Вы тут

Да фестывалю "Дажынкі" Мсціслаў амаль цалкам змяніў свой твар


Гулянне ў Мсціславе стала двайным, бо свята сярэднявечнай культуры рыцарскі фэст, якое традыцыйна праводзіцца тут летам, сёлета спецыяльна прымеркавалі да ўрачыстага дня падвядзення вынікаў уборачнай кампаніі. Абноўлены да гэтай падзеі Мсціслаў стаў яшчэ больш прыгажэйшым і цікавейшым. Нават шэрае надвор’е з дажджом, якое панавала над горадам у мінулыя выхадныя,  не змагло сапсаваць уражанні ад яго цяперашняга выгляду. Перадавікі жніва атрымалі не толькі заслужаныя падарункі і віншаванні, але і акунуліся ў невымоўную атмасферу старажытнага Мсціслава. Замкавая гара з драўлянымі пабудовамі  быццам матэрыялізавалася з 12 стагоддзя. Пасля ўсяго гэтага пачынаеш шчыра верыць, што пераўтварэнне Мсціслава ў горад-музей абавязкова спраўдзіцца.


Дом, дзе злучаюцца сэрцы

Горад не толькі атрымаў гістарычны лоск, але і стаў больш камфортным для жыцця. У суботу ў Мсціславе адкрылі прасторны Палац шлюбу і ўрачыстасцяў. Унутры гэта сапраўдны музей, зроблены ў італьянскім стылі і ўпрыгожаны рэпрадукцыямі на тэму “Стварэнне Адама” Мікеланджэла. Палац шлюбу быў запатрабаваны ўжо ў першы дзень свайго адкрыцця: дзве пары злучылі тут свой лёс у прысутнасці прадстаўнікоў кіраўніцтва вобласці і горада. Маладыя сем'і атрымалі з рук намесніка старшыні аблвыканкама Валерыя Малашкі і старшыні аблсавета дэпутатаў Анатоля Ісачанкі сертыфікаты на 2,5 тысячы “новых” рублёў.

Больш нараднымі сталі фасады і іншых будынкаў цэнтральнай частцы горада. А на самой плошчы паявілася паўавальная каланада з датай яго заснавання -- 1135 год.

— Падрыхтоўка да свята ішла напружана, паколькі гэта старадаўні горад і мы імкнуліся захаваць тое аблічча і тыя традыцыі, якія былі ў ім закладзены, — адзначыў Анатоль Ісачанка. — Дзякуй жыхарам горада, арганізацыям. З усіх крыніц на абнаўленне горада пайшло парадку 180 мільярдаў недэмінаваных рублёў. Асноўная частка грошаў — гэта сродкі арганізацый і сабраныя падчас суботнікаў.

Новыя назвы вуліц

Мсціслаў вядомы сваімі выбітнымі людзьмі. Гэта, напэўна, адзін з нешматлікіх раённых гарадоў, цэнтр якога ўпрыгожвае не помнік Леніна, а знакамітага на ўвесь свет першадрукара Пятра Мсціслаўца – ураджэнца гэтага горада. Цяпер і плошча перад райвыканкамам атрымала імя славутага выдаўца. І гэта не адзінае перайменаванне, якое адбылося ў сувязі з “Дажынкамі” і рэканструкцыяй горада.

— Мсціслаў, на жаль, не захаваў старых назваў, таму перайменаванні рабіліся больш па сэнсу, — кажа старшы навуковы супрацоўнік  раённага гісторыка-археалагічнага музея Валянціна Цімашкова. – Вось, напрыклад, гандлёвыя рады — помнік архітэктуры пачатку 20 стагоддзя. У 17 стагоддзі, калі горад дасягнуў піка свайго развіцця, тут было шмат гандлёвых лавачак яўрэяў. Але ў канцы 19 стагоддзя адбыўся вялікі пажар і іх драўляныя пабудовы згарэлі. Адноўлены яны былі ўжо ў камяні.  Раней вуліца, дзе яны знаходзяцца, называлася Урыцкага, а зараз яе назвалі — Пірагоўская. Гэта, нагадваю, не гістарычная назва. Перайменаваць вырашылі на той падставе, што тут пяклі пірагі і пах разносіўся на ўсё наваколле. Яшчэ адна вуліца, дзе знаходзіцца Кармеліцкі касцёл, атрымала назву Кармеліцкая.

