страчанага: тады цаніць больш будуць", — сказаў Прэзідэнт.

На сустрэчы было адзначана, што ўжо доўгі час ідзе рэканструкцыя Жыровіцкага манастыра, які з'яўляецца адной з візітных картак Беларусі. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што завяршыць аднаўленчыя работы неабходна ў самыя кароткія тэрміны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што асновы праваслаўнай царквы — справядлівасць і чалавекалюбства — натхнялі людзей на подзвіг і дапамагалі з годнасцю перажываць самыя цяжкія часы. "У аснову сваёй палітыкі я паклаў менавіта гэтыя каштоўнасці — справядлівасць і любоў да людзей", — заявіў беларускі лідар.

Было адзначана, што, працягваючы ўмацоўваць дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі, важна абапірацца на царкву. "Асабліва падкрэслю канструктыўную пазіцыю духавенства ў дачыненні да сучасных палітычных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне. Гэта ў чарговы раз даказвае вашу зацікаўленасць у беларускай дзяржаве, якая дынамічна развіваецца", — перакананы Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў царкве за тую працу, якую яна прыўносіць у агульную скарбонку развіцця Беларусі і грамадства, і выказаў перакананасць, што далейшая сумесная работа будзе па-ранейшаму мець стваральны характар і дазволіць скаардынаваць намаганні па ўмацаванні грамадства і яго духоўным узбагачэнні. "Царква — гэта не грамадска-палітычная пляцоўка, а асобная сіла. Магутная стваральная сіла", — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.