Вы тут

Беларусь і Кітай падпісалі кантракты на 20 млн долараў


І гэта толькі папярэднія вынікі дзеяння Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на 5-й міжнароднай выставе ЭКСПА "Кітай-Еўразія", якая праходзіць у горадзе Урумчы (СУАР, КНР) . Ужо дакладна вядома, што Беларусь і Кітай падпісалі кантракты ў сферах машынабудавання, нафтахіміі і харчовай прамысловасці на 20 млн долараў.


Выстава заснавана Дзяржсаветам КНР і з'яўляецца адным з галоўных у Кітаі выставачных мерапрыемстваў. Дзякуючы высокаму ўзроўню даверу і зацікаўленасці ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі Беларусь стала ганаровым госцем выставы, якая з 20 па 25 верасня праходзіць у правінцыі Сіньцзянь.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Нацыянальнай экспазіцыі прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у КНР Кірыл Руды, намеснік Міністра камерцыі КНР Ван Шоувэнь, намеснік Старшыні Народнага ўрада Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна КНР Шы Дага, а таксама кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў дзяржаўных органаў Беларусі і Кітая.

“Ужо з першых імгненняў пасля адкрыцця выставы да беларускай экспазіцыі выстройваліся вялікія чэргі, а цэнтральная прэса Кітая не адыходзіла ад прадстаўнікоў нашых прадпрыемстваў на працягу некалькіх гадзін” — расказаў карэспандэнту “Звязды” дырэктар выставачнага ўнітарнага прадпрыемства “Белінтэрэкспа” Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Яўген Увядзенскі. Ён таксама адзначыў, што наведвальнікі выставы асабістую цікавасць праяўлялі да нетрадыцыйных для Кітая прадуктаў, такіх як беларускія сыры і каваўтрымальныя прысмакі. “Таму ўпэўнены, што ў нашых вытворцаў ёсць добры шанц адшукаць масавага спажыўца на сваю прадукцыю менавіта ў гэтай вялікай краіне. Каб і надалей актыўна развіваўся гандаль з Паднябеснай, трэба спачатку адаптаваць сваю пралукцыю да кітайскага рынку і ўкладваць сур’ёзныя сродкі ў распрацоўку і прасоўванне ўласных гандлёвых брэндаў”, — лічыць  Яўген Увядзенскі.

Нагадаю, што сваю прадукцыю на ЭКСПА "Кітай-Еўразія" прадставілі больш за 40 беларускіх арганізацый і прадпрыемстваў. Удзельнікі выставы абмеркавалі новыя праекты і ўмовы вядзення бізнесу з правінцыяй, якая з'яўляецца заходнімі варотамі Кітая і ключавой платформай Эканамічнага пояса шоўкавага шляху, а таксама падпісалі дакументы аб развіцці супрацоўніцтва і новыя кантракты на пастаўку айчыннай прадукцыі.

У прыватнасці, шэраг экспартных кантрактаў падпісалі беларускія прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Прадстаўнікі акцыянернага таварыства “Спартак” заключылі кантракт з ТАА “Хэлуйндзянская азіяцка-еўрапейская гандлёвая кампанія Сюань Вэй” на суму 10 млн долараў на тры гады. А завод “Мінск-Крышталь” падпісаў кантракт з кампаніяй ABLE LUCK ASIA LTD да 2018 года на суму 150 тысяч долараў.

Дасягнута дамоўленасць паміж нашым прадпрыемствам “Слуцкі сыраробны камбінат” і 10 кітайскімі прадпрыемствамі на пастаўку сухіх прадуктаў, масла і сыру. Прапрацоўваецца магчымасць стварэння лагістычнага цэнтра па рэалізацыі алею ў горад Урумчы.

Прадстаўнікі завода “МАЗ” правялі перамовы з кампаніямі JI WINWAY INVESTMENT CORP. OF CHINA і HARRY GAO Chairman аб стварэнні сумеснай вытворчасці электробусаў. Навукова-вытворчы холдынг дакладнага машынабудавання “Планар” заключыў 4 мемарандума аб намерах на агульную суму больш за 11 млн долараў, у тым ліку: пратакол распрацоўкі, вырабу і пастаўкі камплектаў абсталявання для вытворчасці фоташаблонаў, двухпольнаго мікраскопа для установак сумяшчэння, аптычнага мікраскопа павышанага раздзялення і камплектаў для асаджэння тонкіх плёнак.

