Вы тут

На Смаленшчыне працуе Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія


Цяпер у Расіі дзейнічаюць больш за 80 грамадскіх арганізацый беларусаў. Нядаўна Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія з'явілася на Смаленшчыне. Першым мерапрыемствам зямляцтва стала правядзенне ў ліпені патрыятычнага аўтапрабегу па маршрутах першых баёў Вялікай Айчыннай вайны. Асноўныя яго пункты — Смаленск, Орша, Мінск, Глыбокае, Полацк, Віцебск, Рудня. Такім чынам, старт атрымаўся ўдалым. Каб больш даведацца пра цікавых людзей і іх справы, мы звярнуліся да старшыні Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі на Смаленшчыне Сяргея Крыўко.


— Сяргей Расціслававіч, навошта спатрэбілася ствараць такую суполку?

— Тут, пэўна, варта ўспомніць той час, калі я працаваў у адміністрацыі вобласці. У нас уздымаліся пытанні ўзаемадзеяння з нашымі суседзямі, у цэлым з Рэспублікай Беларусь, з Віцебскай, Магілёўскай абласцямі. Ужо тады абмяркоўвалі тое, каб такія кантакты былі не толькі паміж адміністрацыямі і арганізацыямі Смаленшчыны і прыгранічнымі рэгіёнамі Беларусі, але і на грамадскім узроўні. Напрыклад, два рэгіёны — Смаленшчына і Віцебшчына — знітаваны паміж сабой вельмі шчыльна.

Падчас сустрэч з прадстаўнікамі розных арганізацый мы заўсёды абмяркоўвалі магчымасці зрабіць такую арганізацыю, якая дапамагала б беларусам у нас у рэгіёне, ну і адпаведна смалянам у Беларусі. І гэта не проста цікавасць. Бо, нягледзячы на тое, што мы дзве брацкія краіны, у нас розныя законы, якія неабходна выконваць, перасякаючы мяжу. Многія з жыхароў Беларусі, хто хацеў бы паехаць да родных і блізкіх (напрыклад, у Смаленскую вобласць), часцяком аказваюцца перад складаным выбарам. Яны не маюць дастатковай інфармацыі, як правільна паводзіць сябе на тэрыторыі іншай дзяржавы, якія правілы існуюць. Просты прыклад — грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які знаходзіцца ў Смаленскай вобласці, спатрэбілася медыцынская дапамога. Якім чынам ён зможа, акрамя выкліку хуткай дапамогі, яе атрымаць? Або здарыцца сітуацыя, якая патрабуе ўмяшання паліцыі, тут таксама трэба разумець, куды звяртацца.

Многія беларусы навучаюцца ў расійскіх ВНУ. Я ў свой час, калі кіраваў адной з вышэйшых навучальных устаноў горада Смаленска, сутыкнуўся з такой сітуацыяй. У гэтай ВНУ вучылася прыкладна паўтары тысячы студэнтаў з Рэспублікі Беларусь, мне даводзілася вырашаць, акрамя навучальных, пытанні, якія тычацца побыту, агульначалавечых адносін, і ўжо тады было зразумела, што нельга гэтыя адносіны і знаходжанне на тэрыторыі іншай дзяржавы замыкаць толькі ў рамкі заканадаўства. Нам даводзілася дапамагаць студэнтам адаптавацца ў Смаленску.

У 2013 годзе ўжо на вопыце ўсіх падзей, з якімі я сутыкаўся ў свой час пры выстройванні ўзаемаадносін з беларускімі гасцямі, паўстала ідэя, якая ў далейшым удала ўвасобілася ў жыццё падчас стварэння арганізацыі «Землякі». Яна ставіла сабе мэтай дапамагаць узаемадзейнічаць паміж сабой нашым суседзям-беларусам і смалянам, якія хацелі выязджаць у Расію і Беларусь. Разумеючы, што нельга ахапіць неабсяжнае, у першую чаргу ў гэты перыяд дапамога тычылася толькі тых студэнтаў, якія навучаюцца ў ВНУ, якую я ўзначальваў. Але многія беларускія студэнты, прыязджаючы ў Смаленск, даведаўшыся пра гэта і нават не паступаючы да нас у навучальную ўстанову, прыходзілі ў нашы студэнцкія арганізацыі, у рэктарат, з пытаннямі, якія часам не мелі да навучальнага працэсу ніякага дачынення.

