Вы тут

Дзевяцігадовы Алёша Іваноў прадухіліў пажар у пяціпавярховіку


Дзевяцігадовы Алёша Іваноў прадухіліў пажар у бабруйскім пяціпавярховіку па вуліцы Энергетыкаў.


У мінулую суботу разам з сябрамі ён гуляў у двары свайго дома, і раптам дзеці ўбачылі, што з вокнаў і расчыненых балконных дзвярэй кватэры на першым паверсе валіць дым. «А раптам там бездапаможныя людзі?» — выказаў нехта думку ўслых. І — панеслася. Дзеці хутка пачалі біць трывогу, званіць у дзверы. Безвынікова. Тады яны папрасілі дарослага суседа паведаміць ратавальнікам пра пажар, а самі арганізавалі аперацыю па выяўленні патэнцыйных ахвяр. Нехта прынёс крэсла і трэцякласнік Алёша Іваноў смела пералез цераз парэнчы балкона. Хутка ён вярнуўся, каб паведаміць усім, што людзей у кватэры няма. А ачаг узгарання ён выявіў на кухні. Гаспадар перад тым, як сысці з кватэры, паставіў падаграваць ежу. Хлопчык выключыў пліту і вярнуўся да сяброў.

— Алёша дзейнічаў як сапраўдны прафесіянал, — не скрываў свайго захаплення ўчынкам трэцякласніка спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Бабруйскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Будко. — Дзіця зусім, а павёў сябе, як дарослы. Выключыў газ, перамяшчаўся па кватэры, прыгнуўшыся да падлогі. Наогул дзеці — малайцы, хутка сарыентаваліся, як дзейнічаць. Адчуваецца, што навучанне асновам паводзінаў у экстрэмальных сітуацыях у школе наладжана на высокім узроўні.

Дарэчы, Алёша Іваноў — вучань бабруйскай сярэдняй школы №10. Гэтая школа яшчэ знакамітая тым, што некалькі гадоў запар яе вучні адстойвалі гонар Магілёўскай вобласці па пажарнай бяспецы на рэспубліканскім узроўні.

Што датычыцца віноўніка перапалоху, які кінуў уключаным газ і пайшоў з дому, то яго хутка знайшлі. Ён быў п'яны да такой ступені, што заснуў каля аднаго з пад'ездаў свайго ж дома.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ратавальнік з трэцяга класа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?