Дзяржаўнае аб’яднанне “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па матэрыялазнаўству”, ААТ “НВА Цэнтр” і ДНУ “Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з Дэпартаментам па навуцы і тэхніцы СУАР. Міністэрствам спорту і турызму Беларусі дасягнута дамоўленасць з 10 турыстычнымі кампаніямі Кітая на адпраўку груп кітайскіх турыстаў у Беларусь.

Выставачнага унітарным прадпрыемствам “Белінтэрэкспа” Беларускай гандлёва-прамысловай палаты дасягнута дамоўленасць з кіраўніцтвам Сіньцзянскага міжнароднага выставачнага цэнтра аб супрацоўніцтве па прыцягненню прадпрыемстваў нашай краіны да ўдзелу ў выставах China-Eurasia Security Expo (тэхналогіі бяспекі) і Silk Road International Food Fair (харчовая прамысловасць), а таксама да ўдзелу прадпрыемстваў СУАР у выставах “БелАгра”, “Белпромфорум” і “House Expo. Архітэктура. Дызайн. Будаўніцтва”.

Дасягнута дамоўленасць з кіраўніцтвам Канцылярыі кіруючай групы ў справах знешняй адкрытасці Народнага ўрада СУАР аб правядзенні 10—12 лістапада 2016 года выставы “Арыгінальныя тавары Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна Кітая – 2016”.

Суразмоўца таксама паведаміў, што 20 верасня ў канферэнц-зале гатэля “Universal Hotel Urumqi” адбыўся бізнес-брыфінг “Беларусь – вузлавая платформа Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, інвестыцыі і турызм”. Мерапрыемства прайшло пад дэвізам “Кітай і Беларусь – стратэгічнае партнёрства і давер”. На гэтым бізнес-брыфінгу выступілі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў, старшыня Народнага ўрада Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна Шохрат Закір і іншыя афіцыйныя асобы Беларусі і Кітая, а потым былі праведзены адбыліся прэзентацыі інвестыцыйнага і турыстычнага патэнцыялу нашай краіны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел экспаненты Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь: прадстаўнікі падведамасных прадпрыемстваў канцэрнаў “Белдзяржхарчпрам”, “Белнафтахім”, Мінінфарма, ААТ “БелАЗ”.

У чацвер на выставе прайшоў семінар з прэзентацыямі па тэматыках “Інфраструктурныя праекты”, “Навука і тэхналогіі” і “Турызм”, дзе наведвальнікі выслухалі выступленні прадстаўнікоў Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку “Вялікі камень”, БДУ і ўнітарнага прадпрыемства “БелЕўраТур”. На наступны дзень ажно 6 прэзентацый правялі нашы суайчыннікі па тэматыках “Нафтахімічная галіна” і “Прамысловасць”. Прайшлі выступы прадстаўнікоў акцыянернага таварыства “БелАЗ”, канцэрна “Белнафтахім” і падведамных прадпрыемстваў канцэрна: ААТ “Нафтан”, ААТ “СветлагорскХімвалакно”, ААТ “Полацк-Шкловалакно” і ААТ “Белшына”. У семінарах прынялі ўдзел больш за 200 прадстаўнікоў кітайскіх дзелавых колаў і наведвальнікаў выставы.

Таксама Яўген Увядзенскі паведаміў, што на суботу (24 верасня) запланаваны семінар з прэзентацыямі на тэму “Прадукты харчавання і напоі”. У рамках экспазіцыі штодня праходзяць выступленні фальклорнага гурту “Купалінка” Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якія карыстаюцца вялікім поспехам у наведвальнікаў выставы.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: У Кітаі з беларускімі прадпрыемствамі былі падпісаны кантракты на агульную суму каля 20 млн долараў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».