Вы тут

Анжалiка Крашэўская: шкада, калі пастаноўкi бачаць толькi 200 чалавек


Адна з найважнейшых культурных падзей года, буйны тэатральны фэст, багатая мiжнародная праграма, нечаканыя беларускiя пастаноўкi, традыцыйныя аўтары, супярэчлiвыя пачуццi, гул абмеркаванняў. Мiжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» ужо пачаўся i стартаваў ён з праграмы лекцый, якiя можа наведаць не толькi датычны сферы дзеяч, але i кожны зацiкаўлены. А ўласна тэатр адкрыецца 28 верасня: на фестывалi будуць паказаны 23 пастаноўкi з 9 краiн, асобна ў тым лiку з Беларусi. Напярэдаднi адкрыцця мы пагутарылi з дырэктарам i адборшчыкам «ТЭАРТу» Анжалiкай Крашэўскай.


— Цi заўважылi вы, што, дзякуючы фестывалю, якi дапамагае ўпiсаць нашу тэатральную прастору ў кантэкст еўрапейскай, у беларускiм тэатры нешта змянiлася?

— У мяне ёсць адчуванне, што нешта мяняецца. Хочацца верыць, дзякуючы «ТЭАРТу» таксама, але ў краiне адбываецца шмат культурных падзей, якiя прыносяць ажыўленне i накладваюць адбiтак на асяроддзе. Дзякуючы гэтаму мы бачым, як на навакольны свет рэагуюць замежныя аўтары, i разумеем, што яны не ў варожым лагеры, а, наадварот, могуць служыць крынiцай новых формаў.

— А публiка змянiлася? Некалькi гадоў таму вы казалi, што не можаце прывезцi пэўныя пастаноўкi, бо нашы гледачы да iх не гатовы.

— Я і цяпер не ўсё магу прывезцi. Працэс перавыхавання публiкi не хуткi, як хвароба, што перайшла ў хранiчную форму, патрабуе больш часу i высiлкаў. Сказваецца ўздзеянне масавай культуры i тэлебачання, таму што iх больш у нашым жыццi, да iх людзi прызвычаiлiся. Навацыi цяжэйшыя для ўспрымання, глядач ставiцца да iх насцярожана i не заўсёды гатовы зрабiць першы крок насустрач. Але, паколькi гэта шосты фестывальны год, я спадзяюся, нас выбiраюць тыя, хто зразумеў фармат «ТЭАРТу». Глядач можа згаджацца з намi цi не, любiць нас цi не любiць, але мы прадстаўляем, на мой погляд, найлепшыя дасягненнi еўрапейскага тэатра.

— Вы ўяўляеце сабе гледача, для якога фармiруеце праграму?

— Мне складана ўявiць, хто прыйдзе на гэтыя пастаноўкi. Спадзяюся на тое, што Беларусь — цэнтр Еўропы, а Мiнск — прагрэсiўны горад, было б дзiўна, калi б мы не знайшлi свайго гледача. З iншага боку сёлета ўсе спектаклi будуць паказвацца толькi аднойчы, i мне шкада, што пэўныя пастаноўкi ўбачаць толькi 200 чалавек.

— Пры адборы вы не кiруецеся камерцыйнымi меркаваннямi? Летась у праграме быў «Яўген Анегiн» у той час, як iмя рэжысёра Цiмафея Кулябiна было звязана са скандалам у сувязi з забаронай яго варыянта «Тангейзера». У спектаклi «Горад. Жанiцьба. Гогаль» з сёлетняй праграмы iграе вядомая па серыялах, якраз па згаданай вамi масавай культуры, Ганна Кавальчук. Што першаснае?

