Вы тут

Падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона знаходзіцца на завяршальнай стадыі


На вуліцы яшчэ не мінус нават уначы, але такая вільготнасць і вецер, што прабірае да дрыжыкаў. У кватэрах таксама неяк не камфортна, таму жыхары шматкватэрных дамоў з надзеяй пазіраюць на халодныя батарэі...


«Хутка ўжо, хутка», — кажуць нам спецыялісты. Пашпарты гатоўнасці да новага ацяпляльнага сезона атрымалі каля 70% аб'ектаў усяго жыллёвага фонду краіны. Фактычна за гэты тыдзень і ўсё астатняе жыллё будзе цалкам падрыхтавана да зімы, паведаміў журналістам прэс-сакратар Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь АКСЦІЛОВІЧ.

Пачакаем да кастрычніка?

Між іншым, асобныя рэгіёны могуць пускаць гарачую воду ў батарэі хоць сёння. Так, аб сваёй суцэльнай падрыхтаванасці да зімы аб'явілі адпаведныя службы Гомеля, Гомельскай вобласці і Мінска, якія атрымалі пашпарты гатоўнасці два тыдні таму. «Трохі адстае Магілёўская вобласць. Але, як запэўніваюць кіраўнікі арганізацый па ўсёй сістэме ЖКГ, да 1 кастрычніка плануецца ўсе работы завяршыць цалкам», — адзначыў прэс-сакратар.

І яго ўпэўненасць мае пад сабой падставу. Цяпер рамонт і прафагляд сістэм ацяплення, а таксама цеплавых пунктаў жыллёвага фонду праведзены на 100%, рамонт стыкаў сценавых панэляў — на 99%, рамонт дахаў — на 97%.

Начальнік аддзела энергетыкі і навукова-тэхнічнага развіцця Мінжылкамгаса Дзмітрый КАЗЛОЎ паведаміў, што па стане на 1 верасня выкананы работы па выпрабаванні
абсталявання 3 624 кацельняў (99% ад плана), 15 326,6 кіламетра цеплавых сетак (99%), па прафілактычным рамонце абсталявання 3 571 кацельні (98%) і 1 801 цэнтральнага цеплавога пункта (100%), капітальным рамонце 41 катла (100%), ачыстцы ўнутраных паверхняў 2 015 катлоў (100%) і 1 006 бойлераў (100%).

Ён таксама адзначыў, што да 20 верасня неабходна было замяніць 448 кіламетраў цеплавых сетак, а па стане на 14 верасня заменена 442,3 кіламетра (99%), у тым ліку з выкарыстаннем папярэдне ізаляваных труб 433,3 кіламетра (98% ад замененых).

З палівам на зіму ў нас увогуле няма ніякіх праблем. Па стане на 14 верасня ў галіны створаны запас 13,5 тысячы тон топачнага мазуту (118% да задання), нарыхтавана 1 млн 566,7 тысячы кубічных метраў драўнянага паліва (88%), больш чым на 90% выкананы заданні па 11 з 15 паказчыках падрыхтоўкі да зімы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. Дзмітрый Казлоў паведаміў, што на 14 верасня атрыманы 2 721 пашпарт гатоўнасці цеплакрыніц, якія знаходзяцца на абслугоўванні ЖКГ, або 75% ад плана.

«Увогуле ход падрыхтоўкі аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі не адстае ад леташняга ўзроўню. Работы вядуцца ў планавым парадку, пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі будуць аформлены ў тэрмін — да 1 кастрычніка», — упэўнены прадстаўнік міністэрства.

Не забудуць нікога

Генадзь Аксціловіч таксама папярэдзіў, што ацяпленне ў дамах уключаецца паэтапна, на працягу пяці дзён, і папрасіў жыхароў не тэлефанаваць у службы ЖКГ у першы дзень падключэння. «Спажыўцам няма патрэбы хвалявацца і турбаваць службы напамінам. Калі вас не падключылі ў першы дзень, то падключаць у другі ці трэці. Рэкамендуем грамадзянам устрымацца ад вала званкоў у службы эксплуатацыі, каб не перашкаджаць планамернай рабоце па падключэнні жыллёвага фонду да цеплавых крыніц», — сказаў ён.

Плюс цеплавая рэабілітацыя

Намеснік генеральнага дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду і вытворчых пытаннях Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі (МГЖК) Юрый КУКАШУК адзначыў, што падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона 2016/2017 гадоў у сталіцы пачынаецца вясной з агляду жылфонду жыллёвымі арганізацыямі, падчас якога ўдакладняюцца аб'ёмы будучых работ. Таму ў сталіцы халады і не прыйшлі знянацку.

Паводле слоў намесніка гендырэктара МГЖГ, сёлета ў Мінску выкананы рамонт 213 тысяч квадратных метраў дахаў, 154 тысяч метраў стыкаў сценавых панэляў, праведзена гідрапрамыванне 1,6 тысячы ўнутраных сістэм ацяплення ў 6 893 жылых дамах і рамонт 229 воданагравальнікаў, а таксама заменена 329 кубічных метраў цеплавой ізаляцыі. Акрамя таго, пры падрыхтоўцы да эксплуатацыі ў асенне-зімовы перыяд у сталіцы была выканана цеплавая рэабілітацыя на 116 тысячах квадратных метраў фасадаў жылых будынкаў.

У тэму

У камунальных службаў ёсць тэмпературныя нормы, паводле якіх і адбываецца ўключэнне або выключэнне ацяплення ў гарадскіх кватэрах. Калі 5 дзён запар сярэднесутачная тэмпература на вуліцы будзе ніжэйшая за 10 градусаў, то будзе ўключана ацяпленне ў адукацыйных і медыцынскіх установах. Для таго каб пачалі ацяпляць жылую нерухомасць, неабходная сярэднесутачная тэмпература не вышэйшая за 8 градусаў.

Дарэчы, мінскія спецыялісты ЖКГ запэўнілі карэспандэнта «Звязды», што ў выпадку рэзкага пахаладання і замаразкаў камунальныя службы не маюць намеру чакаць запланаваныя 5 дзён, а пачнуць неадкладна ацяпляць сталічнае жыллё. І няма падстаў ім не верыць.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Батарэі чакаюць цяпла

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.