Са стварэннем грамадскай арганізацыі «Землякі» ў нас адразу ж наладзіўся цесны сяброўскі кантакт з беларусамі. Сёння нашы выпускнікі і іншыя жыхары суседняй краіны, якія жывуць доўгія гады на Смаленшчыне, дапамагаюць нам у вырашэнні бытавых пытанняў, якія паўстаюць перад жыхарамі Расіі і Беларусі. Назва «Землякі» аказалася дастаткова ўніверсальнай, да нас сталі звяртацца сябры і госці Смаленшчыны, якія жылі ў іншых краінах, напрыклад у Казахстане, Украіне, Кыргызстане.

Паўстала пытанне наконт таго, каб з усяго патоку зваротаў вылучыць менавіта беларускі складнік. Па заканадаўстве Расійскай Федэрацыі такую дзейнасць павінны выконваць арганізацыі, якія ўяўляюць сабой нацыянальна-культурныя аўтаноміі. Сабраўшыся ў маі гэтага года на ўстаноўчы сход, мы вырашылі стварыць у Смаленску «Беларускую нацыянальна-культурную аўтаномію». Цяпер яна зарэгістраваная ў органах юстыцыі, намечаны план мерапрыемстваў. На першым этапе мы вырашылі ўзаемадзейнічаць не толькі з тымі людзьмі і арганізацыямі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Смаленскай вобласці, але і з партнёрамі ў Беларусі, асабліва ў Віцебскай вобласці, таму што гэта тэрытарыяльна самыя блізкія нашы суседзі.

На сваіх першых пасяджэннях распрацавалі крокі, каб стварэнне нашай аўтаноміі сталася сапраўды карысным. Была прапанавана і выпрацавана ідэя з рабочай назвай — «карта беларускага госця». У ёй мы хацелі б апублікаваць інфармацыю, цікавую і карысную жыхарам Рэспублікі Беларусь, якія прыбываюць на тэрыторыю Смаленшчыны і Расійскай Федэрацыі. Гэта будзе своеасаблівы даведнік з патрэбнымі тэлефонамі і адрасамі, напрыклад, гасцініц, экстранных службаў, бальніц, паліклінік, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і іншай інфармацыяй. «Карту» мы плануем распаўсюдзіць з дапамогай мясцовых уладаў, грамадскіх арганізацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Цяпер гэты механізм прапрацоўваецца.

З беларускімі сябрамі ўжо правялі першыя перамовы, у прыватнасці з кіраўніцтвам грамадскага аб'яднання «Белая Русь» намецілі першыя сумесныя дзеянні. Мы былі на прыёме ў старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева, з якім абмеркавалі нашы прапановы і іх падтрымку ў плане агульных мерапрыемстваў, якія могуць рэальна дапамагчы развіццю сяброўства паміж двума братэрскімі народамі.

Так супала, што першыя дні стварэння нашай арганізацыі прыйшліся на трагічную дату пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і ў сувязі з гэтым мы правялі першы аўтапрабег з сімвалічнай назвай «Дарогі 1941 года». Наведалі памятныя мясціны на тэрыторыі Смаленшчыны, Мінскай і Віцебскай абласцей, звязаныя з першымі месяцамі вайны, сустрэліся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікамі раённых адміністрацый, усклалі кветкі да помнікаў і абеліскаў.

— Перш за ўсё мяркуеце ўзаемадзейнічаць з Віцебшчынай?

— У нас не стаіць задача адразу ўстанавіць кантакты з усімі рэгіёнамі Беларусі. Віцебская вобласць ужо традыцыйна наша даўняя і самая блізкая суседка. Да таго ж атрымалася так, што каля вытокаў стварэння нашай аўтаноміі стаялі ўраджэнцы менавіта Прыдзвінскага краю. Таму, прапаноўваючы сумесныя мерапрыемствы, мы арыентаваліся, перш за ўсё, на гэты рэгіён, бо дзякуючы сувязям мы можам атрымаць неабходную дапамогу ад розных структур Віцебскай вобласці. Хоць у нас шмат планаў і па Магілёўскай вобласці, і па іншых рэгіёнах брацкай Беларусі, я думаю, што на працягу года-двух мы ўстановім сувязі з усімі абласцямі.

