Вы тут

Вясковыя мужы гарадскіх жонак


У мінулую суботу каля брамы маёй вясковай хаты спыніўся аўтамабіль Audі, з якога выйшаў мужчына прыстойнага выгляду і стаў прыглядацца да маіх рознакаляровых астраў, якія прыгожа і дружна цвітуць ужо другі тыдзень. Убачыўшы праз акно дзіўнага госця, я выйшла насустрач, як і прынята ў вёсцы. Ён прывітаўся з шырокай усмешкай і спытаў, ці дома Надзя.


Пачуўшы ў адказ, што Надзі тут ніколі не было, чалавек выявіў лёгкае расчараванне: «А мне гаварылі, што Надзя жыве ў доме з астрамі, дык я падумаў, што тут». Я паспачувала яму, сказала, што адношуся да тых жыхароў, якіх тут называюць дачнікамі, таму людзей у ваколіцах ведаю дрэнна, на нашай вуліцы Надзі дакладна няма, параіла яму спытаць яшчэ ў каго-небудзь.

Выпадковы госць быў у добрым настроі, пахваліў мае астры і дом, папытаў, ці часта тут бываю, ды і паехаў далей. Суседка, якая са свайго акна назірала за нашым дыялогам, адразу з'явілася і не без ноткі зласлівасці сказала, што гэта новы жыхар суседняй вёскі. Маўляў, жыве адзін, без жонкі, якая, мабыць, выселіла з гарадской кватэры: «Бачыш, ужо нейкую Надзю шукае». Я заступілася за незнаёмага чалавека, які антыпатыі дакладна не выклікаў: ці мала якая справа можа быць у аднаго чалавека да другога? Можа, тая Надзя, напрыклад, дом прадае, а яго нехта папрасіў паглядзець, распытаць. Цяпер многія ў вёсках хаты набываюць.

Але суседка пачала развіваць тэму вясковых мужоў гарадскіх жонак. І з некаторымі яе «тэзісамі» цяжка было не пагадзіцца. Апошнім часам названых жыльцоў у сельскіх населеных пунктах пабольшала. Нават ведаю адну такую сям'ю. На першы погляд, дык звычайная сям'я. Анатоль, былы ваенны, выйшаў на пенсію, добрай работы знайсці ў горадзе не атрымалася, а чалавек яшчэ дастаткова малады, каб валяцца на канапе і выконваць ролю хатняй гаспадыні. Вось і вырашылі на сямейнай радзе, што ён будзе ўладкоўваць бацькоўскі дом, зоймецца агародам і сякой-такой падсобнай гаспадаркай. Так расказвала Валя, яго жонка. А яшчэ раней яна гаварыла, што не ўсё так гладка складвалася ў сям'і, пасля яго службы ў Афганістане перыядычна ўзнікалі праблемы з алкаголем. Кожны раз ён абяцаў «завязаць», а праз некаторы час усё паўтаралася. З-за гэтага здараліся сваркі, а то і працяглыя канфлікты. А цяпер, паводле слоў Валянціны, усё нібы стала на свае месцы. Яна прыязджае ў вёску на выхадныя з торбамі прадуктаў, адпачывае, дапамагае на агародзе. Часам і дзеці прыязджаюць. Ён заняты днямі, на сваёй сядзібе заўсёды работа знойдзецца, зноў жа гарадскіх сяброў-сабутэльнікаў побач няма. Такім чынам усе аказаліся задаволеныя.

У выпадку з Анатолем і Валянцінай гэта, згадзіцеся, не горшы варыянт. Але і тут у шэрагу вырашальных фактараў на карысць асобнага пражывання сужэнцаў з вялікім стажам прысутнічаў алкаголь. У іншых жа названая праблема даўно дарасла да маштабаў бяды, таму збыць сваіх палавінак у вёску для некаторых жанчын бачыцца адзіным выйсцем. І калі бацькоўскага дома паблізу няма, то жонкі нават купляюць жыллё, арганізоўваюць пераезд, каб нарэшце ў гарадской кватэры адчуць сябе нармальна. Не так даўно прамільгнула інфармацыя пра кур'ёзна-крымінальнае здарэнне ў адным з райцэнтраў нашага рэгіёна. Вось такі адстаўны муж папсаваў дарагі аўтамабіль сябра сваёй жонкі. У міліцэйскіх зводках фігуравала, што муж кабеты пражывае ў вёсцы, яна, адпаведна, жыве ў горадзе. Апошнім часам жанчына нярэдка карысталася машынай свайго прыяцеля. І пакрыўджаны муж, калі пазнаў тую машыну на прывакзальнай плошчы, не стрываў: цвіком падрапаў кузаў аўтамабіля, а на капоце, кажучы мовай пратакола, намаляваў карцінку непрыстойнага характару. Цяпер хулігану давядзецца адказваць па законе, яму пагражае да трох гадоў.

Нехта можа будзе злараднічаць: маўляў, не давай машыну чужой жонцы! Але ж чаму гэты гора-раўнівец жыў у вёсцы, а не ў сваёй гарадской кватэры, пакуль жонка ўладкоўвала сваё асабістае жыццё?

На гэтае пытанне крымінальная зводка адказу не дае, хоць ён амаль што ляжыць на паверхні. Лад жыцця нашага няўдачлівага героя, хутчэй за ўсё, прымусіў яго змяніць месца жыхарства. І такіх, на жаль, большасць у ліку цяперашніх вясковых мужоў гарадскіх сацыяльна актыўных жанчын.

Але ёсць і яшчэ адна катэгорыя новых вяскоўцаў. Гэта людзі, звычайна адукаваныя, інтэлігентныя, якія выйшлі на пенсію і не хочуць сядзець на паверсе склаўшы рукі. У вясковай рабоце, у пастаянным руху яны ўвасабляюць сваё натхненне, не растрачанае раней па прычыне офіснай працы. Нехта ўзводзіць мудрагелістыя пабудовы, іншыя захапляюцца ландшафтным дызайнам, трэція разводзяць сады і атрымліваюць сапраўднае задавальненне. Пра аднаго такога я нядаўна пісала: вярнуўся ў бацькоўскі дом на Пружаншчыне, стварае гісторыю свайго роду, займаецца пчоламі, будаўніцтвам, агародам. Жонка жыве ў сталіцы большую частку года, прыязджае толькі на адпачынак летам. І абое, здаецца, выглядаюць шчаслівымі. Відаць, з прычыны высокай ступені ўзаемнага даверу гарадскія кабеты не баяцца, што знойдзецца нейкая Надзя з астрамі, ружамі ці хрызантэмамі ў вёсцы. Ну а калі хто баіцца, то трэба ехаць разам і раздзяляць натхненне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.