Вы тут

Раім схадзіць


Восеньскі лекторый, свята азербайджанскай культуры, дзень дзіцячага інтэрактыўнага тэатра і выстава водараў – афіша «Звязды» з 26 верасня па 2 кастрычніка. 


Прагляд і абмеркаванне дакументальных фільмаў пра Палессе

Фота: 2do2go.ru

Дзе: кнігарня «Логвінаў» (пр-т Незалежнасці, 37А)

Калі: 26 верасня, 19:00

Колькі каштуе: бясплатна

Ужо сёння ў кнігарні «Логвінаў» пакажуць два дакументальныя фільмы: «Песня Палесся» і «Граюць вяселле гармоні».

Здымкі першай стужкі вяліся ў Лельчыцкім раёне. У сучасным разуменні яе нельга назваць строга дакументальнай, бо ў фільме ёсць пастановачныя сцэны. Але сёння «Песня Палесся» – дакумент мінулай эпохі. Фільм будзе цікавы аматарам беларускіх народных спеваў і танцаў.

Стужка «Граюць вяселле гармоні» пакажа тагачаснае беларускае вяселле, знятае ў Лельчыцкім раёне.


Восеньскі лекторый. Анталогія незямнога

Фота: kudago.com

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20)

Калі: з 28 верасня, 19:00

Колькі каштуе: 5 р. – дарослыя, 2.50 р. – школьнікі, студэнты 

28 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь стартуе новы лекцыйны курс. На гэты раз у цэнтры ўвагі апынуцца два буйныя выставачныя праекты, закліканыя паказаць сакральнае мастацтва розных народаў: «Свет нябеснага на зямлі» і «Мастацтва будызму».

Курс складаецца з васьмі аўтарскіх лекцый аб культурных аспектах хрысціянства і будызму, падчас якіх навуковыя супрацоўнікі музея раскажуць, як хрысціянства і будызм змянялі карту свету і фармавалі грамадскі светапогляд, і як гэты працэс адбіўся на гісторыі мастацтва.

Азнаёміцца з праграмай лекцый можна тут.


Свята азербайджанскай культуры

Фота: fnkaa.ru

Дзе: Верхні горад (пл. Свабоды, 23А)

Калі: 1 кастрычніка, 12:00

Колькі каштуе: бясплатна 

Гасцей мерапрыемства чакае насычаная канцэртная праграма: нацыянальная азербайджанская музыка і танцы. Акрамя гэтага, пройдуць майстар-класы па гатаванні нацыянальных азербайджанскіх страў, майстар-клас па выцісканні гранатавага соку, спартыўнае спаборніцтва.  

У рамках мерапрыемства пройдзе выстава-продаж унікальных дароў Азербайджана.


Дзень дзіцячага інтэрактыўнага тэатра

Фота: ncsm.by

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3)

Калі: 1 кастрычніка, з 11:00

Колькі каштуе: ад 4 р. – дарослыя, ад 8 р. – дзеці 

У гэты дзень юныя гледачы ператворацца ў герояў спектакляў. Маленькія аматары тэатра змогуць не толькі прыняць удзел у тэатральным дзеянні, але і паўплываць на сюжэт і нават стварыць сваю непаўторную гісторыю.

Падрабязней з праграмай спектакляў можна азнаёміцца тут.


Выстава «PaVetra Беларусі. Водар роднага краю»

Фота: histmuseum.by
 

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (К. Маркса, 12)

Калі: па 23 кастрычніка з 11:00 да 19:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

З 23 верасня па 23 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі праходзіць выстава «PaVetra Беларусі. Водар роднага краю». На першым плане экспазіцыі — водар PaVetra — сімвал Беларусі, створаны ўраджэнкай Беларусі, адной з самых тытулаваных парфумераў свету Сафіяй Гройсман і яе вучнем — Уладзіславам Рэкуновым.

Акрамя гэтага, будуць прадстаўлены тэматычныя зоны, кожная з якіх уяўляе водар таго ці іншага віду мастацтва: водар і музыка, водар і жывапіс, водар тэатра і кіно.


Лекцыі TEART

Фота: teart.by

Дзе: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44) і Галерэя TUT.BY (пр-т Дзяржынскага, 57)

Калі: з 16 верасня па 6 кастрычніка

Колькі каштуе: бясплатна

Пяць лектараў, сярод якіх – вядомыя тэатразнаўцы, крытыкі і даследчыкі – раскажуць пра тое, як глядзець і разумець сучасны тэатр. 

Адукацыйная праграма складаецца з двух блокаў: лекцый для пачаткоўцаў і прафесіяналаў.  Заняткі пачнуцца 16 верасня. На пляцоўцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі тэатральны крытык Алена Мальчэўская выступіць з лекцыяй «Дакумент у тэатральным мастацтве канца XX-пачатку XXI стагоддзя».

Завершыць цыкл лекцый блок для прафесіяналаў. Перад слухачамі выступіць тэатразнавец, шэф-рэдактар раздзелу «Тэатр» COLTA.RU, аўтар ВД «Камерсант» Дзмітрый Рэнанскі.

Уваход на лекцыі свабодны, аднак неабходная папярэдняя рэгістрацыя.

Падрабязная праграма лекцый тут.


Міжнародны праект Non-Fashion

Фота: facebook.com

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3)

Калі: па 8 кастрычніка

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Выстава Non-fashion падтрымлівае ідэю таго, што мода – гэта адна з праяў чалавечай прыроды з усімі яе супярэчлівымі рысамі: цікаўнасцю, цягай да самавыяўлення, запалам да ўсяго новага і пратэсту супраць існуючага і галоўнае – імкненнем да развіцця і ўнутранай свабоды.  

Праекты, з якіх складаецца выстава Non-fashion, не з'яўляюцца маніфестам супраціўлення модзе як культурнаму феномену. Хутчэй яны супрацьстаяць абывацельскаму пагляду на моду, як на фабрыку ілюзій, якая дыктуе, вырабляе і шматразова тыражуе штучныя выявы паспяховага, «прыгожага» жыцця. Яны прапануюць перайсці ад вузкага разумення функцыі моды як візуалізацыі сацыяльнага статусу да шырэйшага пагляду на яе.


Месяц фатаграфіі ў Мінску

Фота: facebook.com

Дзе: ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16)

Калі: па 8 лістапада з 12:00 да 22:00

Колькі каштуе: бясплатна

Месяц фатаграфіі ў Мінску – падзея, якая ўжо трэці год звяртае ўвагу на фатаграфію як тэму, інструмент і нагоду для дыялогаў, абмену досведам з тэарэтыкамі ў галіне візуальных доследаў і фатографамі-практыкамі.

За два гады працы ў мерапрыемстве прынялі ўдзел фатографы, арт-крытыкі і куратары з 9 дзяржаваў. У якасці тэмы гэтага года была заяўленая апазіцыя «цэнтр/перыферыя». 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.