Вы тут

Мiлiцыянер з Дэпартамента аховы танцуе ў брэсцкiм ансамблi «Радасць»


Хто ведаў бы Дзмiтрыя Лявосiка ў яго 23 гады, i цi ўбачыў, спазнаў, асэнсаваў бы столькi ў сваiм жыццi за гэты перыяд часу ён сам, каб не заняткi танцамi? Сёння яму лягчэй назваць краiны Еўропы, дзе ён не быў, чым тыя, у якiх даводзiлася бываць з гастролямi. Усё гэта дзякуючы «Радасцi».


Дзмiт­рый Ля­во­сiк — мi­лi­цы­я­нер ро­ты мi­лi­цыi Мас­коў­ска­га (г. Брэс­та) ад­дзе­ла Дэ­парт­амен­та ахо­вы МУС.

Захапленнем танцамi Дзмiтрый абавязаны найперш маме. Гэта яна завяла яго, шасцiгадовага, у мастацкую гiмназiю
№3 у Брэсце, туды, дзе ўрокi харэаграфii, музыкi пазначаны ў раскладзе побач з iншымi дысцыплiнамi. Спачатку вучыўся i займаўся нароўнi з усiмi, потым хлопчыка адабралi ў дзiцячы танцавальны ансамбль «Прыбужжа», i Дзмiтрый Лявосiк заняўся танцамi на больш сур'ёзным узроўнi. А «Прыбужжа» даўно ўжо служыць своеасаблiвай кузняй кадраў для заслужанага аматарскага калектыву Рэспублiкi Беларусь ансамбля танцаў «Радасць». Яго кiраўнiк Анатоль Вараб'ёў i прыкмецiў здольнага хлопца ў дзiцяча-юнацкiм калектыве. З той пары Дзмiтрый танцуе ў «Радасцi».

За гэты час хлопец паспеў скончыць Брэсцкi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя А.С. Пушкiна, на працу пасля адпаведнай падрыхтоўкi паступiў у Маскоўскi райаддзел Дэпартамента аховы абласнога цэнтра. Прапаршчык мiлiцыi Лявосiк нясе службу ў адным з аддзелаў прымусовага выканання.

— На ўсiх святах дажынак выступалi, на канцэрты з нагоды знакавых для краiны падзей нас часта запрашаюць, — згадвае самадзейны артыст. — Кожнае лета выязджаем на гастролi ў Еўропу. Часам запрашэнняў бывае столькi, што даводзiцца выбiраць. Сёлета пабывалi ў Францыi. Варта сказаць, што еўрапейцы ўспрымаюць наша танцавальнае мастацтва проста «на ўра». Вельмi прыемна, калi ў зале сустракаеш суайчыннiкаў. Бывае проста падчас выступлення чуем: «Ма-лай-цы!» Значыць, на канцэрце прысутнiчаюць выхадцы з былога Саюза, а то i з Беларусi. Пасля выступлення яны, бывае, падыходзяць, стараюцца паразмаўляць, распытаць.

Танцы Дзмiтрый больш любiць iмклiвыя, рытмiчныя, пра якiя кажуць, што яны «запальваюць». Самыя яго любiмыя — казацкiя танцы з шаблямi. Хоць не раз здаралiся казусы-непрыемнасцi падчас выступлення, калi танцоры залiшне захапiўшыся, наносiлi траўмы адзiн аднаму. Ну i Дзiма атрымлiваў па пальцах. Наконт гэтага кажа, што ва ўсялякай вытворчасцi бываюць выдаткi, так i тут.

— Але ж якое гэта задавальненне станцаваць так, каб потым, пасля выступлення падыходзiлi людзi i выказвалi сваё захапленне! — дзелiцца ўражаннямi артыст. — Асаблiва еўрапейцы здзiўляюцца, як можна паўтары гадзiны рухацца ў такiм тэмпе, гэта ж фiзiчна цяжка. Але для нас прывычна. У праграме рухомыя танцы, як правiла, чаргуюцца з больш павольнымi, меладычнымi.

Танец цяпер для яго больш чым хобi. Гэта магчымасць найперш паказаць сябе, на мове пластыкi, цела, рытму расказаць людзям пра свае думкi, адчуваннi. Апошняе асаблiва важна цяпер, лiчыць Дзмiтрый, калi ў Еўропе стала так неспакойна. Гэтым летам, пакуль былi на гастролях, у Францыi адбылося два тэракты. Ранiцай усталi ў Марсэлi, а там аб'яўлена ваеннае становiшча. На вулiцах вайскоўцы з аўтаматамi, хадзiць можна толькi групай у суправаджэннi... Калi трапляеш вось у такую сiтуацыю рэальна, а не бачыш па тэлевiзары, адчуваеш, якое кволае жыццё, няўстойлiвы свет, а вось мастацтва, музыка, дабро i могуць аб'яднаць людзей.

Цiкаўлюся ў Дзмiтрыя, як яго захапленне ўспрымаюць сябры-равеснiкi. Кажа, што раней нават крыху пасмейвалiся, маўляў, танцы — гэта для дзяцей альбо для дзяўчат. Потым, калi стаў iм прывозiць сувенiры з Лондана, iншых цiкавых месцаў, пачалi паважаць. А цяпер наогул з павагай ставяцца да справы, бо выраслi i разумеюць, што любое паспяховае выступленне азначае вялiкую працу.

А пастаянная фiзiчная нагрузка, падтрыманне сябе ў добрай форме, вядома, iдуць на карысць асноўнай рабоце.

Святлана ЯСКЕВIЧ

yackevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Выразiць сябе ў танцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».