Вы тут

Лэдзі Адданасць


Акцёр пражывае нават не два, а некалькі жыццяў: сваё, уласнае і сваіх герояў. Калі ўласнае — вось яно, бы яблык на далоні, з усіх бакоў бачнае, — то сцэнічнае — надзвычай загадкавае, супярэчлівае. Сваё жыццё не сыграеш. Усё астатняе — гульня. Але такая, што глядач верыць у рэальнае існаванне тых людзей, якія жывуць перад ягонымі вачыма.


Народная артыстка Беларусі, вядучая актрыса Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Людміла Корхава заўсёды навідавоку: шчыльна занята ў рэпертуары, актыўная ў грамадскім жыцці. Вось і нядаўна ездзіла ў родны Чачэрск, які адзначыў 857-годдзе: актрыса была сярод ганаровых гасцей свята…

Я даўно сачу за творчасцю Людмілы Канстанцінаўны. Сустрэліся мы і напярэдадні яе 70-годдзя (27 верасня). Свайго ўзросту яна не хавае. І як яго схаваеш, калі ты чалавек медыйны. Гаварылі пра многае.

…Брэст. Міжнародны фестываль «Белая вежа-97». Лепшыя творчыя сілы Беларусі, Балгарыі, Аўстрыі, Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны... А Гран-пры ў намінацыі за лепшае выкананне жаночай ролі (Ірына Аркадзіна ў спектаклі «Чайка» па п'есе А. Чэхава, рэжысёр Рыд Таліпаў) атрымала Людміла Корхава. Тут прыгадваюцца словы рэжысёра спектакля: «Не буду ўтойваць: я прыехаў у Гомель дзеля актрысы Людмілы Корхавай. Я ўбачыў яе ў Мінску ў “Лэдзі Гамільтон”, з таго часу гавару пра яе толькі добрыя словы і чакаў з нецярпеннем пачатку нашай сумеснай працы». Р. Таліпаў не памыліўся. Л. Корхава спраўдзіла яго надзеі. А сама Людміла Канстанцінаўна пра той поспех у Брэсце ўспамінае так:

— Калі сказаць, што не думала пра Гран-пры, то скажу няпраўду. Ёсць, безумоўна ж, нейкія вышыні. Там, на тых вышынях, надзвычай светла, хораша, і чалавек, які дасягае іх, радуецца свайму шчасцю. Вось да іх і трэба імкнуцца... Спектакль прыняў не толькі глядач — упадабалі і члены журы на чале з народным артыстам СССР і БССР Мікалаем Яроменкам…

Спектакль «Лес» па п’есе А. Астроўскага паставіў у Гомелі Валерый Раеўскі. Ён убачыў Л. Корхаву ў ролі Гуржымскай, якая, як вядома, прагне кахаць і хоча быць каханай. Гуржымская ў Людмілы Корхавай перапоўнена сляпой і бяздумнай страсцю, таму, відавочна, яе не хвалюе больш нічога: ні тое, што робіцца вакол яе маёнтка і далей, ні ўзрост.

Крытык Уладзімір Мальцаў неяк справядліва заўважыў, што на гомельскай сцэне Л. Корхава досыць доўга іграла жанчын бальзакаўскага ўзросту, якія абудзіліся для кахання і дарэшты рэалізуюцца ў ім. Ды… амаль ніколі яна не мела на сцэне роўнага ёй сілай пачуццяў партнёра. Таму, напэўна, актрыса навучылася весці ўласную тэму практычна з любым партнёрам: то неяк прыстасоўваючыся, то ва ўяўленні прыўзнімаючы яго да сябе.

На пачатку васьмідзясятых у Гомельскім драмтэатры працаваў непрадказальны Мікола Трухан. Ён дамогся і паставіў на сцэне «Ладдзю роспачы» Уладзіміра Караткевіча. Інсцэніроўку рэжысёр зрабіў сам. Пасля прэм'еры вочы ў Трухана гарэлі, нібыта ў шчаслівага дзіцяці. Спектакль атрымаўся, хоць многія яго не зразумелі, не прынялі. У тым ліку і калегі. Я пахваліў. А Мікола раптам: «Як Корхава? А-а, вось у чым справа. Дык яна і трымае ўвесь спектакль». У яе была роля Смерці. «Актрыса-а!» — выдыхнуў Мікола і паспяшаўся на сцэну...

Сорак дзевяць гадоў, адразу ж пасля заканчэння ў 1967 годзе беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, Людміла Канстанцінаўна на сцэне аднаго і таго ж калектыву. Дарэчы, цікавы факт: народнай артысткай Людміла Корхава стала ў адзін год з прысваеннем тэатру ганаровага звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». Гэта быў 1999 год. Цёпла гаворыць Людміла Корхава пра свае ранейшыя ролі. Дастаткова нагадаць, што яна была занята ў спектаклях, створаных па п’есах амаль усіх сусветна вядомых аўтараў, а таксама і па творах нашых слынных беларускіх драматургаў — Андрэя Макаёнка, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Дударава, Анатоля Дзялендзіка і Сяргея Кавалёва. Творы гэтых аўтараў ёй асабліва блізкія, бо яны пра тых людзей, сярод якіх Людміла Канстанцінаўна Корхава сама вырасла.

ВасільТКАЧОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».