— Скандалы мяне насцярожваюць, асаблiва калi яны раздутыя з нiчога. Напэўна, у iх ублытаны ўсе расiйскiя «зоркi», i карыстацца гэтым не вельмi добра. Я ўжо адбiраю спектаклi на 2017—2018 гады, дзе якi скандал — не мая гiсторыя. Кулябiн — таленавiты чалавек, нехта яго варыянт «Анегiна» не прыняў, але гэтым пастаноўка i цiкавая — яна здзiўляе. У нас з'явiўся яшчэ адзiн чаканы рэжысёр, у мяне пра яго пытаюцца, таксама як пра Оскараса Каршуноваса i Алвiса Херманiса. Што тычыцца Ганны Кавальчук — жыццё такое, акцёры становяцца папулярнымi дзякуючы серыялам. Але менавiта яе ўдзел стаў адным з фактараў, чаму на спектакль «Горад. Жанiцьба. Гогаль» ужо аншлаг. Думаю, гэта будзе раўназначна «Шэрбурскiм парасонам» Васiля Бархатава, калi ў вялiзнай чарзе каля Дома афiцэраў пыталiся пра лiшнi бiлецiк. Але ў гэтым выпадку я арыентавалася на рэжысёра Юрыя Бутусава. Дарэчы, з гэтым звязаны цiкавы эпiзод. Я была ў касе Купалаўскага тэатра, як толькi адкрыўся продаж бiлетаў. Туды прыбеглi дзве жанчыны i папрасiлi месцы на Бутусава, а набываючы, запыталiся: «А што ён там будзе спяваць?» Гiсторыя з серыi «Пачуў звон — не ведаю, дзе ён».

— На што бiлеты раскупляюцца актыўней?

— Карыстаецца попытам «Апошняя лента Крэпа» Каршуноваса з Юозасам Будрайцiсам у галоўнай ролi. Нашы цэны знаходзяцца на ўзроўнi рэпертуарнага тэатра, каб глядач мог паглядзець, калi не ўсё, то хаця б некалькi пастановак. Добра раскупляецца «Мера за меру» Дэклана Донэлана. Гэта брытанскi рэжысёр, якi паставiў у Расii шмат спектакляў па Шэкспiру. Як заўсёды, добра iдзе харэаграфiя, у гэтым выпадку французская пастаноўка «Каранi». Ёсць у мяне сум у сувязi са спектаклем «Мiсiя. Успамiн аб адной рэвалюцыi», якi папулярнасцю пакуль не карыстаецца. Гледачы прызвычаiлiся да зразумелых рускамоўных пастановак, а да замежных, у тым лiку нямецкiх, ставяцца насцярожана. У той жа час спектакль — вельмi прыгожы, вiдовiшчны, захапляльны, ён увабраў у сябе шмат жанраў. Драматург Ёханас Кiрстэн — паслядоўнiк Бертальда Брэхта, ён паўдзельнiчаў у развiццi сучаснага нямецкага тэатра. У пастаноўцы прагучыць яго голас: ён будзе чытаць п'есу, а акцёры на тэкст будуць накладваць ролi. Рэжысёрскае прачытанне тут яшчэ цiкавейшае, у фiнале аўтар збярэ ўсiх рэвалюцыянераў — на адной сцэне сустрэнуцца, напрыклад, Роза Люксембург, Чэ Гевара i iншыя. Ёсць у нашай праграме «Кiнг сайз» Крыстафера Марталера. Мне тэлефануюць i пытаюцца, як бiлет на Марталера можа быць таннейшым за расiйскi спектакль? Я адказваю, што ў нас яго, на жаль, не ведаюць, хоць велiчыня гэта проста недасягальная.

— Два гады таму з'явiлася праграма Belarus Open. Можна заўважыць, што рэпертуарны тэатр у ёй прадстаўлены ў асноўным рэгiёнамi, хоць, здавалася б, культура канцэнтруецца ў сталiцах.

— Для мяне гэта таксама парадокс. Магчыма, так уздзейнiчаюць фестывалi, бо ў Магiлёве праходзiць «Март-кантакт», у Брэсце — «Белая вежа». У праграме шмат лялечнага тэатра, якi ўжо даўно ўпiсаны ў мiжнародны кантэкст i ўпэўнена трымае планку. Лялечнiкi дэкларуюць, што яны ў трэндзе, сёння ў беларускiм тэатры гэта сапраўды найлепшае i вартае гонару. У беларускай праграме шмат незалежных пастановак. Пры адборы мы вырашылi, што ў нас не павiнна быць любiмчыкаў, але аднагалосна вызначылi цiкавымi перформераў. Мы запрашаем замежных гасцей i хочам паказаць iм беларускае мастацтва. Мы кажам, што «ТЭАРТ» — мiждысцыплiнарны фестываль, таму паказваем i звязаныя з тэатрам формы. У нас глядач можа размяшчацца на сцэне цi ў заводскiх памяшканнях, што часам дзiўна для дарослых гледачоў, бо ў iх разуменнi тэатр — гэта спецыяльны будынак, рытуал.

