Вы тут

«Вучань вечнасці» названы класікай


Аб’ёмную паэму «Вучань вечнасці» напісаў наш рускамоўны паэт Ізяслаў Катляроў, які жыве ў Светлагорску. Асобнай кнігай яна пабачыла свет у маскоўскім выдавецкім доме «Золотое перо». Адразу ж у «Литературной газете» з’явілася кароткая рэцэнзія, у якой паэтычны твор быў аднесены да рускамоўнай класікі нашай краіны.


Здавалася б, неблагая нагода для нашых крытыкаў пагаварыць пра не зусім звычайную паэму. Відаць, шчырай зацікаўленай гаворкі чакаў і аўтар. Але ішоў час, а крытыка маўчала. Чаму? Пэўна, па той прычыне, што твор гэты няпросты, шматпланавы і вымагае непавярхоўнай гаворкі і ацэнкі сюжэтнай пабудовы, глыбокага пранікнення ў сутнасць твора, усебаковага асэнсавання філасофскіх разваг паэта, якія прысутнічаюць на многіх старонках.

Што ж прадстаўляе сабой твор? Па-першае, трэба сказаць, што некаторыя раздзелы паэмы «Вучань вечнасці», заснаваныя на аўтабіяграфічным матэрыяле, выгадна вылучаюцца на фоне іншых дакументальнай праўдзівасцю, вывераным і дакладным псіхалагізмам перажыванняў лірычнага героя. Паэма, відаць, стваралася некалькі гадоў. У ёй ажно пяцьдзясят раздзелаў! Твор нагадвае грандыёзны архітэктурны ансамбль, з асобнымі забудовамі і прыбудоўкамі, рознымі як па стылі, так і выкананні. Кожны раздзел мае асобную назву, з абстрактнай псіхалагічнай сутнасцю і значэннем: «Страх», «Вера», «Ісціна», «Жалоснасць», «Падсвядомасць», «Чаканне», «Ілюзія».

Вядома, паэт піша не навуковы трактат, і, хоць у радках дзе-нідзе сустракаюцца асобныя навуковыя і філасофскія тэрміны, яны ніколькі не замінаюць чытачам, не прымушаюць хапацца за тлумачальныя слоўнікі. У аснову кожнага раздзела Ізяслаў Катляроў кладзе канкрэтнае назіранне, перажыты ім факт ці з’яву, гаворыць пра ўсё гэта падрабязна і грунтоўна, скіроўваючы гаворку ў рэчышча філасофскіх высноў. Увагу прывабліваюць старонкі, у якіх аўтар гаворыць пра ўласныя перажыванні і хваляванні, калі ён знаходзіўся ў бальніцы пасля хірургічнай аперацыі, пра што думаў і непакоіўся. Ніхто не папракне аўтара нават у тым выпадку, калі ён перарывістым голасам гаворыць пра скон, не хаваючы боязі і страху, забыўшыся на выказванне аднаго з філосафаў: калі жыву, то не баюся смерці, а калі памру, то не буду ведаць пра яе.

Але гэта, безумоўна, дробязі ў параўнанні з тым, якія тэматычныя глыбы спрабуе ўзняць Ізяслаў Катляроў у паэме. Аўтар здольны здзівіць не толькі «шараговых» чытачоў, але і навукоўцаў сваёй дасведчанасцю ў рэлігійных і філасофскіх пытаннях. Ён звяртаецца да шэрагу багасловаў і філосафаў. І не проста згадвае іх, а гаворыць з веданнем справы пра іх філасофскія погляды, дае ім пэўную ацэнку, згаджаецца ці не згаджаецца з імі, прымярае іх да сябе і ўласнай біяграфіі. Некаторыя старонкі нагадваюць споведзь, дзе паэт прызнаецца ва ўласных грахах, раскайваецца ў зробленых памылках, дае зарок больш не паўтараць іх. Пры гэтым выяўляе не толькі эмацыянальнасць, але і энцыклапедычныя веды, так што ствараецца ўражанне, нібы мы маем справу з акадэмічным супрацоўнікам ці ўладальнікам філасофскай навуковай ступені. Такія культурныя знакі, як Біблія, Бог, Стары і Новы Завет, пераходзяць з раздзела ў раздзел, набываюць пад пяром аўтара новыя адценні. Разам з тым аўтар пастаянна вяртаецца да той ці іншай думкі, выказанай ім раней, пачынае ўдакладняць яе, развіваць і паглыбляць.

Дарэчы, калі як след учытацца ў раздзелы, бачна, што кожны з іх уяўляе сабой самастойную паэму з усімі неабходнымі кампанентамі: завязка, кульмінацыйны пункт і развязка. Такім чынам, паэма «Вучань вечнасці» ўяўляе складаны твор, скампанаваны з асобных паэм. Застаецца толькі пашкадаваць, што І. Катляроў не выдаў кожную з іх асобнай кніжкай. Хаця гэта амаль неверагодна зрабіць у наш няпросты час.

Калісьці адзін з пладавітых і бойкіх крытыкаў, гаворачы пра вершы І. Катлярова, зазначыў, што яго творчасць пераклікаецца з творчасцю рускага паэта У. Сакалова. І трапіў, як кажуць, пальцам у неба. Як мне здаецца, многія строфы і вершы І. Катлярова блізкія да радкоў Я. Еўтушэнкі: «Я делаю себе карьеру тем, что не делаю её». Паэт пабачыў тут для сябе творчы кландайк і пачаў распрацоўваць гэты прыём далей, пакуль не знайшоў свой уласны і арыгінальны, які паэт прадэманстраваў у раздзеле «Разважлівасць»: «И не признавшись, всё-таки признаться, и согласиться, вновь не согласясь, и отказавшись, всё ж не отказаться, чтоб сохранить разорванную связь». Паэт увесь час імкнецца вырвацца з абдымкаў коснасці, застарэлых стэрэатыпаў, а таму чуйна прыслухоўваецца да навізны і знаходак больш дасведчаных калег па пяры, не саромеючыся ў іх вучыцца.

Нягледзячы на немалады ўзрост і здароўе, што пачынае падводзіць, паэт не ўпадае ў роспач, творыць, шукае, выступае з вершамі на старонках часопісаў, выдае кніжкі, радуе чытачоў новымі творамі. У тым ліку і паэмай «Вучань вечнасці».

Васіль МАКАРЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.