Мсціслаўскі воўк

Цэнтр горада змяніў шэры асфальт на рознакаляровую плітку, якая нагадвае брукаванку.  Пасля двух апошніх пленэраў на вуліцах стала больш драўляных і каменных скульптур. Бронзавая жывёла на камні збоку ад райвыканкама – той самы воўк, што намаляваны на бела-блакітным сцягу горада. Носік скульптуры ўжо блішчыць. Легенда, што калі яго пацерці, да цябе павернецца шчасце, працуе. На гэтай жа вуліцы можна ўбачыць каменнае ўвасабленне ракі Віхры. Скульптар Аляксандр Мінькоў уявіў яе сабе ў вобразе жанчыны, якая купаецца.

Каля Кафедральнага сабора Аляксандра Неўскага паявілася кранальная постаць анёла. Сабор 1870 года пабудовы пасля капрамонту стаў сапраўдным упрыгожваннем пешаходнай вуліцы. Ён вядомы яшчэ і тым, што тут акрамя іконы з часціцай мошчаў праслаўленага палкаводца захоўваецца ікона заснавальніка горада --  Расціслава Мсціслававіча.

Будынак мужчынскай гімназіі пачатку 20 стагоддзя пакуль яшчэ чакае сваёй чаргі на рамонт. Менавіта тут калісьці размяшчаўся педтэхнікум, дзе вучыўся Аркадзь Куляшоў. Сюды прыязджаў чытаць лекцыі Максім Гарэцкі. Зараз будынак пустуе, патрэбны вялікі рамонт. Плануецца, што калі ён адбудзецца,  тут размесціцца музейна-адукацыйны цэнтр.

Вежа

У Мсціслава цяпер ёсць і свая аглядная вежа – 25-метровая пажарная каланча, помнік архітэктуры  пачатку 20 стагоддзя. Пажарная справа мае ў Мсціславе сваю багатую гісторыю. Менавіта тут ў 1890 годзе было створана адно з першых у Магілёўскай вобласці дабраахвотнае пажарнае таварыства. Апошнім часам вежа нахадзілася ў аварыйным стане, але пры падрыхтоўцы да абласнога свята працаўнікоў вёскі была адноўлена. Зараз гэта ўжо цалкам турыстычны аб’ект. З яе Мсціслаў выглядае ва ўсёй сваёй красе як на далоні.

І музей пад адкрытым небам

Замкавая гара зараз цалкам адпавядае традыцыям сярэднявечча. За апошнія некалькі год археалагічных даследаванняў тут былі зроблены тысячы ўнікальных знаходак. Зараз гістарычнае месца ўпрыгожваюць драўляныя пабудовы ў стылі 12 стагоддзя, праз адну з якіх можна трапіць на восем вякоў назад. Гэта закансерваваны кавалачак былой вуліцы, які ажыў дзякуючы магілёўскім археолагам на чале з доктарам гістарычных навук, прафесарам Ігарам Марзалюком. Тут быў прыменены новы спосаб музеефікацыі.

— Гэты комплекс унікальны для Усходняй Еўропы. Аналагаў яму ў свеце будзе няшмат, — паведаміў падчас адкрыцця комплексу намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Дзякуй кіраўніцтву горада, працоўным калектывам, грамадскасці.  Яны зрабілі немагчымае. І гэта толькі пачатак. Шмат чаго наперадзе, але ўжо сёння мы можам патрапіць у машыну часу, паглядзець, як жылі нашы продкі.

Асабліва моцныя ўражанні можна было перажыць падчас правядзення тут рыцарскага фэсту. Здавалася, што час павярнуў назад і старадаўні горад ажыў.

Героям жніва прысвячаецца

Зразумела, што за такі кароткі час горад раённага падпарадкавання, нават такі знакаміты, як Мсціслаў, нельга было б аднавіць, калі б не свята хлебаробаў. Гэта добры прыклад сумесных намаганняў і пацверджанне таго, што ніякія эканамічныя крызісы не могуць перашкодзіць  зрабіць нешта сапраўды значнае для сваёй краіны.

Пра гэта таксама казалі на галоўнай плошча горада, якая ў мінулую суботу  стала эпіцэнтрам “Дажынак”. Уклад хлебаробаў Магілёўшчыны ў агульнарэспубліканскі каравай — больш за мільён тон збожжа. Планкі 5 тысяч тон па намалоту зерне дасягнулі толькі 4 экіпажы ў рэспубліцы. І два з іх прадстаўнікі Магілёўскай вобласці. Гэта Віктар Якуцін і Кірыл Воўкаў з гаспадаркі “Александрыйскае” Шклоўскага раёна і два Уладзіміры — бацька і сын Корсакі з агракамбіната “Зара” Магілёўскага раёна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Свята ўраджаю, рыцарскія забавы і музей пад адкрытым небам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».