Вы тут

Як супрацоўніцы сельвыканкама ратавалі людзей з пажару


Пры падрыхтоўцы матэрыялу аб прафілактыцы пажараў у дамах састарэлых, адзінокіх вяскоўцаў давялося звярнуцца да першага намесніка начальніка Пружанскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэя ПІСЬМАНА. Андрэй Сяргеевіч падрабязна і грунтоўна расказваў, што за гэты год супрацоўнікамі аддзела абследавана 2946 домаўладанняў. У 948 з іх пражываюць інваліды, адзінокія і тыя грамадзяне, якія жывуць адны, але маюць блізкіх сваякоў. Па выніках абследаванняў 168 грамадзян прыцягнуты да адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі.


А. Ган­ча­роў уру­чае па­да­рун­кі С. Ха­на­вец і В. Пра­ка­по­віч.

Гэта значыць, у некага развальвалася печ, іншыя мелі электрычную праводку ў аварыйным стане альбо нават устанаўлівалі прыборы кустарнай вытворчасці. Яны і былі аштрафаваныя. Здараецца, пажарныя інспектары пішуць лісты ў сацыяльную службу, у органы мясцовага кіравання, накіроўваюць звароты дзецям пажылых грамадзян. У сельскай мясцовасці інспектары па НС працуюць у цеснай звязцы з сельвыканкамамі, падкрэсліў Андрэй Пісьман.

У шэрагу прыкладаў работы сельсаветаў Андрэй Сяргеевіч згадаў і пра старшыню сельскага Савета, а таксама кіраўніка спраў з Мокрага, якія, стаўшы сведкамі надзвычайнай сітуацыі, не разгубіліся, а павялі сябе як сапраўдныя ратаўнікі і вызвалілі чалавека з вогненнага палону.

У той дзень Святлана Ханавец, старшыня сельскага Савета, і Вольга Пракаповіч, кіраўнік справамі, займаліся будзённай работай — аб'язджалі аддаленыя населеныя пункты сельсавета. Недалёка ад вёскі Краснае заўважылі дым, не падобны на дым з коміна. Спачатку падумалі, што гаспадары нешта паляць на падворку. Калі пад'ехалі бліжэй, то ўбачылі, што дыміць з-пад страхі. Аказалася, гарэў дах у хаце пенсіянеркі Вольгі Рыгораўны Ванекі. На дапамогу ўжо спяшаўся і сусед бабулькі Іосіф Сахарэвіч.

Яны падышлі да хаты ўтрох і ў першае імгненне зрабілі памылку — шырока расчынілі дзверы. Як адзначаюць у такіх выпадках спецыялісты, ціхае гарэнне знішчыла кісларод у сенцах, а прыток свежага паветра справакаваў лаву агню. Полымя, нібы выбух, ахапіла пярэдні пакой, і дом хутка стаў напаўняцца едкім дымам. Людзі вымушаны былі ўпасці на зямлю, але ў наступныя секунды сарыентаваліся, што да дома трэба падыходзіць з другога боку...

Сусед гаспадыні выбіў вонкавую шыбу, але за ёй была яшчэ адна рама, якую ў наступны момант дошкай, што трапіла пад руку, выціснула Святлана Мікалаеўна. Тут жа прыйшла на дапамогу і Вольга Уладзіміраўна — выцягнулі пажылую жанчыну, якая ўжо літаральна страчвала прытомнасць ад дыму. Тым часам пад'ехаў і пажарны разлік, які паспелі выклікаць адразу. Высветлілася, што прайшло ўсяго некалькі хвілін, а людзям, якія ратавалі чалавека з вогненнага пекла, падалося, што прайшлі гадзіны...

Праз нейкі час адважных жанчын запрасіў да сябе начальнік Пружанскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй ГАНЧАРОЎ. Ён падзякаваў Святлане Ханавец І Вользе Пракаповіч за смелыя і рашучыя дзеянні ў выратаванні чалавека, уручыў падарункі і кветкі.

Але ж нашы жанчыны, як аказалася, могуць быць не толькі знаходлівымі ды адважнымі ў крытычнай сітуацыі, але і занадта сціплымі ў паўсядзённым жыцці.

— Не, не трэба пісаць пра наш учынак! — замахала рукамі кіраўнік справамі Вольга Пракаповіч. — Як толькі памясцілі ў раённай газеце наш здымак, статыстыка пажараў па сельсавеце пагоршылася, нібы хто сурочыў.

— Ну і чым вы тады лепшыя за бабульку, якая баялася аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка? — спрабую перавесці размову на жарт.

А калі гаварыць сур'ёзна, то ў надзвычайнай сітуацыі чалавек здольны разгубіцца, паддацца паніцы, дапускаць памылкі адна за другой і тым самым страціць дарагі час. Калі ж нехта здолее сабрацца, зрабіць усё, як належыць, і тым самым выратаваць нечае жыццё, аб гэтым, лічу, трэба гаварыць як аб прыкладзе для іншых. Што датычыць статыстыкі, то яна — рэч непастаянная і абумоўленая многімі фактарамі. У Мокраўскім жа сельсавеце, як расказала Вольга Пракаповіч, яшчэ да наступлення ацяпляльнага сезону правялі абследаванне домаўладанняў, якія трапляюць пад асаблівую ўвагу. Найперш гэта адзінокія пажылыя людзі — іх 18 чалавек — і тыя, хто пражывае адзінока, такіх у сельсавеце 235. Дык вось да адной бабулькі заехалі, а ў яе няма апавяшчальніка на звычайным месцы, сталі пытацца, куды ён падзеўся. «А мае вы дзеткі, — кажа гаспадыня — ён мяне пужаць стаў: пішчыць і ноччу, і днём, дык я яго ў кош паклала і за хлеў вынесла — пішчы колькі хочаш». Аказалася, прыбор такім чынам сігналіў аб тым, што заканчваюцца батарэі сілкавання. Батарэйкі памянялі, апавяшчальнік вярнулі на месца. Цяпер супрацоўніцы сельсавета заўсёды бяруць з сабой у запас батарэйкі, калі ездзяць па вёсках.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Пружанскі раён

Загаловак у газеце: На варце пажарнай бяспекі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.