— Цi ставiце вы задачу праграмай Belarus Open паказаць вобраз сучаснага беларускага тэатра?

— Хутчэй, тэндэнцыi, чым вобраз. Мы хочам паказаць найцiкавейшыя пастаноўкi. Спачатку адсочвалi, цi ёсць з чаго выбiраць, бо мне здавалася, што беларускi тэатр знаходзiцца ў стагнацыi, што ён занадта прадказальны. Але мы выявiлi шмат цiкавых рэчаў, тую ж пастаноўку «З жыцця насякомых» Святланы Бень i Дзмiтрыя Багаслаўскага. Беларуская праграма здольна паказаць, што тэатр абсалютна розны.

— I каб пазбавiцца ад вобраза архаiчнага тэатра, вы аддаяце перавагу неакадэмiчным пастаноўкам.

— Не, чаму? У нас ёсць рэпертуарны тэатр, напрыклад, Магiлёўскi драматычны. Праграма — не проста агляд тэатраў, а тое, што можа быць цiкавым гасцям, яны не павiнны прыходзiць сюды як у музей. Мы не хочам рабiць супрацьпастаўленне, Belarus Open складаецца з найбольш яркiх i цiкавых работ, незалежна ад таго, рэпертуарны гэта тэатр альбо не. Мы запрашаем адборшчыкаў, хочацца верыць, нехта атрымае пуцёўку на гастролi альбо фестываль. Ды i беларуская публiка часам не ведае свой тэатр. У Расii з'явiлася гастрольнае агенцтва, якое паказвае ў рэгiёнах Расii найлепшыя спектаклi — iх можна ўбачыць у Бурацii, на Далёкiм Усходзе, у Забайкаллi. Я зайздрошчу гэтай схеме, у нас яе ажыццявiць было б прасцей, краiна ж невялiкая.

— У беларускай праграме няма любiмчыкаў, а ў замежнай ёсць.

— Канешне, таму што гэта адзiнкавыя спектаклi. Беларускую праграму прасцей прывезцi, на «Тэарце» яна паказваецца ў першую чаргу для прафесiянальных гасцей. Мiжнародная праграма — спектаклi, што на думку крытыкаў ужо пра сябе заявiлi — прызначаецца для гледачоў, тут усе любiмчыкi. Толькi ёсць моманты, калi разумееш, што гэта важна, але па продажы квiткоў бачыш: важна гэта толькi табе.

— У асобную частку фестывалю ўвайшла праграма лекцый «Школа ТЭАРТ».

— У гэтым годзе лектары ўпершыню будуць размаўляць са звычайнай публiкай, запiсацца мы далi магчымасць усiм, не толькi прафесiяналам. Мы хочам, каб адукацыйная праграма праходзiла круглы год. Звычайна гэта бясплатна, але, на жаль, заўсёды так рабiць немагчыма, нам патрэбны партнёр.

— Цягам года ў кiнатэатры «Цэнтральны» паказваюцца найвядомейшыя пастаноўкi з усяго свету — праект «Theatre HD». Гэта выступае працягам «ТЭАРТу»?

— Мы не праводзiм паралеляў. Тэатр — вельмi дарагi вiд мастацтва i адзiн з самых складаных, бо прывезцi пяцьдзясят чалавек патрабуе шмат высiлкаў i сродкаў. Таму праект «Theatre HD» стаў адной з формаў знаёмства з тэатрам i набыў папулярнасць. Летам мы паказвалi балет Мэцью Борна, у зале прысутнiчала дарослая публiка, якая вiдавочна ходзiць у Вялiкi тэатр оперы i балета — нехта прыняў, нехта не. Але мы далi магчымасць убачыць пастаноўку выдатнага балетмайстра i харэографа i апроч гэтага пастаянна знаёмiм гледача з дасягненнямi сапраўднага мастацтва.

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Анжалiка Крашэўская: «Мне шкада, што пэўныя пастаноўкi ўбачаць толькi 200 чалавек»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.