— У Смаленску ёсць аддзяленне Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расіі. Наколькі наладжана супрацоўніцтва з гэтай структурай?

— З першага дня рэалізацыі ідэі стварэння Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі мы ўзаемадзейнічалі з аддзяленнем Пасольства, нам не хацелася вынаходзіць ровар. Прапрацоўваючы пытанне стварэння нашай аўтаноміі, звязваліся з шэрагам тэрыторый Расійскай Федэрацыі, і аказалася, што такія зямляцтвы ёсць у Пскове, Цверы, Бранску, яны існуюць яшчэ ў 50 суб'ектах краіны, усе маюць цесныя кантакты з аддзяленнямі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. У Смаленску, сустракаючыся з беларускім дыпламатам Чэславам Шульгой, мы даведаліся, якія мерапрыемствы праводзяцца па гэтай лініі. З боку аддзялення Пасольства нам была аказана дапамога ў пошуку патрэбных кантактаў у розных рэгіёнах брацкай краіны.

— Бізнес-колы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускай аўтаноміяй у Смаленску?

— Зразумела, што ў стварэнні нашай арганізацыі бізнес і прадпрымальнікі надзвычай зацікаўленыя. Калі я працаваў рэктарам, у нашай ВНУ навучаліся прадстаўнікі дзелавых колаў Беларусі, ведаю, што яны сутыкаліся ў Расіі з пэўнымі праблемамі і пытаннямі. Падчас дыялогу з імі мы мелі магчымасць разам высветліць рэальную сітуацыю ў нашай эканоміцы. Усе ўдзельнікі так званых малочных, газавых і іншых «войнаў» шукалі і знаходзілі выйсце для вырашэння існуючых праблем. І зараз, калі сустракаемся з беларускімі бізнесменамі, прадстаўнікамі грамадскасці і органамі ўлады, адчуваецца, што ўсе бакі разумеюць: стварэнне аўтаноміі ў нашым рэгіёне дапаможа наладзіць узаемаразуменне для рэальнага развіцця.

— На Смаленшчыне ўжо дзейнічае асацыяцыя «Нацыянальны кангрэс Смаленскай вобласці», ці будзеце Вы з ёй узаемадзейнічаць?

— Абавязкова. Калі ў нашай назве гучыць слова «аўтаномія», то гэта зусім не азначае, што мы аддзеленыя або збіраемся гэта зрабіць, наадварот, мы адкрытыя для зносін, для правядзення сумесных мерапрыемстваў. Я ўжо сустракаўся з кіраўніком кангрэса Фаікам Аліевым і знайшоў з ім поўнае паразуменне. У бліжэйшы час мы падрыхтуем дакументы да ўступлення ў «Нацыянальны кангрэс Смаленскай вобласці» і ўпэўнены, што наша беларускае звяно ўпрыгожыць гэтую арганізацыю.

Я перакананы, што ў першую чаргу прадстаўнікам двух нашых брацкіх народаў не хапае жывых, чалавечых зносін, не хапае інфармацыі пра тое, чым жывуць суседнія рэгіёны. Простым людзям Смаленшчыны, Віцебшчыны або іншых рэгіёнаў Беларусі цікава даведацца і аб тым, чым жыве беларуская і расійская глыбінка, якія там адбываюцца падзеі, бо для многіх з нас гэта яшчэ і бацькаўшчына. Мы з задавальненнем прымем удзел не толькі ў буйных мерапрыемствах, але і ў святах, якія праходзяць у раёнах, у вёсках. Традыцыі і звычаі двух братэрскіх народаў падобныя, але разам з тым маюць свае каларытныя адметнасці, пра якія надзвычай цікава і важна даведацца.

Уладзімір ІВАШЧАНКА

Загаловак у газеце: Землякі аб'ядналіся

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».